Ляўрэатаў прэміі за 2022 год вызначылі яшчэ ў канцы траўня, але тады зь меркаваньняў бясьпекі імя Вольгі Гарбуновай не было названае ў пераліку.
«Як былая кіраўніца няўрадавай арганізацыі „Радзіслава“, Гарбунова прысьвяціла сябе барацьбе за абарону жанчын і дзяцей ад гендэрнага гвалту ў Беларусі.
Зь меркаваньняў бясьпекі імя Гарбуновай не магло быць названае падчас цырымоніі ўзнагароджаньня Front Line Defenders у Дубліне 27 траўня. Пасьля таго, як яна ўцякла ў бясьпечнае месца зь Беларусі, яна была ўшанавана на спэцыяльнай цырымоніі, якая адбылася ў Вільні 9 сьнежня», — паведаміла Front Line Defenders.
«Мы спадзяемся, што гэтае прызнаньне дапаможа ёй у яе шматгадовых намаганьнях змагацца за правы жанчын і дзяцей у Беларусі», сказаў Эндру Андэрсан, выканаўчы дырэктар Front Line Defenders, які прыбыў у Вільню для цырымоніі ўручэньня прэміі.
У лістападзе 2021 году Вольгу Гарбунову арыштавалі ў Менску за нібыта ўдзел у арганізацыі маршаў за правы жанчын у 2020 годзе. Падчас затрыманьня беларускія ўлады ўключылі яе ў сьпіс «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеяньняў». Пасьля вынясеньня прысуду — 3 гады «хатняй хіміі» — Вольга Гарбунова змагла ўцячы зь Беларусі.
Арганізацыя «Радзіслава» існавала з 2002 году і дапамагала пацярпелым ад гвалту жанчынам, у тым ліку даючы ім прытулак. У сакавіку 2021 году праект закрыўся.
Штогадовая прэмія Front Line Defenders для праваабаронцаў у небясьпецы была заснавана ў 2005 годзе для ўшанаваньня працы праваабаронцаў, якія робяць выдатны ўнёсак у прасоўваньне і абарону правоў чалавека, часта падвяргаючыся вялікай асабістай рызыцы да сябе.