Пабудаванае пад Гомлем сучаснае прадпрыемства ад пачатку было зарыентавана на экспарт у краіны Эўразьвязу. Досьледны лясгас, які будаваў завод, плянаваў утрая павялічыць валютную выручку. «Цяпер завод працуе ледзь-ледзь ці зусім не працуе», — паведаміла Свабодзе крыніца.
Які завод пабудавалі пад Гомлем
Завод пэлетаў (паліўныя гранулы цыліндрычнай формы з прэсаваных адкідаў дрэваапрацоўчай вытворчасьці, найчасьцей з апілак — РС) каля вёскі Калініна досьледны лясгас будаваў ад жніўня 2021 году. Кіраўніцтва лясгасу плянавала пастаўляць прадукцыю за мяжу і павялічыць утрая валютную выручку.
«Сёньня ў нас сфармаваны партфэль замоваў. Пэлеты будзем пастаўляць у краіны Балтыі, Польшчу, Нямеччыну і Данію», — казаў увосень пры будаўніцтве заводу дырэктар Гомельскага лясгасу Ігар Дзягцярык.
Як цяпер маецца завод — афіцыйна даведацца складана. Ад сакавіка Беларускі статыстычны камітэт не публікуе зьвестак пра аб’ёмы прамысловай вытворчасьці ў дрэваапрацоўчай галіне. Эўразьвяз у сакавіку ўвёў санкцыі супраць беларускай драўніны. Абмежаваньні ўступілі ў сілу з чэрвеня 2022 году.
Завод у Калініне адкрылі ў красавіку, акурат пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне і незадоўга да ўводу санкцыяў Эўразьвязу. Плянавалася, што ягоныя магутнасьці будуць больш як 20 тысяч тон пэлетаў у год. Завод каштаваў лясгасу 10 мільёнаў даляраў.
Чыноўнікі заяўлялі, што ён самы магутны ў Беларусі.
«Адкрылі, бо будавалі. Працуе для паказухі»
На ўмовах ананімнасьці крыніца Свабоды з Гомельскага раёну паведаміла, што завод «адкрылі, бо будавалі і хацелі паказаць, якія мы малайцы».
«Ён ці ўвогуле не працуе, ці працуе ледзь-ледзь. Бо няма асноўнага — збыту. Завод будавалі менавіта пад экспарт пэлетаў, у першую чаргу мелі надзею на Польшчу. Цяпер жа праз санкцыі той завод мала патрэбны. Няма асаблівага попыту ня толькі на пэлеты, але і на драўніну зь лясгасу», — паведаміла крыніца.
З словаў суразмоўцы, пакуль яшчэ драўніна актыўна ідзе на Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат. «Але далей зь ёю адбываецца нешта незразумелае. Там усе склады пад драўнінай. Частка ляжыць пад адкрытым небам і ператварылася ў гніль. Ці завод працуе не на поўную магутнасьць, ці ім ня трэба столькі драўніны. Але далі загад ім прымаць драўніну — вось і прымаюць», — дадала крыніца.
Што кажа прапаганда
Нават беларускія прапагандысты прызнаюць, што ёсьць праблема з экспартам дрэваапрацоўчай прадукцыі. У эфіры СТВ пра гэта разважалі розныя экспэрты.
Вядоўца нагадала, што некалькі гадоў таму «прэзыдэнт іменем рэвалюцыі запатрабаваў наладзіць вытворчасьць пэлетаў». Што цяпер з 28 такімі заводамі — вядоўцы адказала магістрантка БДТУ Сабіна Раўко. «Ідэя сябе апраўдала, хоць апошнім часам, ня хочацца называць гэта праблемамі, але ёсьць пэўныя выклікі, якія ствараюць дадатковы стымул працаваць больш і лепш. Ёсьць неабходнасьць пераарыентаваць экспарт пэлетаў у іншыя краіны».
Вядоўца СТВ Кірыл Казакоў сказаў, што «эўрапейцы з палітычных матываў іх [пэлеты] не бяруць, хоць насельніцтва мае жаданьне».
Што кажа эўрапейская статыстыка
Нягледзячы на санкцыі, Беларусь працягвае прадаваць тавары ў Эўразьвяз і набываць іх там. За 8 месяцаў (ад студзеня да жніўня) Беларусь прадала ў ЭЗ тавараў на 2,8 мільярда эўра, набыла на 3,5 мільярда.
У жніўні ў ЭЗ набывалі найбольш мінэральных прадуктаў зь Беларусі — на 34,9 мільёна эўра. Аднак за 8 месяцаў найбольш набылі дрэва і прадуктаў зь яго — на 638 мільёнаў эўра. Прычым з пачатку году аб’ёмы значна зьнізіліся — з 107 мільёнаў у студзені да 443 тысяч у жніўні, што азначае падзеньне ў 242 разы.