Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны алімпійскі камітэт пакуль адмовіўся зьняць санкцыі зь Беларусі і Расеі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расейскія спартоўцы і фэдэрацыі трапілі пад шматлікія абмежаваньні ў спорце з-за вайны, распачатай Крамлём ва Ўкраіне. Беларускія атлеты пакараныя за тое, што рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Расею.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) не плянуе здымаць санкцыі з Расеі і Беларусі ў аглядным часе, паведаміў афіцыйны прадстаўнік МАК Марк Адамс, піша Reuters.

На пасяджэньні Выканаўчай рады МАК у швайцарскай Лязане 5 сьнежня Марк Адамс заявіў, што ўведзеныя ў пачатку вайны ва Ўкраіне абмежавальныя захады не зьмяніліся, і «цяпер ня час здымаць санкцыі з расейцаў або беларусаў», таму яны «застаюцца ў сіле».

У лістападзе за працяг санкцый супраць расейскіх і беларускіх атлетаў выказаўся прэзыдэнт МАК Томас Бах.

У сярэдзіне лістапада было прыпынена сяброўства Беларусі ў Міжнародным паралімпійскім камітэце (МПК). У Беларускім паралімпійскім камітэце заявілі, што будуць падаваць апэляцыю на такое рашэньне.

Перад тым стала вядома пра зьняцьце беларускіх валейбольных зборных з кваліфікацыйных турніраў Алімпіяды-2024 у Парыжы. Акрамя таго, беларускім біятляністам, як і расейскім, забаранілі выступаць на Кубку сьвету. Ёсьць і шэраг іншых санкцый у іншых відах спорту для абедзьвюх краін.

Беларускія спартоўцы пацярпелі за афіцыйную пазыцыю рэжыму Лукашэнкі, які ня толькі падтрымаў дзеяньні Крамля супраць Украіны, але і прадаставіў для расейскіх войскаў тэрыторыю Беларусі для трэнаваньняў і наступу на ўкраінскую тэрыторыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG