Кіраўнік Сьледчага камітэту Беларусі Дзьмітры Гара ў час Пецярбурскага міжнароднага форуму ў Расеі нагадаў, што ў дачыненьні пяці кіраўнікоў палка Каліноўскага вынесеныя абвінаваўчыя прысуды ад 12 да 20 гадоў у парадку спэцвытворчасьці. Яны знаходзяцца за мяжою і асуджаныя завочна.
125 чалавек, якія, на думку СК, зьвязаныя з Палком Каліноўскага, абвешчаныя ў вышук. А шэсьць асобаў узятыя пад варту.
«Удзельнікі беспарадкаў, якія ўцяклі за мяжу, стварылі ва Ўкраіне і Польшчы нацыяналістычныя ўзброеныя фармаваньні. У іх ліку „Полк Каліноўскага“, „Беларускі добраахвотніцкі корпус“ і іншыя, якія дзейнічаюць пад куратарствам замежных спэцслужбаў», — заявіў Гара.
Таксама Гара ўдакладніў, што ў крымінальных справах Сьледчага камітэту асуджаныя 77 чалавек за «здраду дзяржаве» (частка 1 артыкулу 356 КК).
«Следствам устаноўленыя і сабраныя доказы, якія дазволілі асудзіць больш за 6000 тысяч экстрэмістаў, якія выношвалі планы фізычнай ліквідацыі кіраўніцтва краіны, зьмены канстытуцыйнага ладу і прывядзеньня ва ўладу антынароднага марыянэткавага ўраду.
Адным з інструмэнтаў дасягненьня злачыннай мэты выбрана тактыка цкаваньня і расправы ў адносінах дзяржаўных службоўцаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў, іх сем’яў і блізкіх. Экстрэмісцкія тэлеграм-рэсурсы фармавалі расстрэльныя сьпісы прадстаўнікоў улады і сілавікоў».
Форум