Сусьветная баксэрская рада (WBC) пастанавіла выключыць з рэйтынгаў беларускіх і расейскіх спартоўцаў праз вайну ва Ўкраіне і пазбавіла іх права ўдзельнічаць у баях. Рашэньне прынялі на кангрэсе WBC у мэксыканскім Акапулька, гаворыцца на сайце арганізацыі.
Рады зацьвердзіла рэзалюцыю аб выключэньні ўсіх баксэраў з Расеі і Беларусі з афіцыйных сусьветных рэйтынгаў WBC. Акрамя таго, WBC ня будзе санкцыянаваць баі на тэрыторыі Расеі ці Беларусі ці з удзелам баксэраў з гэтых краін.
У арганізацыі падкрэсьлілі матывацыю рашэньня — вайна ва Ўкраіне.
— WBC выступае за чалавечую роўнасьць, павагу і мір, — гаворыцца ў заяве.
Расейскія і беларускія баксэры могуць падаць прашэньне аб пераглядзе пастановы ў выпадку, калі яны публічна асудзілі дзеяньні Расеі ва Ўкраіне.
— Гэтыя меры ўступаюць у сілу неадкладна і будуць дзейнічаць датуль, пакуль Украіна ня зможа аднавіць нармальную баксэрскую дзейнасьць або пакуль рада WBC не ацэніць сытуацыю і ня зьменіць рашэньня, — заявілі ў радзе.
У пачатку кастрычніка Міжнародная асацыяцыя боксу (IBA) дапусьціла расейскіх і беларускіх баксэраў да міжнародных спаборніцтваў, аднак тыя ўсё роўна адмовіліся ўдзельнічаць у моладзевым чэмпіянаце сьвету праз «часавыя і матэрыяльна-тэхнічныя абмежаваньні, зьвязаныя з рыхтаваньнем спартоўцаў».
Яшчэ 28 лютага Міжнародны алімпійскі камітэт раіў спартовым фэдэрацыям не дапускаць беларускіх і расейскіх атлетаў да ўдзелу ў спаборніцтвах, а таксама не запрашаць да сябе афіцыйных асобаў гэтых краін. Гэта тычылася і турніраў на тэрыторыях Беларусі і Расеі.