«Як нам удалося выявіць на гэты момант, нічога не паказвае на тое, што гэта было наўмыснае дзеяньне, якое можна было кваліфікаваць як атаку на Польшчу. Найбольш верагодна, што гэта быў няшчасны выпадак», — заявіў Анджэй Дуда.
Паводле яго, ёсьць шмат прыкметаў таго, што гэта была ракета супрацьпаветранай абароны, якая, на жаль, упала на тэрыторыі Польшчы.
Ён адзначыў, што каля паловы расейскіх ракет учора былі скіраваныя на Заходнюю Ўкраіну, блізка да межаў Польшчы. Паводле папярэдніх высноў экспэртаў зь месца здарэньня ў Польшчы, у Пшэводаве, хутчэй за ўсё, выбухнуў ня сам боекамплект ракеты, а, верагодней, рэшткі яе паліва, заявіў прэзыдэнт Дуда.
«Паводле бягучай інфармацыі, гэта была старая ракета С-300, вырабленая яшчэ ў СССР. І няма ўказаньняў на тое, што яна была выпушчаная расейскім бокам. Мяркуючы па ўсім, яна была выпушчаная ўкраінскай СПА і, на жаль, няўдала ўпала на нашу тэрыторыю», — сказаў прэзыдэнт Польшчы.
«Мы хочам падкрэсьліць, што жыхары ўсходняй Польшчы не павінны турбавацца аб узмацненьні прысутнасьці войскаў. Мы наўмысна прынялі такое рашэньне. Калі ласка, захоўвайце спакой — наша бясьпека гарантаваная», — дадаў Дуда.
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі прызнаў, што, магчыма, цяпер няма падставаў настойваць на запуску працэдуры NATO паводле пункту № 4. Польскага прэм’ера цытуе Reuters.
Таксама Маравецкі адзначыў, што ў гэтым рэгіёне ўзмоцніцца прысутнасьць польскіх войскаў і іх хаўрусьнікаў.
Рэакцыя ў Кіеве
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што ўкраінскі бок настойвае на супольным вывучэньні інцыдэнту з падзеньнем ракеты ў Польшчы.
«Гатовы перадаць наяўныя ў нас доказы расейскага сьледу. Чакаем ад партнэраў інфармацыю, на падставе якой прыйшлі да высновы, што мова аб ракеце ўкраінскай СПА. Украіна просіць неадкладна даць доступ да месца выбуху прадстаўнікам Міністэрства абароны і Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны», — паведаміў Аляксей Данілаў на сваёй старонцы ў Twitter.
Дарадца кіраўніка офісу ўкраінскага прэзыдэнта Міхайла Падаляк лічыць, што адказнасьць за здарэньне ў Польшчы ў кожным разе нясе Масква, піша BBC.
«Намер, сродкі выкананьня, рызыкі, эскаляцыя — усё гэта толькі Расея. І тут ня можа быць ніякіх іншых тлумачэньняў любым эксцэсам з ракетамі. Бо калі краіна-агрэсар наносіць наўмысны канцэнтраваны ракетны ўдар па ўсёй тэрыторыі вялікай краіны на эўрапейскім кантынэнце сваёй састарэлай савецкай зброяй (ракеты клясы Х), трагедыя рана ці позна адбываецца і на тэрыторыях іншых дзяржаваў».
Рэакцыя NATO і краін Захаду
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг падчас брыфінгу заявіў, што Ўкраіна не вінаватая ў падзеньні ракеты ў Польшчы. Паводле яго слоў, ракета над Польшчай, верагодна, была выпушчана Ўкраінай выпадкова.
Генэральны сакратар NATO дадаў, што няма ніякіх прыкмет таго, што ракетны ўдар па Польшчы быў наўмысны, і няма прыкметаў таго, што РФ плянавала напад на NATO.
Генэральны сакратар NATO падкрэсьліў, што канчатковую адказнасьць за выбух у Польшчы нясе Расея: калі б не вайна, разьвязаная супраць Украіны, не было б ракетнага ўдару па Польшчы.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн паведаміў лідэрам G7 і партнэрам у NATO, што ракетны выбух у Польшчы быў выкліканы ўкраінскай ракетай супрацьпаветранай абароны. Пра гэта паведамляе Reuters, спасылаючыся на крыніцу ў NATO.
Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Рышы Сунак заявіў, што сьмяротны ракетны ўдар у Польшчы падкрэсьліў неад’емную пагрозу, якую нясе вайна, але не сказаў, хто запусьціў снарад, піша AFP.
Выступаючы пасьля саміту G20 на Балі ў Інданэзіі, Сунак сказаў, што «нічога з гэтага не адбылося б, каб не ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. Гэта жорсткая і няўмольная рэальнасьць пуцінскай вайны».
Сутыкнуўшыся з пэрспэктывай таго, што вайна перакідаецца па-за межы Ўкраіны на тэрыторыю NATO, Сунак сказаў, што ўдар, у выніку якога загінулі два чалавекі, не адбыўся б, калі б Расея не абстраляла Ўкраіну ракетамі.
Што кажуць у Расеі
У Міністэрстве абароны Расеі таксама пераконваюць, што і ракета, якая выбухнула ў Польшчы, «адназначна ідэнтыфікаваная расейскімі спэцыялістамі абаронна-прамысловага комплексу як элемэнты зэнітнай кіраванай ракеты С-300 Паветраных сіл Украіны».
- Як паведамлялі раней, на тэрыторыі Польшчы ў мясцовасьці Пшэводаў, непадалёк ад мяжы з Украінай, у аўторак адбыўся выбух. Улады пацьвердзілі падзеньне ракеты і паведамілі, што загінулі два чалавекі.
- Польшча выклікала амбасадара Расеі ў Варшаве для тлумачэньняў, пасьля таго як Масква зьняпраўдзіла паведамленьні пра сваю датычнасьць да выбуху ў Пшэводаве.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.