Польская газэта «Wyborcza» уключыла беларускіх палітвязьняў Марыю Калесьнікаву і Анджэя Пачобута ў сьпіс «Герояў і цёмных пэрсанажаў 2022 году», заўважыў reform.by.
Выданьне адзначае, што ў сьпіс увайшлі «фігуры і сымбалі, якія зрабілі 2022 трагічным, асаблівым, дрэнным, займальным... Некаторыя зьмянілі гэты сьвет да горшага, іншыя — да лепшага».
«Чырвоная памада, шырокая ўсьмешка і бляск у вачах. Такой запомнілі Марыю Калесьнікаву зь Менску», — пішуць складальнікі рэйтынгу. «Адна зь лідэраў беларускай апазыцыі кожны дзень даказвае сьвету, што сярод нас ёсьць людзі, якіх не зламаць ніякім дыктатарам».
Пра Анджэя Пачобута выданьне піша так: «Наш журналіст, апазыцыянэр, які змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Ён знаходзіцца ў турме ўжо амаль два гады, і, нягледзячы на патрабаваньні сьвету аб яго вызваленьні пабрацім Пуціна Аляксандар Лукашэнка застаецца сьляпым і глухім».
Горадзенскі журналіст, адзін зь лідэраў не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут знаходзіцца за кратамі з 25 сакавіка 2021 году. Яму прад’явілі абвінавачаньні па 2 артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 361 (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь) і арт. 130 (Распальваньне варожасці ці варажнечы). Суд над журналістам мусіць пачацца 9 студзеня ў Гарадзенскім абласным судзе.
Марыя Калесьнікава за кратамі і з 7 верасьня 2020 году. У верасьні 2021-га яе асудзілі на 11 гадоў калёніі. Яна адбывае пакараньне ў ПК-4 Гомля. У канцы лістапада Калесьнікаву экстрана шпіталізавалі і праапэрыравалі. Адвакат Калесьнікавай высьветліў, што яе даставілі ў бальніцу з хірургічнай паталёгіяй (прабадная язва).
Акрамя гэтага, польскае выданьне ўключыла ў сьпіс плот на мяжы зь Беларусьсю.
«Плот даўжынёй 187 км абараняе нашу цудоўную краіну ад захопнікаў — жанчын зь дзецьмі, ахвяраў ваенных дзеяньняў і бедных людзей з Усходу. Гэта плот, які адпавядае магчымасьцям PiS [партыя „Права і справядлівасьць“]», — заяўляюць у газэце.