Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Клішэвіч наракае, што «сяброўства Беларусі і Вэнэсуэлы многім перашкаджае». Паглядзелі, як абваліўся гандаль паміж дзяржавамі


Сяргей Клішэвіч
Сяргей Клішэвіч

У Беларусі стварылі групу салідарнасьці з Вэнэсуэлай. У яе ўвайшлі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, прапагандысты і чальцы БРСМ. Устаноўчае пасяджэньне групы адбылося ў пасольстве Вэнэсуэлы ў Менску.

Адным з ініцыятараў групы стаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў камуніст Сяргей Клішэвіч.

«Наша сяброўства многім перашкаджае, але толькі працуе на карысьць нашай дзяржаве і народу. Яно перашкаджае пэўным дзяржавам, якія, натуральна, супрацьдзейнічаюць такой дружбе самымі рознымі тэхналёгіямі і мэтадамі». — заявіў Клішэвіч.

Паводле афіцыйных крыніцаў, пік у гандлі паміж дзяржавамі быў у 2010 годзе. Тады аб’ём беларуска-вэнэсуэльскага гандлю складаў 1,5 млрд даляраў. Летась ён склаў 2 мільёны 30 тысяч даляраў. Значыць, гандаль паміж Беларусьсю і Вэнэсуэлай зьменшыўся за 12 гадоў у 750 разоў.

У пачатку 2000-х аб’ём гандлю фармавалі пераважна пастаўкі вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь. Але выдаткі на яе транспартаваньне з Лацінскай Амэрыкі былі занадта вялікія, і ўлады Беларусі ад іх адмовіліся.

Тым ня менш у 2012 годзе таваразварот паміж краінамі быў на суму 580,7 млн даляраў, зь якіх 254,4 млн прыпадалі на беларускі экспарт. Летась жа экспарт Беларусі ў гэтую лацінаамэрыканскую краіну склаў менш за 2 мільёны.

Дэпутат Клішэвіч у сваім выступе не ўдакладніў, хто канкрэтна і як супрацьдзейнічае сяброўству Менску і Каракасу.

БелТА сьцьвярджае, што на парадку дня новастворанай групы праекты ў сфэры вышэйшай адукацыі, міжпарлямэнцкі дыялёг і адкрыцьцё авіязносін па маршруце Менск — Гавана — Каракас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG