Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы ня лічаць устойлівай тэндэнцыю да зьніжэньня міграцыйнага ціску зь Беларусі. Буфэрную зону захоўваюць


Памежны пераход Баброўнікі на мяжы з Польшчай. Ілюстрацыйнае фота
Памежны пераход Баброўнікі на мяжы з Польшчай. Ілюстрацыйнае фота

Улады Польшчы прадоўжылі дзеяньне буфэрнай зоны на польска-беларускай мяжы яшчэ на тры месяцы — з 5 сьнежня 2025 году да 5 сакавіка 2026 году.

Як паведаміў «Позірк», такую пастанову падпісаў міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервінскі.

Такое рашэньне патлумачылі «міграцыйным ціскам з боку Беларусі». Буфэрная зона служыць для абароны дзяржаўнай мяжы і барацьбы з кантрабандыстамі, якія на польскім баку забіраюць людзей, якія спрабуюць незаконна перасекчы мяжу.

«Мы з задавальненьнем назіраем зьніжэньне міграцыйнага ціску, але на гэтым этапе ня лічым гэта ўстойлівым працэсам, і таму будзем выкарыстоўваць усе захады, якія дазволілі б нам спыніць незаконную міграцыю па гэтым маршруце», — заявіў намесьнік міністра Чэслаў Мрочак.

Забарона на знаходжаньне ў буфэрнай зоне дзейнічае з 13 чэрвеня 2024 году і прадаўжаецца кожныя 90 дзён.

Лістапад стаў першым у 2025 годзе месяцам, калі лідэрства па колькасьці прадухіленых спробаў парушэньня мяжы зь беларускай тэрыторыі перайшло ад Польшчы (400) да Латвіі (661).

За 11 месяцаў 2025 году Польшча спыніла 28 835 спроб мігрантаў незаконна трапіць у краіну з боку Беларусі, што на 3,8% менш, чым за аналягічны леташні пэрыяд (29 972).

Пры гэтым апоўначы 17 лістапада паводле варшаўскага часу (а 2 гадзіне па менскім) аднавілі працу закрытыя раней Варшавай пункты пропуску Кузьніца Беластоцкая (Брузгі) і Баброўнікі (Бераставіца) на польска-беларускай мяжы.

Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЭЗ доўжыцца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Эўразьвяз празь Беларусь, таму што іх туды нібыта паклікалі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG