Расказваем малавядомыя факты пра яго і паказваем ягоныя дзіцячыя і юнацкія фтаздымкі.
1. Бачыў бацьку некалькі разоў у жыцьці
Бацькі разышліся, калі Вітольду быў годзік, а ягоны брат Андрэй яшчэ не нарадзіўся. Іхнага бацьку насамрэч звалі Зьбігнеў, або па-простаму Збышак, але ў дакумэнтах ён запісаны як Міхаіл. Таму Вітольд — Міхайлавіч.
Бацька зьехаў на заробкі ў Расею. Аднойчы вярнуўся і спрабаваў памірыцца з жонкай, але Алена Міронаўна сыходзіцца зноў не захацела.
«Я памятаю, я яшчэ ў школу не хадзіў, гэта быў канец 70-х гадоў, мо які 1979-ы, ён, мусіць, прыехаў з БАМа — я ведаю, што ён езьдзіў на БАМ працаваць — і хацеў памірыцца з мамай. Я памятаю, як бачыў яго з вакна. Памятаю, ён прывёз кедравых арэшкаў — якія яны смачныя былі! Я памятаю, стырыў зь Віталікам у міску, залезьлі пад коўдру, нібыта сьпім, і елі гэтыя гарэшкі», — расказаў брат Вітольда Андрэй Ашурак.
2. Да прыходу ў палітыку і грамадзянскую дзейнасьць быў Віталікам
Зь дзяцінства ўсе называлі Вітольда Віталікам. На школьных сшытках ён пісаў «Віталій Ашурак». Маці і сваякі так называюць яго дагэтуль. Але і ў пасьведчаньні аб нараджэньні, і ў касьцельных дакумэнтах ён быў запісаны як Вітольд. Калі прыйшоў час рабіць пашпарт, паўстаў выбар, як там сябе запісаць. І Вітольд выбраў сваё дакумэнтальнае імя, па якім яго мала хто тады называў: Ашурак Вітольд Міхайлавіч.
«Слухай, кажу, а як табе больш падабаецца, як цябе завуць: Віталік ці Вітольд? Ён такі задумаўся: ну ты задаў пытаньне, я і сам ня думаў. Пасьля падумаў: усё ж такі Вітольд. З той пары я яго называю толькі Вітольд», — успамінаў сябар Ашурка Сяргей Пантус.
3. У дзяцінстве сабраў каманду, каб вырыць артэзіянскую сьвідравіну
У Бярозаўцы, дзе расьлі Вітольд і Андрэй пасьля пераезду з роднай вёскі Агароднікі, у 1980-я было шмат дзяцей. Зьбіраліся кампаніямі, гулялі ў футбол, хакей. Аднойчы Вітольд прачытаў, што можна вырыць артэзіянскую сьвідравіну і дакапацца да вады.
«Выбралі мы, канечне, самае непрыдатнае месца, дзе адзін пясок. І мы дзіцячымі шуфлікамі вырылі, напэўна, мэтры тры ўніз. І капалі ўсе! Усім было цікава, ці хутка мы дакапаемся да вады. Гэта было нешта», — успамінае Андрэй Ашурак.
Ваду тады яны так і не знайшлі.
4. Не атрымаў вышэйшую адукацыю, бо ў сям’і не хапала грошай, але веды меў «акадэмічныя»
На пытаньні пра адукацыю Вітольд адказваў, што мае самую лепшую, бо ён — самавук.
У школе вучыўся добра, быў разумным, генэратарам ідэй. Маці ў школу ніколі не выклікалі, бо праблем зь дзецьмі не было. Аднак пасьля школы не было грошай, каб сыны маглі паехаць вучыцца ў інстытут. Сям’я з двума дзецьмі і бабуляй жыла на заробак маці, якая працавала на заводзе, і пэнсію бабулі.
«Мне цяжка было, я адна працавала, сям’я, і мама яшчэ тады была. Трэба было камунальныя плаціць. Тады ніхто мне не падказаў, што можна было крэдыт на вучобу ўзяць. Хоць было мне цяжка, хай бы ішлі вучыліся. Але я не магла сабе дазволіць», — расказвала Алена Міронаўна.
Адукацыі ў Вітольда было 10 клясаў школы і няскончанае ПТВ. Аднак, як расказваюць сябры, ён уражваў сваімі акадэмічнымі ведамі, інтэлігентнасьцю, шмат чытаў пра ўсё. Ведаў і любіў гісторыю Беларусі і сусьветную гісторыю.
Пасьля 2010 году ён перайшоў на беларускую мову. Каб пісаць без памылак, прасіў жонку дыктаваць яму дыктанты. Яму тады было за 40.
5. Пісаў вершы, добра маляваў, рабіў тату
Вітольд са школы любіў маляваць і пісаць тэксты.
«Ён прыроджаны пісьменьнік. Яшчэ ў малодшых клясах пісаў раман пра ўсю клясу. І вершы пісаў», — расказаў Андрэй Ашурак.
Але ні вершаў, ні карцін Вітольда не захавалася.
«Адзін раз ён на паперы простым алоўкам — гэта гадоў, можа, з 10 таму — намаляваў паўпустую бутэльку, паўпустую шклянку і гурок. Ну так натуральна! Я ў рамку ўсё гэта быў уставіў, і доўга-доўга вісела ў мяне на кухні», — кажа Андрэй.
Брат упэўнены, што Вітольд быў найлепшым татуіроўшчыкам у Бярозаўцы. Трэнаваўся ён на сабе, таму ў Вітольда было шмат малюнкаў на целе. Брату татуіроўкі біў таксама ён.
«Плянавалі, як ён выйдзе з турмы, шмат чаго перабіць. Цяпер ня буду перарабляць, бо няма майго татуіроўшчыка», — кажа Андрэй.
6. Зьвяртаўся да жанчын «пані»
Вітольд называў жанчын і дзяўчат па-шляхецку «пані». Гэта відаць і зь лістоў, якія ён пісаў знаёмым і незнаёмым жанчынам з турмы.
«Вітольд быў хіба адзіны чалавек, які мне называў Волечка. Усё пачалося з таго, што Вітольд калісьці пачаў называць мяне „Пані Вольга“. Дзесьці пару тыдняў я яго ўгаворвала перайсьці на „ты“ і называць мяне неяк па-іншаму, бо я бянтэжылася», — расказвала сяброўка Вітольда Вольга Быкоўская.
«Я пакепліваў зь ягонага, як ён да жанчын зьвяртаецца: „пані“. Кажу: „А што ты ўсё „пані-пані“, нават да маладзейшых?“ — „Ай, кажа, Сяргей, ты не разумееш. Ведаеш, як дзяўчатам гэта падабаецца? А мне падабаецца, як ім падабаецца“. Прычым трошкі пачырванеў сам», — успамінаў пра гэта сябар Сяргей Пантус.
7. Быў мушкетэрам у паводзінах і выглядзе
Сябры згадваюць Вітольда як галянтнага і далікатнага чалавека. Некаторыя параўноўвалі яго ў ягоных манерах з рыцарам або мушкетэрам. З апошнімі яго яднала акуратная бародка, якую ён даглядаў нават за кратамі. Зь ёй ён быў і на судзе.
Вітольд кардынальна памяняў свой імідж у 2017 годзе. Раней ён насіў джынсы, швэдар, кеды або берцы, завязваў бандану, меў даўгія валасы, якія заплятаў у пучок або коску. А тады папрасіў жонку яго пастрыгчы, зрабіць модную фрызуру. Неўзабаве паехаў зь сябрам у Ліду і выбраў гарнітур. Бародка і вусікі зьявіліся на год пазьней, калі ён вярнуўся зарослы пасьля сплаву па Нёмане. У такім выглядзе многія і ведаюць Вітольда Ашурка зь ягонага агітацыйнага пляката, калі ён браў удзел у парлямэнцкіх выбарах.
У турме, калі ў Вітольда моцна пагоршыўся зрок праз кепскае асьвятленьне, ён клапаціўся, каб акуляры яму былі да твару.
«Акуляры мне перадалі, і я цяпер выглядаю вельмі... А зрэшты, халера яго ведае, як я выглядаю звонку. Адседжу тэрмін у турме, выйду, і ты сама скажаш, як я выглядаю! ))) У пытаньні іміджу я цалкам давяраюся тваім рэкамэндацыям», — пісаў ён у лісьце да Вольгі Быкоўскай.
8. Сваіх дзяцей ня меў, але для пляменьнікаў быў другім бацькам
Вітольд добра ладзіў зь дзецьмі, і два сыны ягонага брата любілі бавіць зь ім час і як былі малыя, і як вырасьлі.
«Ён любіў сваіх пляменьнікаў. Часам яны называлі яго другім бацькам. Як яны яшчэ вучыліся ў Менску, прыяжджалі дахаты на выходныя, абавязкова трэба было пайсьці да дзядзькі, абавязкова пагуляць, пагаварыць зь ім. Малодшы любіў зь ім гуляць. На Нёман яны хадзілі», — расказаў Андрэй Ашурак.
9. Зь ежы яму была патрэбная кава. А таксама цыгарэтка
Вітольд быў вельмі непатрабавальны да ўмоваў жыцьця.
«Ты ж ведаеш маё спартанскае стаўленьне — абы былі папяросы і кава, і я выжыву дзе заўгодна!» — пісаў Вітольд з турмы.
Кава была адным з абавязковых атрыбутаў, калі яны з паплечнікамі на кухні абмяркоўвалі свае пляны.
«У яго на кухні штаб быў, як мы жартавалі. Там мы ўсе вечары праводзілі ў Вітольда. Гэта апошнія 4 гады. Ну, ня штаб — заля паседжаньняў. Кавы там выпілі не адно вядро. Вітольд таксама каваман. У прынцыпе, ён мяне і прывучыў да кавы», — расказвае сябар Сяргей Пантус.
10. Штогод з паплечнікамі будаваў плыт і сплаўляўся па Нёмане
Гэтае захапленьне зьявілася яшчэ ў юнацтве, у 1988 годзе, і захавалася праз усё жыцьцё. Першы плыт Вітольд зь сябрамі спрабавалі зрабіць яшчэ ў школе з драўлянай гарадзкой прыбіральні, але тады іх «накрыла» міліцыя.
Штогод на двары дома Ашуркаў паўставаў сапраўдны карабель, які будавалі з нуля. Перад гэтым Вітольд падрабязна маляваў чарцяжы. Гарадзкі транспарт на гэты час нават мяняў маршрут, каб паглядзець, як у двары вырастае судна. Кожны карабель меў сваё імя: «Сёмае неба», «Баніфацый», «Коза ностра».
«Гэта атрымліваўся вялікі канструктар без аніводнага цьвіка. Мы яго тут цалкам зьбіралі, а потым разьбіралі. Усё пранумаравана, дзе што стаіць. Везьлі яго на Нёман і зьбіралі там зноў», — расказваў пра працэс Андрэй Ашурак.
На караблі быў свой статут. Сярод правіл — жанчыны маглі толькі праводзіць карабель, але ня плыць на ім увесь час.
11. Не прызнаўся, што яго зьбілі
9 жніўня 2020 году Вітольд быў адным з затрыманых падчас «рэвалюцыі ў Лідзе», як ён яе называў. Яго лічылі лідэрам паўстаньня ў рэгіёне. Ён вёў людзей за сабой, адначасна намагаўся, каб падчас пратэстаў не было крыві, не пацярпелі людзі, спрабаваў весьці перамовы з уладамі.
Сьведкі бачылі, як Вітольда білі пасьля затрыманьня. Аднак ён ніколі не прызнаўся ў гэтым нават самым блізкім, нават пасьля пытаньня, адкуль у яго жоўты сіняк пад вокам, калі яго выпусьцілі празь некалькі дзён.
12. У кожным лісьце з-за кратаў пісаў «Жыве Беларусь!»
Гэта было традыцыйнае завяршэньне кожнага ягонага ліста, нават у той час, калі на волі гэты вокліч даўно стаў забароненым. Гэтай фразы не было толькі ў адным з апошніх ягоных лістоў у красавіку 2021 году са шклоўскай калёніі, за месяц да сьмерці.
Хто такі Вітольд Ашурак
- Вітольд Ашурак — палітычны і грамадзкі актывіст. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Жыў і працаваў у Бярозаўцы (Лідзкі раён). Нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 году. Памёр 21 траўня 2021-га ў папраўчай калёніі № 17.
- Прыйшоў у палітыку пасьля Плошчы-2010 і арышту пасьля яе. Тады ж перайшоў на беларускую мову. Неаднойчы балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Ні разу туды ня трапіў.
- Падымаў экалягічныя пытаньні, у тым ліку пра забруджваньне паветра шклозаводам «Нёман» у Бярозаўцы, забруджваньне рэк Дзітва і Нёман, якое выклікала паморак рыбы. Выходзіў на акцыі і адзіночныя пікеты. Яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі.
- Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне, ставіў каліноўцам помнікі і крыжы. Удзельнічаў у цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе.
- Ашурак стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. 9 жніўня да Лідзкага райвыканкаму прыйшлі тысячы чалавек, незадаволеныя агучанымі вынікамі галасаваньня. Вітольд у той вечар і раней заклікаў усіх да мірнага вырашэньня пытаньня.
- Актывіста затрымалі ўвечары 9 жніўня і асудзілі на 20 сутак: 15 за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», 5 дадалі за «непавагу да суду», бо Вітольд ня ўстаў, калі ўвайшоў судзьдзя. Яго выпусьцілі празь 5 дзён, калі сталі выпускаць усіх «палітычных». На плошчу ў Лідзе яго прывёз на сваёй машыне сам начальнік Лідзкага РАУС.
- Паўторна Ашурка затрымалі 19 верасьня 2020 году. Ён мусіў адбыць прыпынены арышт (15 дзён), яшчэ 15 сутак далі за тыя акцыі, на якія ён хадзіў у жніўні і верасьні.
- Празь месяц яго ня выпусьцілі з ізалятара. На Вітольда завялі дзьве крымінальныя справы за падзеі 9 жніўня: за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за тое, што нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (артыкул 364 КК Беларусі).
- Суд праходзіў у Лідзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Максім Філатаў 18 студзеня 2021 году асудзіў Ашурка на 5 гадоў калёніі. Таксама актывіст мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту Кацілу.
- Вітольд Ашурак быў прызнаны палітвязьнем.
- 21 красавіка Ашурка перавялі з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію. Цягам месяца ад яго амаль не было лістоў, хаця перад гэтым лісты сябрам і сваякам ад яго прыходзілі часта. У адным з апошніх ягоных лістоў упершыню не было фразы «Жыве Беларусь!», якой ён завяршаў кожны ліст.
- 21 траўня родным паведамілі са шклоўскай калёніі, што Вітольд Ашурак памёр ад «спыненьня сэрца».
- Цела аддалі сваякам празь 5 дзён. Галава «ад макаўкі да носу» была забінтаваная. У магілёўскім моргу патлумачылі гэта тым, што цела нібыта ўдарылі галавой, калі вымалі зь лядоўні. У дакумэнтах прычына сьмерці Ашурка не названая.
- У той жа вечар зьявілася змантаванае зь некалькіх кавалкаў відэа Сьледчага камітэту, на якім нібыта апошнія моманты жыцьця Ашурка. Відаць чалавека ў пустой камэры ў робе з надпісам «ШИЗО». Ён стаіць, хістаючыся, а потым двойчы падае, б’ецца галавой. Супрацоўнік турмы перабінтоўвае яму галаву пасьля першага падзеньня і зноў пакідае аднаго ў камэры. Са словаў Сьледчага камітэту, Ашурак адмовіўся ад шпіталізацыі.
- Сваякі думаюць, што Вітольда забілі ў калёніі.
- Вітольда пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гімнам «Магутны Божа». Крымінальную справу па факце сьмерці Вітольда Ашурка не завялі.