Падчас Міжнароднага форуму аб бясьпецы ў Галіфаксе Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з сэнатарамі ЗША.
У складзе дэлегацыі былі сэнатары Джын Шагін, Джым Рыш, Кірстэн Джылібранд, Крыс Кунз, Тым Кейн, Джэкі Розэн, Майк Раўндз. Палітыкі абмеркавалі пашырэньне ваеннай прысутнасьці Расеі ў Беларусі.
«Нам трэба дабіцца вываду расейскіх войскаў і зрабіць тэрміновыя крокі для абароны нашай незалежнасьці», — сказала Ціханоўская.
На сустрэчы зь міністаркай абароны Канады Анітай Ананд Ціханоўская гаварыла пра тое, як дапамагчы беларускім валянтэрам, якія змагаюцца за свабоду ва Ўкраіне. Яны абмеркавалі, як агульнымі намаганьнямі вярнуць мір і бясьпеку ва Ўсходнюю Эўропу, у тым ліку ў Беларусь.
Арганізатары Форуму спэцыяльна для гэтай сустрэчы вырабілі беларускія нацыянальныя сьцягі, адзначае прэс-служба Ціханоўскай.
Сьвятлана Ціханоўская таксама правяла сустрэчу з былым прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, падчас якой ён расказаў пра чаканьні Ўкраіны ад дэмакратычных сілаў.
Парашэнка і Ціханоўская дамовіліся каардынаваць працу ў інфармацыйнай прасторы, а таксама пашукаць магчымасьці падтрымкі для беларускіх добраахвотнікаў, у тым ліку вырашыць пытаньні празь Вярхоўную Раду пра іх легалізацыю, кампэнсацыі для параненых і сем’яў загінулых.
«Пуцін можа захацець Беларусь як суцяшальны прыз, нават пасьля перамогі Ўкраіны. Гэтага нельга дапусьціць», — адзначыла Ціханоўская падчас размовы зь міністаркай абароны Нідэрляндаў Кайсай Олянгрэн пра неабходнасьць абароны незалежнасьці Беларусі.
З намесьніцай дзяржсакратара ЗША Боні Джэнкінс Сьвятлана Ціханоўская размаўляла пра арганізацыю слуханьняў у Радзе Бясьпекі ААН аб Беларусі.
З дэпутатамі Бундэстагу беларуская палітык абмеркавала падтрымку палітвязьняў і рэпрэсаваных, неабходнасьць выпрацоўкі стратэгіі па выцягваньні Беларусі з-пад кантролю Расеі.
Падчас панэльнай дыскусіі аб барацьбе з дэзынфармацыяй дэмакратычная лідэрка Беларусі расказала пра важнасьць падтрымкі незалежных беларускіх мэдыя:
«У Беларусі мы сутыкаемся з рэжымам, пабудаваным на хлусьні. Але яму не ўдалося перашкодзіць людзям даведвацца праўду. Нягледзячы на тое, што незалежныя СМІ былі забароненыя як экстрэмісцкія, яны працягваюць сваю важную працу, знаходзячыся ў выгнаньні».
Таксама Сьвятлана Ціханоўская ў першыя дні свайго візыту ў Канаду выступіла на пленарнай дыскусіі Форуму, зьвярнулася да Google i Facebook з заклікам дапамагчы актывістам і журналістам, якія супрацьстаяць рэжымнай машыне:
«Тэхналягічныя кампаніі маглі б больш дапамагаць Беларусі, блякаваць цэнзуру, падтрымліваць незалежны кантэнт. Google мог бы ўвесьці падтрымку беларускай мовы на YouTube», — сказала Ціханоўская.
Яна расказала пра блякаваньне кантэнту гурту Tor Band, музык якога затрымалі, і пра «пакаянныя» відэаролікі, якія круцяць на Youtube. Ціханоўская таксама расказала, што яе офісу ў супрацы з Google ужо ўдалося заблякаваць сотні прапагандысцкіх відэа, але яны працягваюць зьяўляцца, таму патрэбна сыстэмна вырашыць гэтую праблему.
Наступныя дні Сьвятлана Ціханоўская правядзе ў Атаве, дзе сустрэнецца зь кіраўніком Сэнату, прэмʼер-міністрам Джастынам Трудо і міністаркай замежных справаў Мэляні Жалі.
Адбудуцца таксама сустрэчы са старшынёй БНР Івонкай Сурвілай, а таксама з прадстаўнікамі мэдыя, акадэмічнай і экспэртнай супольнасьці.