Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«КібэрПартызаны» заявілі пра ўзлом унутранай сеткі структуры «Раскамнагляду»


Беларуская хакерская група «КібэрПартызаны» паведаміла пра ўзлом унутранай сеткі Галоўнага радыёчастотнага цэнтру (ГРЧЦ) «Раскамнагляду». У ГРЧЦ пацьвердзілі факт атакі, але заявілі, што сытуацыя была пад кантролем.

Яе сьцьвярджаюць «КібэрПартызаны», ім удалося выгрузіць больш за два тэрабайты дадзеных. Хакеры апублікавалі ў сваім тэлеграм-канале некалькі скрыншотаў здабытых дакумэнтаў і перапісак супрацоўнікаў ГРЧЦ.

У прыватнасьці, на адным зь іх пералічаныя пошукавыя запыты для выключэньня з выдачы «Яндэкса», зьвязаныя з вайной ва Ўкраіне. Таксама хакеры апублікавалі фрагмэнты зносін супрацоўнікаў у іх унутраным мэсэнджары, скрыншоты з паштовай скрынкі кіраўніка адной з унутраных груп ГРЧЦ, а таксама выявы кансолі ўнутранай DLP-сыстэмы арганізацыі (Data Loss Prevention, сыстэма абароны кампаніі ад уцечкі інфармацыі).

Акрамя гэтага, «КібэрПартызаны» заявілі, што зашыфравалі працоўныя станцыі ГРЧЦ і нанесьлі шкоду інфраструктуры арганізацыі.

У ГРЧЦ пацьвердзілі выданьню «Коммерсантъ» факт атакі, але паведамілі, што працоўныя станцыі супрацоўнікаў не зашыфраваныя, доступ да іх захаваны. Служба супрацьдзеяньня кібэратакам ведамства выявіла, што хакеры выкарыстоўвалі невядомую да таго ўразьлівасьць.

Узлом унутранай сеткі ГРЧЦ «Раскамнагляду» пацьвердзілі і ўдзельнікі рынку кібэрбясьпекі. Па словах аднаго зь іх, хакеры маглі атрымаць доступ да акаўнту спэцыяліста па інфармацыйнай бясьпецы ГРЧЦ і выдалена зайсьці ў яго працоўную станцыю, атрымаўшы доступ ва ўнутраны контур арганізацыі.

«КібэрПартызаны» паабяцалі выпусьціць свае расьсьледаваньні на аснове здабытых дадзеных і перадаць матэрыялы журналістам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG