Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«40% апытаных ня ведаюць, у якім рэжыме працуе цяпер БелАЭС». Вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня


Беларуская АЭС у Астраўцы, архіўнае фота
Беларуская АЭС у Астраўцы, архіўнае фота

Адбылася прэзэнтацыя дасьледаваньня «Ці хвалюе сёньня экалёгія беларусаў?», якое арганізацыя «Экадом» правяла разам зь незалежнымі сацыёлягамі ў верасьні 2022 году.

Дасьледаваньне эколягі і сацыёлягі праводзілі мэтадам онлайн-апытаньня жыхароў гарадоў Беларусі. У апытаньні паўдзельнічалі 1066 чалавек ва ўзросьце ад 18 да 64 гадоў.

Стаўленьне людзей да экалягічных праблемаў дасьледчыкі апісвалі з дапамогай чатырох груп фактараў: экалягічная сьвядомасьць (экалягічныя праблемы важныя і імі трэба займацца), цікавасьць да актыўнасьці (людзі зацікаўленыя самі нешта рабіць), вера ў дзяржаву (дзяржава добра спраўляецца з экалягічнымі праблемамі), экалягічная пасіўнасьць (адчуваньне бясьсільля, немагчымасьці нешта зьмяніць).

Асноўныя вынікі з прэзэнтацыі дасьледаваньня

Паводле сацыёлягаў, аўдыторыя праведзенага імі дасьледаваньня дзеліцца на чатыры групы. Уцягнутыя (18%) — гэта ўжо сфармаваная патэнцыйная база для актывізму, з высокай экалягічнай сьвядомасьцю і зацікаўленасьцю ў дзеяньнях. У тых, хто спачувае (33%), высокая ўсьвядомленасьць, але няма нацэленасьці на дзеяньні. Апатычныя (18%) ня вераць у свае сілы, а інфантыльныя (31%) ня бачаць экалягічных праблем, перакладаючы адказнасьць на дзяржаву.

Скрыншот з прэзэнтацыі сацыялягічнага дасьледаваньня Экадома
Скрыншот з прэзэнтацыі сацыялягічнага дасьледаваньня Экадома

Амаль палова рэспандэнтаў высока заклапочаныя глябальнымі экалягічнымі праблемамі (45%), крыху меншая колькасьць — сытуацыяй у краіне (35%) і сваім горадзе (37%). Гэта значыць, што важна паказваць праявы глябальных праблем на лякальным узроўні, перакананыя эколягі.

Гаворачы аб канкрэтных экалягічных праблемах Беларусі, людзі часьцей задумваюцца пра забруджваньне навакольнага асяродзьдзя: паветра (21%), вады (19%), радыяактыўнае забруджваньне (17%) і наяўнасьць сьмецьця (16%). Часта таксама згадваюць высяканьне лясоў (17%). Гэтыя ж праблемы на першым месцы па актуальнасьці: забруджваньне навакольнага асяродзьдзя (3,9 па 5-бальнай шкале) і перапрацоўка адходаў (3,9).

Агульная заканамернасьць, якую адзначаюць эколягі: чым менш у людзей магчымасьці ўплываць на праблему, тым радзей яны адзначаюць яе актуальнасьць.

Скрыншот з прэзэнтацыі сацыялягічнага дасьледаваньня Экадома
Скрыншот з прэзэнтацыі сацыялягічнага дасьледаваньня Экадома

Людзі хочуць, каб урад нешта рабіў, але ня вераць, што ён на гэта здольны

Акрамя актуальнасьці праблемы радыяцыйнага забруджваньня пасьля аварыі на ЧАЭС, занепакоенасьць у рэспандэнтаў выклікае і запуск БелАЭС. Прыкладна 40% апытаных ня ведаюць, у якім рэжыме працуе цяпер БелАЭС. Доля праціўнікаў яе запуску (45%) крыху большая за долю прыхільнікаў (35%).

Рэспандэнты ў большасьці сваёй ускладаюць адказнасьць за вырашэньне экалягічных праблем на дзяржаву (82%), а не на бізнэс (34%) або экалягічныя арганізацыі (42%). Пры гэтым большасьць (60%) адзначае, што ўлады ўдзяляюць недастаткова ўвагі гэтай тэме.

Паводле праведзенага эколягамі дасьледаваньня, людзі хочуць, каб урад нешта рабіў, але ня вераць, што ён на гэта здольны. Дзяржаве трэба фундамэнтальна абнавіць сваё стаўленьне да экалягічнай сытуацыі, стварыўшы эфэктыўную заканадаўчую і стратэгічную базу для вырашэньня адпаведных праблем, перакананыя яны.

Толькі чвэрць апытаных выказвае сумненьні ў важнасьці і цікавасьці экалягічнага парадку. Але ў той жа час часта гучыць думка, што асьвятленьне гэтай тэматыкі ў інфармацыйным полі недастатковае, незразумелая роля чалавека ў вырашэньні гэтых праблем: што неабходна рабіць і які эфэкт гэта прынясе.

Большасьць (77%) дэкляруе гатоўнасьць удзельнічаць у экалягічных мерапрыемствах

З дасьледаваньня таксама вынікае, што актуальная экалягічная актыўнасьць у вачах апытаных зводзіцца да «тэорыі малых спраў»: прыбіраньне і сартаваньне сьмецьця, эканомія рэсурсаў, пасадка дрэў.

Так, сярод экалягічна адказных паводзін пераважае правільнае абыходжаньне з адходамі: не забруджваць (89%), здаваць на перапрацоўку (74%) і сартаваць сьмецьце (71%), удзельнічаць у прыбіраньні (69%). Распаўсюджана таксама беражлівае стаўленьне да рэсурсаў: людзі эканомяць электрычнасьць (72%) і ваду (65%), саджаюць дрэвы (65%).

Пераважная большасьць рэспандэнтаў (77%) дэкляруе гатоўнасьць удзельнічаць у экалягічных мерапрыемствах. Пры гэтым рэальны досьвед удзелу ёсьць у менш як паловы. Галоўным чынам гэта прыбіраньне сьмецьця і пасадка дрэваў. Такія мерапрыемствы лічацца найбольш бясьпечнымі і эфэктыўнымі.

Драйвэры ўдзелу супадаюць у прадстаўнікоў усіх сэгмэнтаў: клопат аб навакольным асяродзьдзі для будучых пакаленьняў і любоў да прыроды.

Найбольш зацікаўленыя ў экалягічнай праблематыцы жанчыны, людзі з павышаным прыбыткам, малодшыя і старэйшыя ўзроставыя сэгмэнты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG