Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мэтай было не забіць, а зламаць маральна». Яшчэ адзін былы вязень шклоўскай калёніі расказаў сваю вэрсію сьмерці Вітольда Ашурка


Вітольд Ашурак. Фотакаляж
Вітольд Ашурак. Фотакаляж

Працягваем расказваць, у якіх умовах Вітольд Ашурак быў у шклоўскай калёніі перад сьмерцю.

Пасьля публікацыі ўспамінаў Віктара Пархімчыка пра свае уражаньні ад шклоўскай калёніі расказаў яшчэ адзін былы палітвязень. Сяргей (імя зьмененае на просьбу героя, сапраўдныя зьвесткі ёсьць у рэдакцыі. — РС).

«Вітольд адкрыта называў адміністрацыю здраднікамі і ворагамі»

Сяргей расказвае, што трапіў у калёнію як фігурант крымінальнай палітычнай справы. Яму прысудзілі два гады пазбаўленьня волі, тэрмін адбываў у Шклове. У той самай калёніі, дзе ў траўні 2021 году загінуў Вітольд Ашурак.

«У шклоўскую калёнію я трапіў улетку 2021 году. Пасьля гібелі Вітольда адміністрацыя спужалася, пэўны час там перасталі біць вязьняў. Пры мне гэта былі адзінкавыя выпадкі. Да таго, як я трапіў у калёнію, як расказвалі вязьні, было горш. Мне гаварылі: «Табе пашанцавала. Яшчэ паўтара месяца таму нас жорстка білі тут», — кажа Сяргей.

З словаў былога палітвязьня, у шклоўскай калёніі ён сам ня раз трапляў у штрафны ізалятар.

«Немагчыма там самому сабе нанесьці пашкоджаньні, як сьцьвярджала адміністрацыя калёніі пасьля гібелі Вітольда (паводле афіцыйнай вэрсіі, Вітоль Ашурак памёр у выніку сардэчнай недастатковасьці, пашкоджаньні на яго целе адміністрацыя тлумачыла побытавымі прычынамі і самастойнымі дзеяньнямі вязьня. — РС). Як было на відэа, дзе ён ходзіць па камэры і потым падае і б’ецца галавой. Па-першае, у ШЫЗА ты сядзіш пад камэрамі назіраньня ўвесь час. Па-другое, кожныя 5-10 хвілін да цябе зазірае ахоўнік. Вязьні, зь якімі я перасякаўся, кажуць, што Вітольда білі. Бо ён, бадай, адзіны быў у калёніі, хто мог адкрыта выказваць свае думкі і сваё стаўленьне да адміністрацыі. Ён называў іх адкрыта «здраднікамі і ворагамі», — кажа былы зьняволены.

Вітольд Ашурак у судзе
Вітольд Ашурак у судзе

Суразмоўца сьцьвярджае, што людзей ў калёніі могуць біць без выразнай прычыны.

«Вітольда білі за ягоны характар і выказваньні, — перакананы былы палітвязень. — На яго ціснулі і маральна, і фізычна. Бо ён быў небясьпечны для адміністрацыі. Менавіта праз тое, што адкрыта выказваў свае думкі і такім чынам «падрываў аўтарытэт адміністрацыі калёніі».

Суразмоўца тлумачыць, што асаблівасьці стаўленьня адміністрацыі да зьняволеных у Шклове могуць быць выкліканыя жаданьнем падпарадкаваць іх. Як кажа былы палітвязень, да 2017 году шклоўская калёнія была «чорнай». На мове субкультуры зьняволеных гэта значыць, што там панавалі парадкі, вызначаныя самімі зьняволенымі. Як узгадвалі ў размове з Сяргеем «старажылы», у шклоўскай калёніі да 2017 году можна было набыць наркотыкі, алькаголь, нажы і заточкі. Адміністрацыя доўга змагалася з гэтым і ў выніку перамагла — «зона» стала «чырвонай» (цалкам падпарадкаванай адміністрацыі. — РС). Не жадаючы дапускаць старых парадкаў, адміністрацыя жорстка абыходзіцца з любымі праявамі непадпарадкаваньня. З словаў суразмоўцы, ён ня думае, што гібель Вітольда Ашурка была мэтанакіраваным забойствам.

«Яны не разьлічылі, што арганізм ня вытрымае і чалавек проста памрэ. Мэта была зламаць яго маральна», — перакананы Сяргей.

Калі ён трапіў у Шклоў, то размовы пра сьмерць Вітольда маглі быць небясьпечнымі для вязьняў.

«Мне гаварылі, што ня варта пра гэта нават размаўляць ці пытацца, бо нешта з табой можа здарыцца», — кажа былы зьняволены.

«Ня дзіва, што Вітольд выглядаў зьнясіленым»

Блізкія і сябры Вітольда зазначалі ў размовах з журналістамі, што на відэа з калёніі, дзе палітвязень пáдае ў камэры ШЫЗА, відаць, які худы і зьнясілены.

«Гэта ня дзіва. Адзін знаёмы зьняволены за два тыдні страціў 20 кіляграмаў вагі. Актыўных адміністрацыя ставіць на самую цяжкую працу, на начныя зьмены. Вось пацягае чалавек ноччу бярвеньні, потым ня высьпіцца днём. Калі „палітычны“ — то ён пазбаўлены перадач як „злосны парушальнік“. Харчаваньне на зоне ніякае. Мала сьпіш, мала ясі, шмат і цяжка працуеш — вось чалавек і зьнясілены. Пакачаеш начамі бярвеньне, то, вядома, будзеш сухі як трэска», — кажа Сяргей.

Ён апавядае, што раней, пасьля выступу Лукашэнкі ў 2015 годзе, невыносныя ўмовы адбыцьця пакараньня стварылі для «наркаманаў» — тых, хто адбываў пакараньне паводле артыкула 328. У 2015 годзе Лукашэнка загадаў стварыць для іх такія ўмовы, «каб яны сьмерці прасілі».

«Менавіта тады ў калёніях зьявілася новая „праца“ для вязьняў — ачышчаць кабэлі, здабываць медзь і алюміній. Праца вельмі цяжкая. Плацілі за яе капейкі. Потым, пасьля дзеяньняў кампаніі „Маці 328“, да „наркаманаў“ сталі ставіцца трохі лепш. Але выпрацаваную мэтодыку — „каб яны сьмерці прасілі“ — пачалі ўжываць у 2020 годзе да „палітычных“», — кажа былы палітвязень.

Помнік на магіле Вітольда Ашурка
Помнік на магіле Вітольда Ашурка

Паводле яго, першымі пасьля падзеяў 2020 году ў шклоўскую зону «заехалі» дзевяць «палітычных», у тым ліку і Вітольд Ашурак.

«Іх максымальна хутка зрабілі „злоснымі парушальнікамі“, пазбавілі спатканьняў, перадачаў. Стаць „злосным парушальнікам“ там надзвычай лёгка. На цябе прыйшоў загад „зьверху“ і цябе робяць парушальнікам. Я сам быў сьведкам, калі на праверцы да аднаго з вязьняў прычапіўся канвойны: „Чаму вы не паголены?“. А ён толькі што, пры мне галіўся. Той кажа: я паголены. Але канвойны сваё: „Якая прычына таго, што вы не паголены?“. Тут жа рапарт (засьведчаньне парушэньня. — РС)», — кажа былы вязень.

«Звычайнага крымінальніка пабілі жорстка толькі за тое, што ён размаўляў з „палітычнымі“»

Вагароў уплыву на вязьняў у адміністрацыі калёніі шмат, сьцьвярджае суразмоўца. Гэта пазбаўленьне перадачаў, спатканьняў, «атаваркі» (магчымасьці набываць прадукты на тэрыторыі калёніі. — РС), ШЫЗА.

«Яшчэ могуць на загад адміністрацыі „заганяць у гарэм“ — значыць, пераводзіць у статус „апушчаных“, людзей зь „нізкім сацыяльным статусам“. Гэта лёгка зрабіць з кожным. Напрыклад, звычайны зьняволены ня можа браць у рукі сьметніцу, каб выносіць яе, ці падняць нешта з падлогі ў прыбіральні, нават калі ў цябе гэта выпала з кішэні. Чалавеку даюць сьметніцу: „На, вынесі“. Ён згаджаецца — і трапляе ў катэгорыю „апушчаных“. Не згаджаецца — ідзе ў ШЫЗА. Пры мне жорстка катавалі звычайнага крымінальніка толькі за тое, што ён добра ставіўся да „палітычных“ і размаўляў зь імі. Намесьнік начальніка па рэжыме і апэратыўнай працы сам асабіста пабіў яго. Пасьля яго кінулі ў ШЫЗА і папярэдзілі, каб больш ніякіх зносінаў з „палітычнымі“», — кажа Сяргей.

Ён дадаў, што намесьнік начальніка па рэжыме і апэратыўнай працы быў аматарам біць зьняволеных. Намесьнік начальніка па ідэалёгіі быў аматарам маральна ціснуць на іх.

«За табой сочаць ня толькі апэратыўнікі, але і пяць зэкаў, якія даносяць»

Сяргей кажа, што адміністрацыя зоны шмат увагі зьвяртае на словы, размовы сярод вязьняў.

«Больш за ўсё яны баяцца размоваў, выказваньня нейкіх ідэяў, калі ты даносіш нейкую інфармацыю, якая можа ўскалыхнуць сьвядомасьць іншых. За табой назірае ня толькі апэратыўнік, але яшчэ і пяць зэкаў, якія даносяць. Я трапіў у ШЫЗА, мне начальнік апэратыўнай працы перадаў менавіта тыя словы, якія я казаў у атрадзе. За дзьве фразы я пайшоў у ШЫЗА», — кажа былы зьняволены.

Калі «палітычнага» пазбавілі ўсяго — перадачаў, «атаваркі», спатканьняў, то іншыя зэкі могуць яму дапамагчы, расказвае Сяргей. Падзяліцца яблыкамі ці цыгарэтамі.

«Але гэта будзе пакарана. Ведаю выпадак, калі аднаму „палітычнаму“ перадалі яблык. Тут жа нехта данёс. І „палітычны“, не звычайны зэк, панёс пакараньне за той яблык. Быў іншы выпадак. Адзін „палітычны“ падзяліўся прадуктамі з зэкам. Канечне, быў пакараны „палітычны“. Бо ў „Правілах унутранага распарадку“ ёсьць такі пункт, што нельга перадаваць іншаму сваю маёмасьць. Хоць для звычайных зэкаў гэтае правіла ня дзейнічае. Яны адміністрацыі не цікавыя, на іх заплюшчваюць вочы», — кажа Сяргей.

Стукачы, паводле Сяргея, маюць сваю зацікаўленасьць у супрацы з адміністрацыяй і ціску на «палітычных».

«Ім могуць даць больш спатканьняў, могуць зьмяніць рэжым на лягчэйшы. Таму яны і рупяцца так у сваёй справе», — дадаў былы «палітычны».

Хто такі Вітольд Ашурак

  • Вітольд Ашурак — палітычны і грамадзкі актывіст. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Жыў і працаваў у Бярозаўцы (Лідзкі раён). Нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 году. Памёр 21 траўня 2021-га ў папраўчай калёніі № 17.
  • Прыйшоў у палітыку пасьля Плошчы-2010 і арышту пасьля яе. Тады ж перайшоў на беларускую мову. Неаднойчы балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Ні разу туды ня трапіў.
  • Падымаў экалягічныя пытаньні, у тым ліку пра забруджваньне паветра шклозаводам «Нёман» у Бярозаўцы, забруджваньне рэк Дзітва і Нёман, якое выклікала паморак рыбы. Выходзіў на акцыі і адзіночныя пікеты. Яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі.
  • Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне, ставіў каліноўцам помнікі і крыжы. Удзельнічаў у цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе.
  • Ашурак стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. 9 жніўня да Лідзкага райвыканкаму прыйшлі тысячы чалавек, незадаволеныя агучанымі вынікамі галасаваньня. Вітольд у той вечар і раней заклікаў усіх да мірнага вырашэньня пытаньня.
  • Актывіста затрымалі ўвечары 9 жніўня і асудзілі на 20 сутак: 15 за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», 5 дадалі за «непавагу да суду», бо Вітольд ня ўстаў, калі ўвайшоў судзьдзя. Яго выпусьцілі празь 5 дзён, калі сталі выпускаць усіх «палітычных». На плошчу ў Лідзе яго прывёз на сваёй машыне сам начальнік Лідзкага РАУС.
  • Паўторна Ашурка затрымалі 19 верасьня 2020 году. Ён мусіў адбыць прыпынены арышт (15 дзён), яшчэ 15 сутак далі за тыя акцыі, на якія ён хадзіў у жніўні і верасьні.
  • Празь месяц яго ня выпусьцілі з ізалятара. На Вітольда завялі дзьве крымінальныя справы за падзеі 9 жніўня: за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за тое, што нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (артыкул 364 КК Беларусі).
  • Суд праходзіў у Лідзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Максім Філатаў 18 студзеня 2021 году асудзіў Ашурка на 5 гадоў калёніі. Таксама актывіст мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту Кацілу.
  • Вітольд Ашурак быў прызнаны палітвязьнем.
  • 21 красавіка Ашурка перавялі з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію. Цягам месяца ад яго амаль не было лістоў, хаця перад гэтым лісты сябрам і сваякам ад яго прыходзілі часта. У адным з апошніх ягоных лістоў упершыню не было фразы «Жыве Беларусь!», якой ён завяршаў кожны ліст.
  • 21 траўня родным паведамілі са шклоўскай калёніі, што Вітольд Ашурак памёр ад «спыненьня сэрца».
  • Цела аддалі сваякам празь 5 дзён. Галава «ад макаўкі да носу» была забінтаваная. У магілёўскім моргу патлумачылі гэта тым, што цела нібыта ўдарылі галавой, калі вымалі зь лядоўні. У дакумэнтах прычына сьмерці Ашурка не названая.
  • У той жа вечар зьявілася змантаванае зь некалькіх кавалкаў відэа Сьледчага камітэту, на якім нібыта апошнія моманты жыцьця Ашурка. Відаць чалавека ў пустой камэры ў робе з надпісам «ШИЗО». Ён стаіць, хістаючыся, а потым двойчы падае, б’ецца галавой. Супрацоўнік турмы перабінтоўвае яму галаву пасьля першага падзеньня і зноў пакідае аднаго ў камэры. Са словаў Сьледчага камітэту, Ашурак адмовіўся ад шпіталізацыі.
  • Сваякі думаюць, што Вітольда забілі ў калёніі.
  • Вітольда пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гімнам «Магутны Божа». Крымінальную справу па факце сьмерці Вітольда Ашурка не завялі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG