Ён выказаў меркаваньне, што перад гэтай сустрэчай міністар абароны РБ Віктар Хрэнін «распавёў пра сытуацыю ў Беларусі, пра падрыхтоўку, зладжваньне баявых падразьдзяленьняў Беларусі і Расеі, якія прысутнічаюць у Беларусі».
«Мушу сказаць, што мы сур'ёзна да гэтага падышлі. І нашы, і вашы афіцэры рыхтуюць хлопцаў – і беларускіх, і расіян рыхтуюць, – заявіў Лукашэнка. – Для таго, каб у выпадку неабходнасьці першыя шэрагі нашы – абаронцы Саюзнай дзяржавы – змаглі адбіць любую агрэсію з гэтай тэрыторыі. Ад аптэчак мэдычных да (я ўжо не кажу там пра абмундзіраваньне і іншае, узбраеньне – тут ніхто ня дзеліцца)… Мы як адзіная групоўка, адзіная армія сёньня рыхтуемся, усе пра гэта ведаюць навокал. Мы гэтага не хавалі, ды і ў сучасным сьвеце схаваць гэта немагчыма».
Паводле яго, менавіта такая дамоўленасьць у яго была з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. «Мы ў гэтых дачыненьнях пляны выконваем», – дадаў ён.
Лукашэнка заявіў, што ён і беларускія спэцслужбы ня бачаць, каб украінскія ўлады «былі гатовыя да паўнапраўных перамоваў, па-чалавечы дамаўляцца».
«Яны бачаць, на нашую думку, як працягнуць вайну. Ну тады »спэцыяльная апэрацыя« ня спыніцца, як вы гэта лепш ведаеце», – падкрэсьліў ён.
Паводле Лукашэнкі, Беларусь і Расея «вайны не хацелі і ня хочуць».
- Ваенна-палітычнае кіраўніцтва Ўкраіны раней заяўляла, што ў Беларусі вядзецца падрыхтоўка расейскіх вайскоўцаў, якія пасьля будуць задзейнічаныя ў агрэсіі.
- Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы».
- Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.