Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адпусьцілі, чакаю рашэньня пракурора». Як беларусы праводзілі «радыкальныя» акцыі за мяжой і што ім за гэта было


Затрыманьне актывіста Пятра Маркелава, пасьля ягонай акцыі пратэсту каля беларускай амбасады ў Кіеве, куды хлопец прывёз мяшкі з гноем. 22 траўня 2021 году
Затрыманьне актывіста Пятра Маркелава, пасьля ягонай акцыі пратэсту каля беларускай амбасады ў Кіеве, куды хлопец прывёз мяшкі з гноем. 22 траўня 2021 году

Беларус Пятро Маркелаў, які цяпер жыве ў Чэхіі, правёў акцыю ў мэблевай краме IKEA. Пасек дзьве тумбачкі сякерай, абліў іх фарбай і праз рупар па-ангельску абвясьціў, што робіць гэта, бо пратэстуе супраць супрацоўніцтва швэдаў з уладамі Беларусі.

«Навін пакуль няма, чакаю рашэньня пракурора»

Беларускага актывіста Пятра Маркелава, які 18 лістапада правёў акцыю ў мэблевай краме IKEA ў Празе, вызвалілі праз шэсьць гадзінаў пасьля затрыманьня. Цяпер ён чакае рашэньня пракурора.

На наступны дзень пасьля акцыі Пятро Маркелаў расказаў Свабодзе пра ягонае затрыманьне.

«Спачатку ахоўнік пырскаў пярцовым балёнчыкам проста ў вочы, калі я падняў рукі (міжнародны жэст „Я здаюся“), потым „амапаўцы“ так зацягнулі кайданкі, што да гэтага часу баліць. Пакуль вялі, казалі па-чэску: „Будзеш супраціўляцца — прыменім сілу“, і прымянялі сілу, пакуль я казаў „I am not resisting, I am not resisting“ (Я не супраціўляюся. — РС), нават у твар троху білі», — падзяліўся актывіст.

Падчас акцыі актывіст абгарадзіў мэблю ў краме стужкай, якую выкарыстоўваюць для дарожных работ, пасек дзьве тумбачкі сякерай, абліў іх фарбай і праз рупар па-ангельску абвясьціў, што робіць гэта, каб пратэставаць супраць супрацоўніцтва IKEA з уладамі Беларусі.

Напярэдадні нямецкая газэта Die Tageszeitung сумесна з францускім выданьнем Disclose апублікавалі расьсьледаваньне пра дзейнасьць IKEA ў Беларусі. У ім гаворыцца, што канцэрн актыўна супрацоўнічаў зь беларускімі пастаўшчыкамі, якія выкарыстоўвалі працу зьняволеных, у тым ліку палітвязьняў. Гэта інфармацыя абурыла актывіста. Па стане на раніцу 21 лістапада Маркелаў знаходзіцца на волі, чакае званка з навінамі ад сьледчага.

Спроба залезьці ў палац Макрона, разьдзяваньне на біенале ў Венэцыі

Маркелаў ня першы беларус, хто радыкальна пратэстуе ў краінах Эўразьвязу. Беларускі мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч правёў у ЭЗ некалькі эпатажных акцый. У красавіку 2022-га ён спрабаваў пранікнуць у палац прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона. Акцыя называлася «Імітацыя». У руках акцыяніст трымаў «малочныя кактэйлі», падобныя на «кактэйляў Молатава». Перад гэтым мастак напісаў адкрыты ліст да Макрона, дзе з дапамогай мастацкіх вобразаў крытыкаваў негвалтоўны супраціў.

Мастак Аляксей Кузьміч, 2019
Мастак Аляксей Кузьміч, 2019

Кузьміча ў выніку затрымала паліцыя. Па словах мастака, сьледчыя пагражалі завесьці на яго крымінальную справу ў выпадку паўтарэньня чагосьці падобнага і зьдзіўляліся, што яго не застрэлілі каля палаца. Беларуса папярэдзілі, што такімі справамі ў Францыі яму больш ня варта займацца, а іначай пачнуць крымінальны перасьлед. Пасьля гэтага Кузьміч пакінуў Францыю.

Пазьней у красавіку таго ж года мастак разьдзеўся перад расейскім павільёнам Вэнэцыянскай біенале. Ён выйшаў у выглядзе залатога глядыятара, напісаў на сьцяне BELO побач з назвай павільёну RUSSIA і крычаў «Хайль Гітлер», пакуль яго не забрала паліцыя. Сам Кузьміч назваў сваю акцыю «ТранСССРвэрсія: рэцэпт для асьвечанага едака». Наколькі вядома, зараз актывіст на свабодзе.

«У супрацоўніка амбасады быў пералом зуба і страсеньне мозгу»

У сьнежні 2021 году ў Лёндане на акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі адбыўся інцыдэнт, у якім пацярпеў супрацоўнік беларускай амбасады.

«Аднаму зь іх былі нанесены сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні, спатрэбілася тэрміновая мэдычная дапамога. У яго дыягнаставалі пералом носа, страсеньне мозгу лёгкай ступені і траўматычны пералом зуба», — заяўляла ў сьнежні МЗС Беларусі.

Пачалося расьсьледаваньне інцыдэнту. Беларуса, які штурхаўся з супрацоўнікам амбасады, затрымалі, але неўзабаве адпусьцілі.

У чэрвені 2022 году стала вядома, што ўдзельнік сутычкі з боку пратэстоўцаў ня будзе пакараны — тэрмін расьсьледаваньня скончыўся і ніякіх абвінавачаньняў яму ня выставілі.

Беларус Арцём (імя зьмененае дзеля бясьпекі сваякоў, якія ў Беларусі. — РС), які і даў поўху супрацоўніку амбасады, паведаміў Свабодзе, што ягоны адвакат хадзіў у паліцыю і даведаўся аб магчымых наступствах.

«Аказалася, што тэрмін расьсьледаваньня інцыдэнту прайшоў. Адвакат сказаў, што калі нават паліцыя „прачнецца“ і вырашыць выставіць абвінавачаньне, то ўсе тыя абвінавачаньні ў судзе будуць ануляваныя. Бо калі пасьля шасьці месяцаў ня выставілі абвінавачаньне, справа аўтаматычна закрываецца», — патлумачыў Арцём.

Ён мяркуе, што супрацоўнікі амбасады не прадставілі доказаў ці дадатковай інфармацыі для паліцыі.

Пакаралі ўмоўна за падпал дзьвярэй амбасады ў Бруселі

У чэрвені 2022 году бэльгійскі суд прызначыў 3 гады пазбаўленьня волі ўмоўна ўраджэнцу Беларусі, які ў ноч з 8 на 9 жніўня 2021 года падпаліў дзьверы беларускай амбасады ў Бруселі.

У 35-гадовага сьвятара Антона два грамадзянствы — беларускае і польскае. У Бэльгіі яго судзілі як грамадзяніна Польшчы, таму выдача ў Беларусь яму не пагражала. Ураджэнец Беларусі расказваў, што вырашыў падпаліць дзьверы амбасады, таму што «беларусы за мяжой памятаюць пра фальсыфікаваныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў». У будынку падчас падпалу знаходзіўся ахоўнік, якога бэльгійскі суд прызнаў пацярпелым.

Пратэстоўца абвінавацілі ў «начным падпале будынка, у якім знаходзіліся людзі». Згодна з бэльгійскім Крымінальным кодэксам, за такі ўчынак абвінавачанаму магло пагражаць ад 15 да 20 гадоў зьняволеньня. Аднак суд у выніку згадзіўся прызначыць мінімальна магчымае пакараньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG