Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урокі адстаўкі Тацяны Зарэцкай. Дыскусія аналітыкаў


Валер Карбалевіч, Тацяна Зарэцкая, Віталь Цыганкоў
Валер Карбалевіч, Тацяна Зарэцкая, Віталь Цыганкоў

Якія высновы можна зрабіць з кароткатэрміновай працы Тацяны Зарэцкай у пераходным Кабінэце і зь яе раптоўнай адстаўкі? У чым падабенства сытуацыі Зарэцкай і брытанскай прэм’еркі Трас? Ці можа зрынуць рэжым Лукашэнкі філязофія посьпеху, якую вызнае Зарэцкая?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: 28-гадовая беларуская IT-прадпрымальніца, заснавальніца кампаніі Laava Tech Тацяна Зарэцкая заявіла, што пакідае сваю пасаду прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту па фінансах і эканоміцы. Яна пратрымалася на гэтай пасадзе 2 месяцы.

Паводле яе, прычына сыходу — шматлікія пагрозы на адрас яе, яе сваякоў і яе бізнэс-партнэраў. Але зьявіліся публікацыі ў друку, у якіх выказваюцца сумневы, мякка скажам, у пасьпяховасьці бізнэсу Зарэцкай.

Сакрамэнтальнае беларускае пытаньне — «Дзе грошы?» — звычайна тычыцца нейкіх грошай, нібыта патрачаных неналежным чынам. Але ў выпадку Зарэцкай гэтае пытаньне — пра тое, ці былі наагул тыя грошы.

На думку некаторых, сумневы ў пасьпяховасьці бізнэсу Зарэцкай, якія выказваліся і раней, якраз і сталі прычынай яе адстаўкі з Кабінэту па ўласным жаданьні.

Якія палітычныя высновы з кароткатэрміновага служэньня Зарэцкай у кабінэце?

Карбалевіч:
Мы маем справу з фэномэнам навабранцаў у палітыцы. У 2020 годзе, падчас бурнага палітычнага крызісу, у палітыку ўлілася вялікая колькасьць людзей, якія раней палітыкай не займаліся. Яны жылі сваім жыцьцём і атрымлівалі ад яго задавальненьне.

Потым уключыліся ў палітыку, у палітычную барацьбу. А ў палітыцы дзейнічаюць свае правілы. Гэта сфэра публічнасьці, і ў ёй «шкілеты ў шафе», якія ёсьць у палітыкаў, маюць значэньне і ўплываюць на іх лёс.

У сытуацыі з Зарэцкай мы гэта назіраем. І ў іншых сытуацыях таксама. Раней узгадвалася, што Ціханоўскі да 2020 году вельмі неадназначна выказваўся наконт Крыму. Таксама мы памятаем гісторыю з расейскім пашпартам Валера Сахашчыка.

Думаю, што гісторыя з Зарэцкай — не апошняя з падобных сытуацый.

Але на будучыню: перад тым як прызначаць людзей на адказныя пасады, трэба неяк іх правяраць, патрэбная нейкая «контравыведка». Мяркуючы па ўсім, у пераходнага кабінэту такой структуры няма.

Дракахруст: Віталь, а якія былі гарантыі ў 1988 годзе, што да палітыкі будзе падрыхтаваны мастацтвазнаўца, супрацоўнік Інстытуту гісторыі акадэміі навук Зянон Пазьняк? Ды ніякіх. Які палітычны досьвед у яго быў да таго? Ды ніякага. І ні ў кога не было, акрамя, у пэўным сэнсе, партнамэнклятуры.

Магчыма, гэта асаблівасьць рэвалюцыйных часоў.

Часам гаворыцца, што ў 2020 годзе ў Беларусі была рэвалюцыя. Як адзначаў адзін зь лідэраў францускай рэвалюцыі Жорж Дантон, рэвалюцыя — гэта сто тысяч вакансій.

Вось адну з такіх вакансій Зарэцкая і заняла. Рэвалюцыя ўздымае, прыводзіць да палітыкі новых людзей. У гэтым, уласна, яе пакліканьне.

Цыганкоў:
У мяне няма такой засяроджанасьці на ідэі досьведу, патрэбнага для эфэктыўных заняткаў палітыкай. Сапраўды, асабліва ў рэвалюцыйныя часы, гэта ня самае важнае.

Мне не падабаецца крытыка, якая гучыць ад «старых» апазыцыянэраў на адрас новых асобаў, навабранцаў палітыкі, «неверагодных». Гэтая зьмена, па-першае, заканамерная, а па-другое, новыя асобы, твары не абавязкова кепскія. Трэба радавацца, што раней людзі былі абыякавыя да палітыкі, а цяпер зьмяніліся.

Аднак мне здаецца, што ў сытуацыі з Зарэцкай адбыўся правал у кадравай палітыцы. Надта сьпяшаліся запоўніць пэўныя нішы, пасады. Напачатку ў кабінэце, акрамя Ціханоўскай, усе чальцы былі мужчыны. Узьнік ціск, што трэба прасоўваць жанчын.

Зарэцкая даволі ўмела прадставіла сябе. Магчыма, яна здолела прадставіць сябе больш пасьпяховай і эфэктыўнай, чым гэта ёсьць на самой справе.

Яна прадстаўніца своеасаблівай субкультуры стартапаў. Там трэба ўмець сябе і сваю справу прадставіць. Тады інвэстары дадуць табе грошы. Са стартапаў выжывае 3–5%.

У сьвеце вядомыя яскравыя, гучныя прыклады, калі стартап ня меў посьпеху, але яго ўладальнікі прадстаўляюць сябе як вялікіх бізнэсоўцаў.

У сьпешцы, калі хацелася хутка прызначыць у Кабінэт жанчыну, адказную за эканамічныя пытаньні, не пасьпелі ці не захацелі правесьці належную праверку.

У сацыяльных сетках ёсьць агульная думка, што тлумачэньне Зарэцкай пра пагрозы як прычыну яе адстаўкі не вытрымлівае крытыкі.

Пагрозы час ад часу атрымліваюць усе. І ніхто на гэта не спасылаецца — ні Сахашчык, ні Латушка, у якога стрыечны брат трапіў за краты, ні Герасіменя, у якой пагражаюць адабраць маёмасьць у Беларусі.

Большасьць партнэраў і сваякоў Зарэцкай жывуць у краінах ЭЗ, і ёй менш за ўсё варта было спасылацца на пагрозы на яе адрас.

Дракахруст: Стылістыка стартапаў, якасьці, якія патрэбныя для іх прасоўваньня — наколькі яны пасуюць да палітыкі?

Карбалевіч:
Палітыкі даволі часта дзейнічаюць як кіраўнікі стартапаў. І ў беларускай палітыцы гэта назіраецца. Скажам, клясычныя прадстаўнікі такога падыходу — гэта Сяргей і Алег Гайдукевічы.

Што тычыцца сытуацыі, якую мы разглядаем, то чалавек, ідучы на такую пасаду, мусіць сысьці зь бізнэсу. У дадзеным выпадку мы бачым, што чалавек прыйшоў у Кабінэт і адначасова захоўваў свой бізнэс.

Дракахруст: Ня думаю, што гэта такое ўжо правіла. Здаецца, і той жа Валер Сахашчык таксама не сышоў са свайго бізнэсу. Ніхто не сышоў.

Цыганкоў:
У Сахашчыка такі бізнэс, што ён можа працаваць і безь яго. Стартап Зарэцкай ладнай часткай трымаецца на яе асобе, на яе кантактах, сустрэчах.

Карбалевіч: Але пры літаральным пераносе стылістыкі стартапаў у палітыку могуць адбывацца нечаканыя і непрыемныя рэчы, калі рэкляма вельмі моцна адрываецца ад рэальнасьці.

Дракахруст: Пры ўсёй умоўнасьці, але ёсьць пэўная аналёгія паміж хуткай адстаўкай Тацяны Зарэцкай і яшчэ больш хуткай адстаўкай брытанскай прэмʼеркі Ліз Трас.

Брытанія — старадаўняя ўстойлівая дэмакратыя, было спаборніцтва кандыдатаў у прэмʼеры, абмеркаваньне, Трас не хавала, што яна зьбіраецца рабіць. І новым чалавекам у палітыцы яна не была. І ўсяго 45 дзён прэмʼерства.

Дык, можа, нічога не дапамагае супраць памылак — ні досьвед дэмакратыі, ні спаборная працэдура вылучэньня, ні досьвед кандыдата?

Цыганкоў:
Часам, сапраўды, так складаюцца абставіны — супраць чалавека. Калі ён трапляе ў вір, дзе ад яго здольнасьцяў мала што залежыць.

Трас вырашыла зьнізіць падаткі для багатых. А гэта тое, чаго шырокія масы ня любяць нават у Брытаніі. Хоць досьвед паказвае, што такая палітыка ажыўляе эканоміку.

Яна атрымала давер сваёй партыі і падумала, што можа рабіць радыкальныя крокі. А аказалася, што не.

Так што з сытуацыяй з Зарэцкай тут падабенства няшмат.

Я хачу зьвярнуць увагу на рэакцыю чальцоў Кабінэту. У іх бяруць інтэрвію розныя СМІ, і яны паўтараюць яе вэрсію наконт пагрозаў. Аднак многія публікацыі сьведчаць пра тое, што гэта, прынамсі, ня ўся праўда.

Тут палітычная дылема: ці прызнаць памылку, ці трымацца за першапачатковую вэрсію, якая выглядае непраўдападобнай.

Я б лепш хацеў, каб яны прызналі памылку.

Дракахруст: Маё наступнае пытаньне таксама зьвязанае з падыходамі спадарыні Зарэцкай. У інтэрвію Мелказёраву яна сказала: у Эстоніі, калі табе 25 гадоў і ў цябе няма стартапа, значыць, нешта ты ня так зрабіў у гэтым жыцьці.

А выступаючы на канфэрэнцыі «Новая Беларусь», яна заклікала закрыць у Беларусі неэфэктыўныя прадпрыемствы.

Такая філязофія пасьпяховасьці, такое ніцшэанства ўласьцівыя ня ёй адной. Наколькі гэта можа прывесьці да палітычнага посьпеху ў Беларусі? У Беларусі больш за 9 мільёнаў жыхароў. Яны ўсе стартапы будуць ствараць? Мяркую, што большасьць будуць у калгасе ці на заводзе працаваць.

А вось Лукашэнка ніколі ня скажа так, як Зарэцкая: калі ў вас няма стартапа, то вы няўдачнік.

Карбалевіч:
Можна дамагчыся посьпеху і дзякуючы такой філязофіі. Я прыгадваю выбары ў Вярхоўны Савет у 1995 годзе. Я тады таксама балятаваўся ў дэпутаты. Але па маёй акрузе ішоў Андрэй Клімаў — малады, прыгожы, багаты, які хутка разбагацеў.

І ён хваліўся менавіта сваёй пасьпяховасьцю, рабіў стаўку на яе, казаў, што так, як ён, могуць стаць заможнымі многія.

У гэтай акрузе было шмат студэнтаў, ён там ішоў на ўра і ўпэўнена перамог. Калі ўявіць сабе парлямэнцкія выбары, а такі чалавек — на чале партыйнага сьпісу, то ён набярэ ладную падтрымку і будзе мець вялікую фракцыю. Я б не сказаў, што такі падыход зусім кепскі.

Але калі ісьці з такім падыходам у прэзыдэнты, то гэта непераканаўча.

Дракахруст: А можа, гэта сапраўдная, карэнная прычына, вакол якой адбываецца палітычны канфлікт? За і супраць Лукашэнкі — гэта, магчыма, псэўданім падзелу менавіта па гэтым пытаньні.

Цікавая была фраза Лукашэнкі наконт падзеяў 2020 году — што супраць яго «буржуйчыкі» паўсталі. Магчыма, у гэтым — сацыяльна-палітычнае тлумачэньне падзеяў 2020 году?

Цыганкоў:
Гэта сапраўды адзін з падзелаў. У прыхільнікаў Лукашэнкі насамрэч нізкі гарызонт патрабаваньняў да жыцьця. І каб не было цяжару выбару — каб быў адзін прэзыдэнт, адна ідэалёгія, адна мова. І ня трэба нам разнастайнасьці, і ня трэба жураўлёў у небе.

Так, як сфармулявала свае думкі Зарэцкая, фармуляваць іх палітыку ня варта. І ня тое што ня варта закрываць неэфэктыўныя вытворчасьці. Тая ж Эстонія так зрабіла і жыве нашмат лепш, чым Беларусь. Савецкія заводы там пазачынялі.

Ды нават і Беларусь — постындустрыяльнае грамадзтва. У нас толькі некалькі адсоткаў ВУП — сельская гаспадарка. І рабочыя складаюць каля 10% працоўнай сілы. Мы жывём у эпоху дамінаваньня сфэры паслугаў.

Непасьпяховымі людзі могуць быць у розных сфэрах. І яны могуць быць пакрыўджанымі, калі нехта казырае сваёй пасьпяховасьцю. Але гэта не адмяняе неабходнасьці даволі жорсткіх эканамічных рэформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG