Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўзбэкістане адмовіліся ад ініцыяванага Пуціным «газавага» зьвязу з Расеяй і Казахстанам


Прэзыдэнт Расеі Пуцін і яго ўзбэцкі калега Мірзіёеў на цырымоніі ў Ташкенце, 19 кастрычніка 2018 году
Прэзыдэнт Расеі Пуцін і яго ўзбэцкі калега Мірзіёеў на цырымоніі ў Ташкенце, 19 кастрычніка 2018 году

Міністар энэргетыкі Ўзбэкістану Журабек Мірзамахмудаў заявіў аб негатоўнасьці ствараць «газавы» хаўрус з Расеяй і Казахстанам, які ініцыяваў расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін 28 лістапада на сустрэчы з прэзыдэнтам Казахстану Касым-Жамартам Такаевым у Маскве.

«Нават калі будзе заключана газавае пагадненьне з Расеяй, гэта не азначае [стварэньня] зьвязу», — цытуе агенцтва Reuters узбэцкага міністра.

«Калі мы імпартуем газ з іншай краіны, то супрацоўнічаем толькі на аснове камэрцыйнай дамовы аб куплі-продажы. Мы ніколі не пагодзімся на палітычныя ўмовы ў абмен на газ. Адным словам, прапанаваны нам газавы кантракт мы атрымаем толькі тады, калі пагодзімся на яго, інакш не», — заявіў Журабек Мірзамахмудаў.

У той жа час міністар энэргетыкі Ўзбэкістану паведаміў, што адпаведнай прапановы ад Расеі ягоная краіна яшчэ не атрымлівала.

Агенцтва Reuters піша, што «халаднаватае» стаўленьне Ўзбэкістану да расейскай прапановы адлюстроўвае ўсё большыя цяжкасьці Масквы ў навязваньні сваёй волі іншым былым савецкім рэспублікам у той час, калі яна ўсё больш загразае ў вайне ва Ўкраіне.

«Аднак Узбэкістан застаецца часткова залежным ад замежнага газу. За апошнія некалькі дзён у краіне, у тым ліку ў сталіцы Ташкенце, назіраўся дэфіцыт газу праз рэзкі рост спажываньня ў сувязі з пахаладаньнем. Мірзамахмудаў сказаў, што пахаладаньне вымусіла Ўзбэкістан спыніць экспарт у Кітай», — паведаміла агенцтва.

Узбэкістан здабывае каля 52 мільярдаў прыроднага газу ў год.

28 лістапада прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам РФ Міхаілам Мішусьціным расказаў аб прапанове прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна стварыць трохбаковы хаўрус Расеі, Казахстану і Ўзбэкістану, у тым ліку для вырашэньня пытаньняў у газавай сфэры.

«Сёньня казаў Уладзімір Уладзіміравіч пра тое, што нам трэба стварыць нейкі трохбаковы зьвяз, і ён зьбіраецца пазваніць прэзыдэнту Ўзбэкістану. Нам таксама трэба паглыбіцца ў гэтую тэму, у кожным разе мне, ня кажучы ўжо пра нашых спэцыялістаў, з тым, каб прыйсьці да жаданага выніку і пагадненьня. Чаму б не?» — сказаў Такаеў.

У чэрвені Касым-Жамарт Такаеў адмовіўся падтрымаць пазыцыю Расеі ў поўнамаштабным уварваньні ва Ўкраіну і ў прысутнасьці Пуціна на форуме ў Санкт-Пецярбургу назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» квазідзяржаўнымі тэрыторыямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG