Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд пакінуў бязь зьменаў вырак журналісту Дзянісу Івашыну


Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

Горадзенскі абласны суд раней прысудзіў яму 13 гадоў і 1 месяц калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Вярхоўны суд 20 сьнежня разгледзеў апэляцыйную скаргу палітзьняволенага журналіста Дзяніса Івашына. Як паведамляе «Вясна», прысуд пакінулі бязь зьменаў, а скаргу без задавальненьня. Неўзабаве Івашына перавядуць у калёнію.

14 верасьня Горадзенскі абласны суд вынес вырак у справе горадзенскага журналіста Дзяніса Івашына: 13 год і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 150 базавых (4800 рублёў).

Івашын таксама мусіць выплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым — па 2000 рублёў кожнаму. Хто гэтыя пацярпелыя, невядома, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Разам са штрафам гэта 22 800 беларускіх рублёў, або звыш 9000 даляраў.

Суд над палітвязьнем цягнуўся амаль месяц у Горадзенскім абласным судзе, судзьдзя Валер Раманоўскі вёў працэс у закрытым рэжыме, бо там «разглядалі дзяржаўныя тайны».

Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і затым абвінавацілі паводле арт. 365 (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). Журналісту пагражала да 15 гадоў калёніі.

«Блізка я яго ня бачыла — здалёк. Выглядаў акуратным, паголеным, нават мне не здалося, што ён схуднеў. На маё зьдзіўленьне, прыкметных зьменаў я ня ўбачыла. Трымаецца спакойна, упэўнена, годна», — так сказала пра сваю сустрэчу з сынам у калідоры суду маці палітвязьня Людміла Івашына.

Чым вядомы Дзяніс Івашын

Дзяніс Івашын вядомы сваімі расьсьледаваньнямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь, пра скандальную забудову ў Курапатах і пра пераход былых украінскіх «беркутаўцаў» у сілавыя структуры Беларусі.

Таксама Івашын валянтэрыў як рэдактар сайта міжнароднай расьсьледніцкай супольнасьці InformNapalm, працаваў пазаштатным карэспандэнтам газэты «Новы час».

За кратамі Дзяніс карыстаецца аўтарытэтам як у тых, хто знаходзіцца там паводле палітычных артыкулаў, так і ў крымінальнікаў. Івашын сутыкнуўся зь ціскам адміністрацыі турмы, у тым ліку і з прычыны катэгарычнай адмовы пісаць прашэньне аб памілаваньні.

«З шчырай і моцнаю вераю йдзем наперад і рушым упэўненым крокам у будучыню. Насуперак панадпрыродным выклікам, пагрозам, моцнаму штармавому ветру — крочым непахісна, упарта й рашуча. Не адхіляемся ад шляху праўды, ісьціны, ахвярнае Веры», — напісаў Дзяніс у адным зь лістоў да жонкі Вольгі.

Адрас для лістоў: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Дзянісу Яўгенавічу Івашыну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG