Ксёндз Андрэй Радзевіч асьвяціў помнік на магіле Вітольда Ашурка. Да магілы прыйшлі родныя і сябры.
«Просім цябе, дабраславі гэты помнік, які мы ўзносім на магіле твайго слугі Вітольда. Адары яго сваёй бясконцай міласэрнасьцю і ўваскрасі яго цела для жыцьця ў хвале», — прамовіў сьвятар.
Прысутныя разам памаліліся і прасьпявалі гімн «Магутны Божа».
На старонцы памяці Вітольда Ашурка ў Facebook адзначаецца, што ксёндз Андрэй «цёпла падтрымаў маці Вітольда Ашурка» і сказаў, што часта ўзгадвае Вітольда і моліцца за яго.
Брат Вітольда Ашурка Андрэй паведаміў BPN, што зрухаў у справе праверкі абставінаў сьмерці Вітольда няма.
«Афіцыйна ніякай інфармацыі там быць ня можа. Калі яны дадуць інфармацыю, то трэба ўсіх, хто гэта зрабіў, пакараць і пасадзіць туды, куды яны саджалі зьняволеных. Але злодзей злодзея ў турму не пасадзіць», — сказаў Андрэй Ашурак.
Ён перакананы: «Прыйдзе час, і прозьвішчы вінаватых [у гібелі брата] будуць названыя».
Вітольд Ашурак — грамадзка-палітычны дзяяч, сябра Партыі БНФ, адзін з каардынатараў руху «За Свабоду». Ня раз ўдзельнічаў у мясцовых і парлямэнцкіх выбарах, падымаў экалягічныя пытаньні, ушаноўваў паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.
У верасьні 2020 году Ашурка затрымалі. 18 студзеня 2021 году суд Лідзкага раёну (судзьдзя Максім Філатаў) прысудзіў яму пяць гадоў калёніі агульнага рэжыму па абвінавачаньні ў «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», а таксама «гвалце або пагрозе ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў» (арт. 342 і 364 КК адпаведна).
21 траўня 2021 года Ашурак памёр пры нявысьветленых абставінах у шклоўскай калёніі № 17 (Магілёўская вобласьць). Яму было 50 гадоў. У гадавіну яго сьмерці праваабарончы цэнтар «Вясна» аб’явіў Дзень палітвязьня.