Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіліся кадры, на якіх падчас пратэстаў падпалілі дом-музэй аяталы Хамейні ў Іране


Пратэсты ў Іране, ілюстрацыйнае фота
Пратэсты ў Іране, ілюстрацыйнае фота

У Іране ў ноч на пятніцу пратэстоўцы нібыта падпалілі дом лідэра Ісламскай рэвалюцыі аяталы Хамейні, які выкарыстоўваецца ў якасьці музэю. Пратэсты ў Іране працягваюцца ўжо больш за два месяцы.

Кадры падпалу апублікаваў тэлеграм-канал Azad İran.

Паўафіцыйнае агенцтва Tasnim у пятніцу абвергла інфармацыю аб падпале і заявіла, што музэй па-ранейшаму адкрыты для наведвальнікаў. Пазьней агенцтва Reuters прааналізавала апублікаваныя ролікі і прыйшло да высновы, што на іх сапраўды дом аяталы Хамейні. Аднак журналістам не ўдалося праверыць, калі менавіта былі зьнятыя відэа.

14 лістапада суд у Іране вынес першы сьмяротны прысуд удзельніку пратэстаў, якога абвінавацілі ў падпале ўрадавага будынку ў Тэгеране. Суд расцаніў падпал будынку як тэрарыстычны акт. Два іншыя аддзелы Рэвалюцыйнага суду прыгаварылі яшчэ 5 удзельнікаў пратэсту да турэмных тэрмінаў ад пяці да дзесяці гадоў за «сход і змову з мэтай учыненьня злачынстваў супраць нацыянальнай бясьпекі і парушэньня грамадзкага парадку».

Пратэсты ў Іране пачаліся ў верасьні пасьля гібелі 22-гадовай абаронцы правоў жанчын Махсы Аміні з курдзкай меншасьці, якую затрымала і моцна пабіла паліцыя нораваў за зьняты хіджаб. Праз тыдзень пратэсты ахапілі больш за 30 іранскіх гарадоў, уключаючы сталіцу краіны — Тэгеран.

Іранцы працягваюць выступаць супраць паліцэйскага гвалту і шырэй — супраць жорсткай барацьбы іранскіх уладаў з іншадумствам. Ад самага пачатку пратэстаў жанчыны зрывалі зь сябе хіджабы і дэманстратыўна круцілі імі ў паветры, некаторыя іх публічна спальвалі, а таксама адразалі сабе валасы ў знак пратэсту. Празь некалькі дзён дэманстранты пачалі выкрыкваць антыўрадавыя лёзунгі «Сьмерць дыктатару!» і «Хамэнэі будзе зрынуты!», адрасаваныя лідэру краіны — аяталу Алі Хамэнэі.

Згодна з правіламі, прынятымі пасьля іранскай рэвалюцыі 1979 году, жанчыны абавязаныя апранацца на публіцы сьціпла, насіць хіджаб і доўгі халат. За выкананьнем правілаў сочыць паліцыя нораваў, у якую ўваходзяць як мужчыны, так і жанчыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG