У Варшаве ў Музэі Вольнай Беларусі прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі падвялі вынікі першых 100 дзён працы і расказалі пра пляны на будучыню.
Сабралі некалькі ключавых момантаў, пра што ішла гаворка
На самым пачатку прэс-канфэрэнцыі Павал Латушка запэўніў, што стратэгія Кабінэту зацьверджаная на 90%. Яна будзе мець публічны і непублічны характар. Паводле Кабінэту, Беларусь ёсьць акупаванай краінай, і галоўная мэта Кабінэту — дэакупацыя Беларусі. Яна можа адбыцца сілавым і мірным шляхам.
Ціханоўская пра вызваленьне палітвязьняў: імгненнага мэханізму няма, ёсьць стратэгія
На прэс-канфэрэнцыі да гэтай вострай праблемы вярталіся не адзін раз. На самым пачатку Сьвятлана Ціханоўская спрабавала адказаць на вострае пытаньне тэлеканалу Белсат, супрацоўніцу якога Ірыну Слаўнікаву асудзілі на 6 гадоў пазбаўленьня волі.
«Што тычыцца палітвязьняў, я вельмі хацела б пачуць прапановы ад калег: як вызваліць палітзьняволеных. Бо пакуль, я лічу, што ў нас няма вагароў уплыву, каб адчыніць турмы», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
Потым яшчэ раз журналістка «Нямецкай хвалі» зьвярнулася да Сьвятланы Ціханоўскай: «Наколькі я разумею, у кабінэту няма магчымасьцяў, рэсурсаў, шляхоў вызваленьня палітвязьняў?»
«Зараз магчымасьці вызваліць усіх палітзьняволеных няма. Няма і міжнародных мэханізмаў, якія дапамаглі б нам вызваліць нашых людзей.
Але наша стратэгія — гэта пазбаўленьне рэжыму ўлады, узмацненьне палітыкі эканамічнага ціску, ізаляваньне рэжыму Лукашэнкі, каб тыя, хто меў дачыненьне да прысудаў, панёс адказнасьць. Наша праца пастаянная, штодзённая. Каб гэты ціск павялічыць і праз гэты ціск вызваліць палітзьняволеных», — кажа Ціханоўская.
Сьвятлана Ціханоўская прызнала, што агульнымі намаганьнямі адной краіны быў выпушчаны толькі адзін чалавек — Натальля Хершэ. А ўлічваючы, што максымальная ўвага цяпер да Ўкраіны, вельмі цяжка засяродзіць міжнародную ўвагу на беларускіх палітзьняволеных.
Валер Сахашчык: «Ва Ўкраіне створаная асобная беларуская вайсковая частка»
Прадстаўнік Кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык распавёў, што ягонай камандзе давялося пачынаць з нуля. Але канкрэтныя вынікі працы ёсьць.
«Першае, што мяне хвалявала — нашы добраахвотнікі ва Ўкраіне. Людзі гінулі, былі параненыя, мелі недастатковую дапамогу і мэдычную, і юрыдычную. Мы арганізавалі сыстэму дапамогі беларусам – вэтэранам вайны ва Ўкраіне, людзям, якія страцілі здароўе. Ужо маем дамоўленасьць зь вельмі добрым шпіталем у Варшаве, які будзе аказваць сыстэмную дапамогу. Разам з вэтэранамі ствараем аб’яднаньне, будзем рэгістраваць яго», — распавёў Сахашчык.
Ён запэўніў, што ўсталяваныя добрыя стасункі з кіраўніцтвам Узброенымі сіламі Ўкраіны.
«Ужо існуе новая вайсковая частка, якая будзе ўкамплектаваная найлепшымі сучаснымі сродкамі. Я маю надзею, што ня будзе вялікіх людзкіх страт праз тое, што хлопцы нашы ваявалі без узбраеньня, без артылерыі», – кажа Сахашчык.
Ён запэўніў, што ягонай асабістай мэтай ёсьць не дапусьціць грамадзянскай вайны на ягонай радзіме.
«Я бачу рэальны сцэнар, пры якім мы можам зрабіць дэмакратычныя зьмены без грамадзянскай вайны, без праліцьця крыві. Я ўпэўнены, што так атрымаецца».
Зварот да Вальфовіча
Таксама Валер Сахашчык выступіў са зваротам да беларускіх вайскоўцаў, у прыватнасьці да старшыні Рады бясьпекі Аляксандра Вальфовіча, якога ведае 30 гадоў:
«Вы распускаеце домыслы, што я здраднік, мяне хтосьці купіў. Гэта няпраўда. Калі ў нас разышліся шляхі — давайце будзем мудрымі людзьмі. Давайце пачнем дыялёг — адкрыты, празрысты. Ад нашых і вашых дзеяньняў залежаць лёс і жыцьці многіх людзей. Я не раблю нічога дрэннага, мая задача — аб’яднаць нацыю. Мы разумеем, што цяперашняя ўлада дажывае. І ўсё залежыць ад нас. Давайце пачнем размаўляць, давайце пачнем дыялёг», — заклікаў Сахашчык.
Кабінэт пакуль не ўкамплектаваны, няма прадстаўнікоў па эканоміцы, фінансах, сацыяльнай працы
Сьвятлана Ціханоўская прызналася, што пасьля сыходу Тацяны Зарэцкай у Кабінэце няма прадстаўніка па эканоміцы, фінансах, сацыяльнай працы.
«У кэйсе Зарэцкай я ня бачыла канструктыўную крытыку, я бачыла масавую атаку. Я не абвінавачваю ў гэтым СМІ. Я разумею, што наратывы гэтыя былі закінутыя спэцслужбамі, але СМІ падхапілі. Я разумею, што задача СМІ — дакапацца да праўды.
Я думаю, што гэтую функцыю трэба зрабіць непублічнай не для таго, каб стаць закрытымі, а для таго, каб не вялася атака з боку рэжыму на гэтага чалавека. Мы падзелім у будучым функцыі — будзе прадстаўнік у эканоміцы і асобна будзе прадстаўнік у фінансах. Калі гэта будзе публічны чалавек, мы ня будзем яго хаваць.
Сьвятлана таксама распавяла, што Кабінэт шукае прадстаўніка ў сацыяльных пытаньнях, бо шмат палітзьняволеных, ім патрэбна дапамога. Аднак чарга ахвотных не стаіць – бо людзі баяцца.
Якая будучыня чакае Пераходны кабінэт
У жніўні быў створаны Пераходны кабінэт і было абвешчана, што рэальныя вынікі будуць падведзены праз паўгоду. Таксама было абвешчана пра рэфармаваньне Каардынацыйнай рады. На пытаньне, што будзе з Пераходным кабінэтам праз паўгоду, Ціханоўская адказала так:
«Праз 6 месяцаў Каардынацыйная рада павінна разгледзець пытаньне — як спрацаваў Кабінэт, зацьвердзіць прадстаўнікоў Кабінэту ці выказаць нейкія незадавальненьні. КР — гэта такі калектыўны орган, які ўплывае на склад Кабінэту.
Я ня ведаю, у якім стане рэфармаваньне Каардынацыйнай рады на дадзены момант. Папрашу справаздачу.
Але ж я бачу, што кожны з прадстаўнікоў Кабінэту кладзе на працу сваё жыцьцё. Я бачу і падтрымку беларусаў. Гэта супольная праца ўплывае і на наша яднаньне», — запэўнівае Сьвятлана Ціханоўская.
Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.