Ціск на Дзяніса Івашына
Жонка палітзьняволенага журналіста Дзяніса Івашына расказала аб правакацыях супраць яе мужа. Паводле яе, у ход ідуць як фізычныя, так і інфармацыйныя мэтады ціску.
Адзін з колішніх вязьняў горадзенскай турмы, мастак і рок-музыка Павал Бялянаў, які цяпер на волі, пацьвердзіў спробы правакацый у дачыненьні Дзяніса Івашына з боку супрацоўнікаў турмы, напісала Вольга Івашына.
«Магчыма, няўдалую фізычную правакацыю вырашылі замяніць інфармацыйнай. Магчыма, яны проста ня ведаюць, што, адрозна ад злачынцаў і правакатараў, нам няма чаго хаваць. Павал Бялянаў расказаў, што быў за дзьве камэры ад Дзяніса, які, у сваю чаргу, пэўны час сядзеў з Валерыем Троцкім — яго таксама абвінавачваюць у „дзяржздрадзе“ ды яшчэ нечым. Відавочна, чэкісты па сваіх старых мэтадычках спадзяваліся, што хлопцы пачнуць абмяркоўваць „справы“ і выдадуць нейкую інфармацыю».
Вольга Івашына падкрэсьліла, што фіксуе ня толькі непасрэдныя зьдзекі і катаваньні ў дачыненьні мужа, а нават такія спробы. З падачы Паўла Бялянава сям’я атрымала інфармацыю, што неаднаразова Дзяніса спрабавалі скампрамэтаваць, пераводзячы ў камэру зь людзьмі, у якіх за кратамі нізкі сацыяльны статус. Аднак, працягвае яна, яе муж даволі хутка адаптуецца да вонкавых умоў, вывучае ўнутраныя правілы і традыцыі, а таму зрабіў тое, што робяць вязьні ў падобных умовах: запатрабаваў ад ахоўнікаў перавесьці яго ў іншую камэру, бо інакш фізычна нашкодзіць сабе, парэзаўшы вены.
21 сьнежня падчас спатканьня з маці гэта пацьвердзіў сам Дзяніс, нагадаўшы, што падобным чынам мусілі «вырашаць праблему» палітвязьні Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Ігар Банцар ды іншыя. У выніку турэмнікі прапанавалі журналісту «альтэрнатыву» — карцар. Дзе той і адбыў у «маразільніку» 10 сутак.
Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і затым абвінавацілі паводле арт. 365 (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). 14 верасьня 2022 Горадзенскі абласны суд вынес вырак: 13 год і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 4800 рублёў. Івашын таксама мусіць выплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым — па 2000 рублёў кожнаму. Хто гэтыя пацярпелыя, невядома, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Разам са штрафам гэта 22 800 беларускіх рублёў, або звыш 9000 даляраў. Судзьдзя — Валер Раманоўскі.
20 сьнежня Вярхоўны суд пакінуў вырак бязь зьменаў, адхіліўшы апэляцыю журналіста.
Дзяніс Івашын вядомы сваімі расьсьледаваньнямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь, пра скандальную забудову ў Курапатах і пра пераход былых украінскіх «беркутаўцаў» у сілавыя структуры Беларусі. Таксама Івашын валянтэрыў як рэдактар сайта міжнароднай расьсьледніцкай супольнасьці InformNapalm, працаваў пазаштатным карэспандэнтам газэты «Новы час».
Статкевіча зноў адправілі ў ШЫЗА
Пра чарговае спагнаньне, якое адміністрацыя калёніі наклала на палітыка Міколу Статкевіча, стала вядома ад ягонай жонкі. Марына Адамовіч адзначыла, што гэта ня менш як 21-е спагнаньне зь ліпеня.
«Да хваробы палову часу Мікалай правёў у ШЫЗА. Ня скардзіцца. Іранізуе: «Наступны ліст (як мінімум) прапушчу з-за ШЫЗА. Ну крыху палянуюся пэўны час. А то кінуўся трэніравацца», — цытуе жонка палітвязьня ліст ад 19 сьнежня.
Таксама Статкевіч піша і пра надзённае:
«Трывожыць рост актыўнасьці галоўнага саюзьніка адносна нас. Калі памятаеш, падчас спатканьня ў Гомелі я казаў табе, што каля Новага году яму трэба будзе вызначыцца з уласным палітычным лёсам. Бо ў сакавіку прыйдзецца агалошваць гэта. Таму рызыкі для нас узрасьлі».
Нядаўна Мікола Статкевіч перахварэў у турме на «правабаковае запаленьне лёгкіх», паводле дыягназу мясцовых мэдыкаў.
30 траўня 2020 году Мікалая Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай ля Камароўскага рынку. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалі яшчэ 15. У канцы чэрвеня Статкевіча перавялі ў СІЗА і выставілі абвінавачаньні паводле крымінальнага артыкулу 342 («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку»), потым дадалі 293-ы артыкул («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
14 сьнежня 2021 году судзьдзя Мікалай Доля асудзіў Статкевіча на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі асаблівага рэжыму.
Сацук напісаў апэляцыю на 85 старонках
Аляксандр Сацук, брат палітвязьея Сяргея Сацука, расказаў «Народнай волі» пра апошнія навіны ад асуджанага журналіста.
Сяргея Сацука ўжо этапавалі ў магілёўскую турму № 4, хоць апэляцыйнай скаргі не разгледзелі.
«Сяргей закончыў пісаць дапаўненьне да апэляцыйнай скаргі, — кажа Аляксандар Сацук. — Яго адвакат напісаў апэляцыю на некалькі старонак, але Сяргей вырашыў яе самастойна дапоўніць.
Сяргей праслухаў аўдыёзапіс судовых пасяджэньняў (спэцыяльна замовіў гэтыя запісы для падрыхтоўкі апэляцыйнай скаргі), таму ў апэляцыі ўказаў і на скажэньне судом паказаньняў сьведак, і на іншыя паказаньні, якія праігнаравалі.
У выніку брат напісаў спачатку на 71 старонку дапаўненьні да апэляцыйнай скаргі адваката, а затым яшчэ дадаў некаторыя факты і атрымалася 85 старонак».