Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн пра падзеньне ракеты ў Польшчы: «Малаімаверна, што яна была запушчаная з Расеі»


Наступствы падзеньня ракеты на тэрыторыі Польшчы каля мяжы з Украінай увечары 15 лістапада
Наступствы падзеньня ракеты на тэрыторыі Польшчы каля мяжы з Украінай увечары 15 лістапада

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў 16 лістапада пасьля сустрэчы з саюзьнікамі, што заходнія дзяржавы падтрымаюць Польшчу ў расьсьледаваньні таго, «што менавіта адбылося» з падзеньнем ракеты па польскай тэрыторыі.

Паводле Байдэна, якога цытуе «Голас Амэрыкі», папярэдняя інфармацыя паказвае, што ракета, імаверна, была выпушчаная не «з Расеі».

Байдэн зьвярнуўся да журналістаў на Балі, дзе ён удзельнічаў у саміце G20. «Малаімаверна, што яна была выпушчаная з Расеі», — сказаў ён, спаслаўшыся на траекторыю палёту ракеты. — Я ўсё зраблю для таго, каб мы дакладна высьветлілі, што адбылося».

Сусьветныя лідэры, якія сабраліся на сустрэчу G20 на інданэзійскім востраве Балі, правялі тэрміновую нараду пасьля таго, як двое грамадзян Польшчы загінулі ў выніку выбухаў, выкліканых, паводле ўкраінскіх і польскіх уладаў, падзеньнем ракеты расейскай вытворчасьці.

Раней прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў аб размовах з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам. Перамовы адбыліся пасьля заявы Дуды аб браку дакладных доказаў таго, хто выпусьціў ракету. Дуда таксама сказаў, што ракета, «хутчэй за ўсё, расейскай вытворчасьці».

Агенцтва AP, спасылаючыся на тры ананімныя афіцыйныя асобы ЗША, паведаміла, што, паводле папярэдніх ацэнак, ракету выпусьцілі ўкраінскія сілы па расейскай ракеце падчас абстрэлу энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны ў аўторак.

Тым часам CNN паведаміла, што самалёт NATO, які лётаў у паветранай прасторы Польшчы ў аўторак, адсочваў ракету, якая ўпала ў гэтай краіне.

«Інфармацыя з радыёлякацыйнымі сьлядамі [ракеты] была перададзена NATO і Польшчы», — CNN цытуе ананімнага вайсковага прадстаўніка NATO. CNN дадало, што самалёты NATO вядуць рэгулярнае назіраньне за Ўкраінай з пачатку расейскага ўварваньня. Самалёт, які ляцеў у аўторак над Польшчай, сачыў за падзеямі ва Ўкраіне.

Афіцыйны прадстаўнік NATO не паведаміў, хто запусьціў ракету і адкуль яна была выпушчаная.

  • Як паведамлялі раней, на тэрыторыі Польшчы ў мясцовасьці Пшэводаў, непадалёк ад мяжы з Украінай, у аўторак адбыўся выбух. Улады пацьвердзілі падзеньне ракеты і паведамілі, што загінулі два чалавекі.
  • Польшча выклікала амбасадара Расеі ў Варшаве для тлумачэньняў пасьля таго, як Масква зьняпраўдзіла паведамленьні аб сваёй датычнасьці да выбуху ў Пшэводаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG