Як паведаміла дзяржаўная газэта «Мінская праўда», на першым этапе праходзіла праверка і ўдакладненьне зьвестак вайсковаабавязаных на прадпрыемствах і ў арганізацыях па месцы працы.
«У цяперашні момант у вайсковых камісарыятах праходзіць завяршальны этап праверкі ўліковых дадзеных вайсковаабавязаных, які працягнецца да 30 сьнежня. Праводзяцца кантрольнае апавяшчэньне і яўка ў камісарыяты ў сувязі з праверкай зьвестак», — адзначыў вайсковы камісар Менскай вобласьці палкоўнік Ігар Тарабеш.
Праверка зьвестак вайсковаабавязанага, як удакладнілі ў абласным камісарыяце, доўжыцца ад 10 да 20 хвілін. Пасьля ўдакладненьня інфармацыі людзі вяртаюцца на месца працы ці дадому. З сабой неабходна мець пашпарт, вайсковы білет і іншыя неабходныя дакумэнты, пазначаныя ў позьве.
Па словах Тарабеша, застаецца праверыць дадзеныя тых, хто жыве па-за межамі Менскага раёну ці за мяжой. Прайсьці праверку зьвестак можна ў любым найбліжэйшым да фактычнага месца пражываньня камісарыяце. Пасьля гэтага цягам трох дзён дадзеныя прыбудуць у камісарыят па месцы прапіскі грамадзяніна.
Дзеля гэтага ваенкаматы ў раёнах працуюць без выходных — грамадзян прымаюць у любы дзень і ў любы, нават звычайна непрацоўны, час.
Як сказаў намесьнік начальніка напрамку ідэалягічнай работы і сацыяльнай абароны вайсковага камісарыяту Менскай вобласьці падпалкоўнік Уладзімер Сыпаў, ужо больш за 85% жыхароў Менскай вобласьці, што стаяць на вайсковым уліку, прайшлі праверку.