У чацьвер 4 сьнежня Міністэрства фінансаў ЗША падоўжыла дазвол на працяг працы заправак пад брэндам «Лукойл» за межамі Расеі, прыпыніўшы некаторыя санкцыі супраць расейскага энэргетычнага гіганта.
Гэты крок фактычна дазваляе запраўкам пад брэндам «Лукойл» у такіх краінах, як ЗША, надалей абслугоўваць кліентаў, адначасова перадухіляючы вяртаньне грошай у Расею, якая знаходзіцца пад шырокімі санкцыямі ЗША і ЭЗ з моманту ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 года, піша AFP.
Міністэрства фінансаў ЗША заявіла, што падоўжыла дазвол, каб «зьменшыць шкоду для спажыўцоў і пастаўнікоў, якія імкнуцца ўступаць у звычайныя ўгоды» з раздробнымі запраўкамі, у якіх маюць долю структуры «Лукойлу».
Гэтае рашэньне часткова прыпыняе захады, прынятыя ў кастрычніку прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.
Рэдкай спробай Трампа аказаць ціск на Маскву быў увод санкцыяў супраць расейскіх нафтавых гігантаў «Лукойл» і «Ронефть», якія ўступілі ў сілу 21 лістапада.
Гэтыя крокі — самыя моцныя з тых, што Трамп увёў супраць Расеі за вайну ва Ўкраіне — прывялі да таго, што буйныя пакупнікі расейскай нафты імкнуліся знайсьці альтэрнатыўных пастаўнікоў, піша AFP.
Аб зьмякчэньні захадаў супраць «Лукойлу» было абвешчана на тым жа тыдні, калі перамоўнікі Белага дому сустрэліся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у Маскве, каб абмяркоўваць пагадненьне аб спыненьні вайны ва Ўкраіне.
Кіраўніца дыпляматыі ЭЗ у мінулым месяцы заявіла, што Расея імкнецца выкарыстаць прапановы ЗША аб спыненьні вайны ва Ўкраіне, каб зацягнуць санкцыі.
Расейскія нафтаздабыўныя кампаніі «Лукойл» і «Роснефть», а таксама іх 34 даччыныя структуры трапілі пад санкцыі ЗША і Вялікай Брытаніі ў кастрычніку сёлета падчас вайны Расеі супраць Украіны.
«Лукойл», як адзначае Reuters, мае каля дзьвюх тысяч АЗС у Эўропе, Цэнтральнай Азіі, на Блізкім Усходзе і ў краінах Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі. «Лукойл» мае каля 200 АЗС у Нью-Джэрзі, Пэнсыльваніі і штаце Нью-Ёрк у ЗША, таксама ён кіруе каля 600 АЗС у Турэччыне і больш чым 300 у Румыніі, а ў раздробным гандлі палівам Малдовы і Баўгарыі «Лукойл» адзін з галоўных гульцоў.
У Беларусі таксама дзейнічае сетка заправак «Лукойлу».
Форум