Пра адкрыцьцё новага ўчастка электроннай загароды на мяжы з Беларусьсю паведаміла Памежная служба Польшчы ў Twitter.
«Сёньня пачаў працаваць чарговы ўчастак электроннай загароды на мяжы зь Беларусьсю.
- Даўжыня: 17,6 км.
- Тэрыторыя: памежныя заставы ў Новым Двары і Ліпску.
- У цяперашні час працягласьць электроннай загароды складае 72 км.
- Да канца 2022 года будуць гатовыя яшчэ 2 участкі агароджы працягласьцю 17,2 км і 18,1 км», — гаворыцца ў паведамленьні.
Будаўніцтва электроннай загароды на мяжы зь Беларусьсю пачалося ў чэрвені 2022 года. На польска-беларускай мяжы плянуецца ўсталяваць 11 кантэйнераў, у якія будуць інтэграваныя электронныя сыстэмы кантролю, у тым ліку камэры начнога бачаньня, цеплавізары, дзясяткі кілямэтраў кабэляў. За функцыянаваньнем электроннай загароды сочыць Цэнтар назіраньня ў Беластоку.
У студзені 2022 года Польшча пачала будаваць плот на мяжы зь Беларуссю. Гэта сталёвая агароджа даўжынёй 186 км і вышынёй 5,5 мэтра з калючым дротам. У пачатку кастрычніка Польшча абвясьціла аб завяршэньні будаўніцтва агароджы.