Вядома, ад намінальных пастулятаў савецкай ідэалёгіі ў «лукашызьме» не засталося ані сацыяльнай справядлівасьці, ані роўнасьці, ані інтэрнацыяналізму, ані народаўладзьдзя. Не было іх, вядома, і ў савецкай дзяржаве (лічы што ад самога пачатку). Але цяперашнія дыктатуры ў Расеі і Беларусі, нягледзячы на сваю сымбалічную і юрыдычную спадкаемнасьць ад СССР, куды бліжэй па натуры да самадзяржаўя са сваімі алігархіяй, кампрадорствам і саслоўнымі прывілеямі, чым да ідэалягізаванага партыйнага таталітарызму ВКП(б)-КПСС.
І таму чым далей, тым бальшавізм на самой справе робіцца больш зразумелым. Не сымпатычным ці прывабным — а менавіта зразумелым, перадусім — чыста эмацыйна.
Праз жаданьне паразы ўласнай дзяржавы ў несправядлівай, непатрэбнай і крывавай вайне, разьвязанай карумпаваным дыктатарскім рэжымам.
Праз жаданьне любой цаной ліквідаваць гэты рэжым дзеля пабудовы хоць трохі болей справядлівага грамадзтва.
Празь нянавісьць да гэтага рэжыму, ягоных сымбаляў, ягоных прыслужнікаў і памагатых. Можна шкадаваць жандараў і афіцэраў, якіх бальшавікі вядуць на расстрэл на кранальных антысавецкіх карцінках у інтэрнэце — але толькі да таго моманту, пакуль ня ўявіш на іхным месцы баевікоў ГУБАЗіКу, КДБ і АМАПу, чыімі папярэднікамі яны былі.
Прычынай эканамічнай разрухі канца васьмідзясятых і пачатку дзевяностых былі дзесяцігодзьдзі неэфэктыўнага і разбуральнага савецкага гаспадараньня, а ня спробы гэтае гаспадараньне рэфармаваць. Гэтак жа сама і крыніца бальшавізму была ў царскім рэжыме, а ня ў спробе зьнішчыць гэты рэжым, якая вылілася ў знос культурнага слою і абуджэньне крывавага разбуральнага эўразійскага духу часоў Івана Жахлівага.
Кіраўніцтва партыі бальшавікоў складалі шматгадовыя палітычныя вязьні, ссыльныя і палітуцекачы. Яны вырасьлі, загартаваліся, прасякнуліся нянавісьцю ў царскіх турмах і сібірскіх ссылках. Прыйшоўшы да ўлады, яны ўчынілі тэрор, нашмат горшы за царскі, і пабудавалі таталітарны рэжым, нашмат горшы за раманаўскую манархію. Але калі б не Раманавы і іхнае самадзяржаўе, не было б і «Чырвонага тэрору», Сталіна, Курапатаў, Галадамору і Халоднай вайны.
Сьвяткуючы 7 лістапада, рэжым Лукашэнкі ня хоча ведаць, у якое страшнае люстэрка ён зазірае. Якіх дэманаў ён міжволі спрабуе выклікаць сваімі чырвонымі сьцягамі і кветкамі да помнікаў Леніну і Дзяржынскаму, перад гэтым брутальна зьнішчыўшы агульнанародны пратэст у 2020 годзе (Лукашэнкаў 1905 год?) і падтрымаўшы пуцінскую вайну супраць Украіны (лукашэнкава Першая сусьветная вайна?).
Здань бальшавізму блукае па Беларусі. Калі яна набудзе рэальныя абрысы, Лукашэнку і ягоным памагатым, магчыма, будзе горш, чым многім іншым. Пра што яны, верагодна, і самі здагадваюцца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.