Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая і француская газэты апублікавалі расьсьледаваньне аб супрацоўніцтве IKEA зь беларускімі калёніямі


Нямецкая газэта Die Tageszeitung сумесна з францускім выданьнем Disclose падрыхтавалі расьсьледаваньне аб дзейнасьці швэдзкага рытэйлера IKEA у Беларусі. У ім гаворыцца, што канцэрн актыўна супрацоўнічаў з беларускімі пастаўнікамі, якія выкарыстоўвалі працу зьняволеных, у тым ліку палітвязьняў.

Пераклад публікацыі надрукавала выданьне Reform.by.

Пасьля вывучэньня сотняў дакумэнтаў і інтэрвію з дзясяткамі сьведкаў можна раскрыць адзін з самых патаемных сакрэтаў IKEA: кампанія закупляла матэрыялы, выкарыстоўваючы прымусовую працу беларускіх зьняволеных.

Беларускія дзелавыя партнэры транснацыянальнай кампаніі пастаўлялі, сярод іншага, драўніну, папярэднюю прадукцыю, а таксама мэблю з турмаў краіны. Гэта вынікае з дакумэнтаў, якія ёсьць у распараджэньні Disclose і яе партнэраў. У прыватнасьці, у многіх выпадках гэта сьпісы дэбітораў, апублікаваныя беларускімі папраўчымі калёніямі на сваіх сайтах. Неверагодна, але факт, і гэта тым больш абвінавачвае IKEA: беларускія турэмнікі не хаваюць сваёй камэрцыйнай дзейнасьці.

Паводле дасьледаваньня, каля паловы буйных беларускіх пастаўнікоў IKEA мелі сувязі з папраўчымі калёніямі на працягу апошніх 10 гадоў, а відавочныя доказы такога супрацоўніцтва маюцца ў дачыненьні да 10 кампаніяў. Гэта жорсткія папраўча-працоўныя лягеры, вядомыя жорсткім абыходжаньнем, катаваньнямі і зьнікненьнямі, і іх каштоўнасьці супярэчаць філязофіі, якая прапагандуецца швэдзкай кампаніяй.

У выніку, у сваіх спэцыфікацыях мэблевы гігант запэўнівае сваіх кліентаў, што не выкарыстоўвае «прымусовую працу» ці «працу зьняволеных» пры вытворчасьці сваіх тавараў.

За 20 гадоў пасьля 1999 года беларуская дзяржава, якой належыць амаль 100% лясоў краіны, стала другой па велічыні пасьля Польшчы пастаўніком драўніны для мэблевай транснацыянальнай карпарацыі.

Рэпрэсіі супраць беларускага насельніцтва, якія пастаянна ўзмацняюцца, і жорсткасьць рэжыму, які карае сьмерцю сваіх асуджаных, не прывялі да якіх-небудзь зьменаў у кампаніі IKEA.

Сярод даўніх партнэраў IKEA, якія асабліва шчыльна супрацоўнічаюць з беларускай пенітэнцыярнай сыстэмай, Disclose ўдалося выявіць тэкстыльную кампанію «Магатэкс». Паводле дасьледаваньня Disclose, «Магатэкс» меркавана працавала як мінімум з чатырма папраўчымі калёніямі.

Сьпіс дэбітораў паказвае, што «Магатэкс», як сьцьвярджаецца, супрацоўнічаў з папраўчай калёніяй ВК № 15 яшчэ ўлетку 2021 году. «ВК-15 — гэта месца абсалютнага жаху, дзе каты Лукашэнкі робяць усё, што ім заманецца, — распавёў Disclose Ціхан Клюкач. 19-гадовы хлопец знаходзіўся там за кратамі на працягу 10 месяцаў, з траўня 2021 году па сакавік 2022 году. Злачынства маладога чалавека? Ён удзельнічаў у дэманстрацыі супраць урада ў Менску.

Па словах Клюкача, у гэтай калёніі з палітычнымі зьняволенымі абыходзяцца асабліва жорстка: «Многіх палітычных зьняволеных зьбівалі, у тым ліку і мяне. Нам адмаўлялі ў пасылках, у праве на ліставаньне і спатканьні. Многія з нас апынуліся ў адзіночнай камэры. Агулам я правёў там 55 дзён», — кажа Ціхан Клюкач.

У кастрычніку беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў пра 94 «працаўладкаваных» палітвязьняў у ВК-15.

Паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, толькі на дрэваапрацоўцы ў калёніях цяпер працуюць каля 8 тысяч зьняволеных.

Прыклад ВК № 5 зьяўляецца ўвасабленьнем сыстэмы, якая, не хаваючыся, зьмешвае турэмнае зьняволеньне і прымусовую працу. «Наша арганізацыя выступае за натуральныя матэрыялы, высокую якасьць і шырокі выбар мадэляў», — гаворыцца на сайце ўстановы, дзе рэклямуецца мэбля, якая вырабляецца ёй, і яе экспарт у Расею, Францыю і Нямеччыну.

Сувязі некалькіх пастаўнікоў IKEA зь беларускімі папраўчымі калёніямі «вельмі праблематычныя», камэнтуе Марцін Мюлер, прафэсар Інстытуту ўстойлівага карпаратыўнага кіраваньня Ульмскага ўнівэрсытэту ў Нямеччыне, які змог загадзя азнаёміцца з часткай вынікаў дасьледаваньня. На яго думку, кампанія павінная была праверыць сваіх пастаўнікоў, у тым ліку ўскосных, каб выключыць наяўнасьць калёніяў у ланцужку.

На абвінавачаньні Die Tageszeitung у адрас Беларусі IKEA адказала, што кампанія разарвала кантрактныя адносіны зь ёй пасьля ўвядзеньня санкцыяў ЭЗ у кастрычніку 2020 году. Акрамя таго, IKEA абавязвае ўсіх пастаўнікоў прытрымлівацца стандартаў Міжнароднай арганізацыі працы ААН. Любыя прыкметы парушэньня гэтых стандартаў неадкладна спыняюцца.

Але, улічваючы наяўную інфармацыю, швэдзкая кампанія павінная была спыніць супрацоўніцтва з дыктатурай шмат гадоў таму. Гэта тым больш дакладна, калі ўлічыць, што гэта ня першы выпадак, калі IKEA асацыюецца з працай зьняволеных.

У лістападзе 2012 году IKEA давялося прызнаць, што ў 1970-х і 1980-х гадах у ГДР на кампанію працавалі палітычныя зьняволеныя. У той час генэральны дырэктар нямецкай філіі заявіў, што ён «глыбока закрануты» выкрыцьцямі. «IKEA не прымала і ніколі не прыме выкарыстаньне палітычных зьняволеных у вытворчасьці», — сказаў ён. Гэта было абяцаньне, якое карпарацыя не змагла выканаць, пішуць ў расьследаваньні нямецкага і францускага выданьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG