«Мы будзем працаваць разам, каб вярнуць мір і бясьпеку ва Ўсходнюю Эўропу, у тым ліку ў маю любімую Беларусь», — напісала палітык у «Твітары» па выніках перамоваў на палях Форума па бясьпецы ў канадзкім Галіфаксе, што праходзіць 18–20 лістапада.
На сустрэчы Ціханоўскай зь міністркай абароны Нідэрляндаў Кайсай Алангрэн абмяркоўвалася «супрацоўніцтва ў ваенна-палітычнай сфэры». «Лукашэнка стварыў сур’ёзную пагрозу незалежнасьці Беларусі. Цяпер мы мусім дзейнічаць неадкладна, каб падарваць ваенныя намаганьні Расеі, выключыўшы Беларусь з ураўненьня», — адзначыла яна.
У рамках візыту ў Канаду палітык таксама абмеркавала з шэрагам сэнатараў ЗША тое, як «Расея выкарыстоўвае вайну [ва Ўкраіне] для пашырэньня сваёй пастаяннай ваеннай прысутнасьці на беларускай тэрыторыі» і заклікала да «тэрміновых дзеяньняў для абароны незалежнасьці» Беларусі.
На пленарным пасяджэньні Форума па бясьпецы ў Галіфаксе Ціханоўская заявіла, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі «пабудаваны на хлусьні». Паводле яе слоў, з дапамогай дзяржаўнага тэлебачаньня і прэсы ўлады «шмат гадоў спрабавалі паказаць беларусам, што тыя жывуць у „астраўку стабільнасьці“, у іх цудоўнае жыцьцё, а заходнія краіны прагнілі».
«Але дзякуючы інтэрнэту і магчымасьці падарожнічаць маладое пакаленьне беларусаў атрымала магчымасьць наведваць іншыя краіны, бачыць, як насамрэч жывуць людзі, — заявіла Ціханоўская. — Яны пачалі задавацца пытаньнямі: ці сапраўды яны жывуць у цудоўнай краіне, ці насамрэч адносіны з Расейскай Фэдэрацыяй такія выгадныя для Беларусі? І Лукашэнка ня мог спыніць далейшае разьвіцьцё падзей. Усё гэта прывяло да маштабнага паўстаньня пасьля сфальсыфікаваных выбараў 2020 года».
«Народнае паўстаньне ўсё працягвалася, і Лукашэнка зразумеў, што гэта ня тыя звычайныя хваляваньні, якія былі ў ранейшыя гады. Ён стаў блякаваць альтэрнатыўныя мэдыя ў нашай краіне, абвясьціў іх экстрэмісцкімі, забараніў людзям глядзець youtube, чытаць альтэрнатыўныя крыніцы. Гэтыя мэдыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь, стаць СМІ ў выгнаньні і пачаць працаваць з-за мяжы», — канстатавала яна.
У апублікаваным 18 лістапада артыкуле для канадзкай газэты The Globe and Mail Ціханоўская заклікала Атаву, якая замарозіла і канфіскавала расейскія актывы, прыняць аналягічнае рашэньне па Лукашэнку і яго набліжаным. На яе думку, Канадзе і іншым краінам G7, якія ўжо прынялі абмежавальныя меры супраць беларускіх уладаў, варта ўвесьці больш «фінансавых і другасных санкцый супраць дзяржпрадпрыемстваў, якія сілкуюць рэпрэсіўны апарат Лукашэнкі і ваенную машыну Пуціна».
Разам з тым яна падкрэсьліла, што «пакараньне аўтакратыі Лукашэнкі не павінна шкодзіць невінаватым беларусам», таму «трэба быць асьцярожнымі, каб не дапусьціць дыскрымінацыі беларусаў у Канадзе». «Кампаніі, заснавальнікі якіх маюць беларускія пашпарты, не павінны падвяргацца абмежаваньням, калі толькі канкрэтныя асобы або кампаніі не знаходзяцца пад санкцыямі», — упэўнена палітык.
Канада, на яе думку, таксама «магла б аказаць фінансавую падтрымку семʼям палітычных зьняволеных».
Ціханоўская нагадала пра створаны Абʼяднаны пераходны кабінэт, які «будзе абараняць незалежнасьць Беларусі і забясьпечваць пераход да дэмакратыі да правядзеньня новых выбараў». «Працоўныя ўзаемаадносіны Канады з кабінэтам дапамогуць беларусам абараніць сваю незалежнасьць і прынесьці свабоду і дэмакратыю ў сваю краіну», — мяркуе дэмлідарка.
Палітык наведвае Канаду 18–23 лістапада. У праграме яе візыту сустрэчы зь міністрам замежных спраў Мелані Жалі, прадстаўнікамі Сэната і Палаты абшчын, беларускай дыяспарай, а таксама старшынёй Рады Беларускай народнай рэспублікі Івонкай Сурвілай.