Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы калісьці гэта мелі». Лукашэнка хоча ад спартоўцаў 20-30 мэдалёў на Алімпіядзе. Насамрэч столькі беларусы ніколі не заваёўвалі

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

У Палацы Незалежнасьці спартовыя чыноўнікі адсправаздачыліся перад Лукашэнкам за тое, як разьвіваюць спорт насуперак санкцыям, уведзеным супраць Беларусі за палітычныя рэпрэсіі і суўдзел у вайне Расеі супраць Украіны.

15 сьнежня Лукашэнку зачыталі пашыраны даклад «Аб асобных пытаньнях разьвіцьця спорту ва ўмовах санкцый». Удзельнікі дакладу — міністар спорту Сяргей Кавальчук, прэзыдэнт НАК Віктар Лукашэнка і профільныя віцэ-прэм’ер і намесьнік старшыні Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Луцкі.

На сустрэчы абмеркавалі ў тым ліку праект Указу «Аб мерах па стымуляваньні дасягненьня высокіх спартовых вынікаў».

«Падчас гэтай нарады я жадаў бы ад вас пачуць, чаго вам бракуе, якіх спартовых пляцовак, збудаваньняў і іншага, каб на Алімпіядзе заваёўваць 20-30 мэдалёў. Мы калісьці гэта мелі. Калі не было ўвогуле ніякіх спартовых збудаваньняў, можна сказаць», — сказаў Лукашэнка-старэйшы.

Насамрэч Беларусь як на летніх, так і зімовых Алімпіядах ніколі нават не набліжалася да заваяваньня 20-30 мэдалёў. Самым высокім паказчыкам была лічба ў 17 узнагарод, столькі беларусы заваявалі ў 2000-м годзе ў аўстралійскім Сіднэі.

На іншых летніх Алімпіядах:

  • 1996. Атланта — 15 мэдалёў;
  • 2004. Атэны — 13;
  • 2008. Пэкін — 14;
  • 2012. Лёндан — 10;
  • 2016. Рыа-дэ-Жанэйра — 9;
  • 2020. Токіё — 7

На зімовых Гульнях найбольшую колькасьць мэдалёў зборная Беларусі заваявала ў 2014-м годзе ў расейскім Сочы — 6. На іншых Алімпіядах колькасьць здабытых узнагарод вагалася ад 1 да 3. Усе апошнія Гульні колькасць мэдалёў як узімку, так і ўлетку, няўхільна зьніжаецца.

Таксама Лукашэнка выказаўся пра заробкі спартоўцаў. Паводле выказваньня Лукашэнкі, людзі могуць яму «галаву зьняць», спытаўшы «за што ты плаціш спартоўцам грошы?»

Ён абурыўся тым, што ў гульнявых відах спорту беларускія атлеты нярэдка «ходзяць пешшу па пляцоўцы, і нават кульгаюць там». Падтрыманае ўладамі летась менскае «Дынама», нягледзячы на фінансавыя ўкладаньні, нават не ўвайшло ў тройку найлепшых у футбольным чэмпіянаце.

Пры гэтым сына Віктара, якога ён паставіў кіраваць Нацыянальным алімпійскім камітэтам, у відэа прамовы паказалі толькі на пару сэкундаў са сьпіны. Іншыя чыноўнікі слухалі, апусьціўшы вочы долу.

Сказаў Аляксандар Лукашэнка і пра санкцыі, і пра адсутнасьць вынікаў, якая чамусьці прапарцыйная выдаткаваным грошам.

«А вы кажаце мне пра санкцыі. Дык калі цябе ціснуць, я ў спорце дык гэта разумею, то аддача яшчэ магутнейшая будзе. Калі людзі бачаць, што несправядліва іх караюць, яны імкнуцца і паказваюць яшчэ большыя вынікі. У нас гэта ёсьць? Гэтага няма. Гэта значыць там, дзе мы надаем больш увагі, таму віду спорту, там у вас горшыя вынікі. Як так?»

Выступы беларусаў на Алімпіядзе ў Парыжы пад пытаньнем

Варта адзначыць, што хоць частка сустрэчы была прысьвечаная Алімпійскім гульням, удзел беларускіх спартоўцаў у Алімпіядзе-2024 у Парыжы пад вялікім пытаньнем. Міжнародны алімпійскі камітэт на гэты момант выступае супраць удзелу беларусаў і расейцаў. НАК Злучаных Штатаў на мінулым тыдні заявіў, што ня будзе супраць удзелу дзьвюх краін, але толькі ў выпадку выступленьня пад нэўтральным сьцягам і бязь гімнаў.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG