Шэраг казахстанскіх экспэртаў і міжнародныя аглядальнікі лічаць, што выбары адбываюцца ва ўмовах адсутнасьці рэальнай канкурэнцыі, насуперак абяцаньням правесьці кардынальныя палітычныя рэформы пасьля перапісваньня Канстытуцыі, паведамляе Радио Азаттык.
У Алматы ў дзень выбараў прайшлі затрыманьні. Паліцыя схапіла ўдзельнікаў руху «Oyan, Qazaqstan!» (Прачніся, Казахстан!) на плошчы Рэспублікі і прыхільнікаў незарэгістраванай Дэмакратычнай партыі ля помніка Абаю. Абедзьве групы выступілі супраць несправядлівых, на іх думку, выбараў.
Адзінкавыя затрыманьні паліцыя правяла на плошчы «Астана», дзе анансаваў мітынг рух ДВК, забаронены ў краіне як «экстрэмісцкі», але згаданы ў рэзалюцыях Эўрапарлямэнту як «мірная апазыцыя». Агулам па краіне затрымалі каля 30 чалавек. Адным з пытаньняў акцый было «Әділ сайлауға жететін күніміз бар ма?» (Ці дажывем мы да справядлівых выбараў?)
Па стане на 11:41 мясцовага часу на выбарах прагаласавалі ўсе шэсьць кандыдатаў. Прагаласаваў і колішні кіраўнік дзяржавы Нурсултан Назарбаеў, пазбаўлены ў выніку пратэстаў студзеня 2022 году вялікага ўплыву на палітыку дзяржавы. Ён зьявіўся на выбарчым участку ў Астане ў суправаджэньні аховы. Журналісты задалі яму пытаньне пра пляменьніка, якога нядаўна асудзілі на 6 гадоў за махінацыі. Назарбаеў адказаў, што ўсё вырашае толькі суд.
Паведамленьні пра парушэньні прыходзяць з розных участкаў. Напрыклад, аб’яднаньне незалежных назіральнікаў «Еркіндік қанаты» (Крылы Свабоды) заявіла, што яе прадстаўніка не пускалі ў прыбіральню на адным з участкаў у Алматы. Па стане на 16:19 ЦВК Казахстану заявіў пра яўку звыш 62%. Самая нізкая яўка ў Алматы — крыху болей за 26%.
На выбарчых участках, як і ў Беларусі, актыўна ідзе гандаль, прадаюць яйкі, мяса, алей, моркву, яблыкі.
Варта адзначыць, што ніводныя выбары ў Казахстане міжнародная супольнасьць не прызнала празрыстымі. Цяперашнія выбары праходзяць раней, чым плянаваліся, экспэрты мяркуюць, што гэта выклікана боязьзю ўладаў вялікіх эканамічных праблем. Ужо сёлета інфляцыя ў краіне складае каля 20%.
Палітоляг Дасым Сатпаеў лічыць адной з прычын тое, што Такаеў асьцерагаецца рэваншу з боку сям’і Назарбаева.