Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне адрэагавалі на раптоўную праверку баявой гатоўнасьці ў Беларусі

абноўлена

Праверка баявой гатоўнасьці беларускага войска. 13 сьнежня 2022 г.
Праверка баявой гатоўнасьці беларускага войска. 13 сьнежня 2022 г.

«Варта не панікаваць. Для нас гэта нічога не мяняе».

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў гэтак адрэагаваў на раптоўную праверку баяздольнасьці войска ў Беларусі.

«Беларусь акупаваная Расейскай Фэдэрацыяй, але той чалавек, які сёньня знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі (Аляксандр Лукашэнка — РС), робіць усё магчымае і немагчымае, каб не ўцягнуць беларусаў у вайну супраць нашага народа. Яны ведаюць, чым гэта для іх можа скончыцца... У іх сёньня былі вучэньні. Мы ведалі, што яны будуць. Для нас гэта не нешта раптоўнае. Мы гатовыя да любога разьвіцьця падзеяў, калі Расейская Фэдэрацыя разам зь Беларусьсю будуць чыніць пэўныя акты агрэсіі. Мы разумеем, што адбываецца з нашага боку, мы рыхтуемся», — сказаў ён у эфіры ўкраінскага нацыянальнага тэлемаратону.

Данілаў адзначыў, што падрыхтоўка Ўкраіны да магчымай агрэсіі з поўначы пачалася «даволі даўно», у прыватнасьці, неаднаразова правяраліся памежныя зь Беларусьсю рэгіёны.

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны заявілі, што адсочваюць усе супольныя беларуска-расейскія вучэньні, стварэньне агульнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы і іхнае перамяшчэньне ўздоўж мяжы з Украінай.

«Мы пакуль ня бачым нейкіх актыўных дзеяньняў — ні падразьдзелаў Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусі, ні расейскіх падразьдзелаў. Вядома, што абвяшчэньне баявой гатоўнасьці ў беларускім войску — гэта пэўны дадатковы выклік. Мы будзем назіраць, як разьвіваецца сытуацыя, у тым ліку наколькі блізка гэтыя падразьдзелы падыдуць да мяжы з Украінай», — заявіў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка 13 сьнежня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, такім чынам Расея і Беларусь нагнятаюць сытуацыю.

«Варта не панікаваць. Для нас гэта нічога не мяняе. Мы мусім проста рабіць усё неабходнае, каб нашыя лінія мяжы і памежжа былі гатовыя адбіць любую агрэсію ці атаку любых падразьдзелаў, які паспрабуюць зайсьці да нас з вайной», — падкрэсьліў ён.

«Сілы абароны Ўкраіны сочаць за гэтай сытуацыяй, каб разумець, наколькі гэта стварае пагрозы нашай краіне. І хоць непасрэдна такой групоўкі, якая магла б ажыцьцявіць уварваньне, мы не адзначаем, але такія дзеяньні — супольныя вучэньні, разгортваньне супольнай групоўкі, праверка баявой гатоўнасьці — гэта ўсё паказвае, што Беларусь актыўна супрацоўнічае з Расеяй і краіны дзейнічаюць паводле адзінай задумы», — патлумачыў Андрэй Дземчанка.

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны падкрэсьліў, што на мяжы зь Беларусьсю і ў памежжы ўкраінскія вайскоўцы «нарасьцілі свае абаронныя пазыцыі» і працягваюць іх нарошчваць. «Мы бачым, як Расея цісьне на Беларусь, спрабуючы ўцягнуць іх, каб яны далучыліся да поўнамаштабнага ўварваньня на тэрыторыю нашай краіны, у адкрытую вайну», — дадаў ён.

«Апроч таго, украінскія вайскоўцы ажыцьцяўляюць захады мінаваньня мясцовасьці на найбольш пагрозьлівых кірунках, актыўна праводзяць фартыфікацыйнае ўмацаваньне мяжы. У гэтым нам актыўна дапамагаюць органы мясцовай улады. Узмацняецца сыстэма відэаназіраньня і актыўна залучаюцца бесьпілётнікі, каб кантраляваць сытуацыю на лініі мяжы», — падкрэсьліў Андрэй Дземчанка.

Прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі паведаміла 13 сьнежня аб раптоўнай праверцы баявой гатоўнасьці войскаў.

Улады папярэдзілі, што ў гэты пэрыяд заплянавана перамяшчэньне вайсковай тэхнікі і асабовага складу, часовае абмежаваньне руху грамадзян (транспарту) асобнымі дарогамі агульнага карыстаньня і ўчасткамі мясцовасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG