Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі мабілізаваных расейцаў расказваюць пра шматлікія страты: камандзіры кінулі навічкоў пад абстрэлам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У расейскім Варонежы сем'і мабілізаваных зьвярнуліся да губэрнатара з просьбай выратаваць жыхароў рэгіёну, якіх, як сьцьвярджаецца, камандаваньне кінула ў анэксаванай Луганскай вобласьці.

Відэазварот публікуе выданьне «Вёрстка».

Людзі сабраліся ля будынку пракуратуры. «Мы хацелі б зьвярнуцца да губэрнатара і вышэйшых інстанцый з просьбай аб дапамозе нашым мабілізаваным, якія выехалі з вайсковай часткі ў бок Валуек», – гаворыцца ў відэа.

На запісе жыхары Варонежу сьцьвярджаюць, што камандзіры кінулі падразьдзяленьне з мабілізаваных на лініі судакрананьня з украінскай арміяй, якая пачала абстрэл. «Нашы воіны выжывалі як маглі... Яны ня спалі, ня елі, тры дні яны трымалі абарону і нікуды не ўцяклі ў адрозьненьне ад камандаваньня», – гаворыцца на запісе.

Адзін з мабілізаваных расказаў выданьню, што, паводле яго ацэнкі, пад абстрэламі загінулі да 500 чалавек. «Нас проста расстрэльвалі. Калі ўсё пачалося, афіцэры адразу ўцяклі. У перапынках паміж абстрэламі мы спрабавалі акопвацца, але нас адразу вылічалі коптары і проста расстрэльвалі», – заявіў ён.

Гэтая ацэнка патрабуе пацьверджаньня, якое складана апэратыўна атрымаць падчас баявых дзеяньняў. Аб такіх маштабных баях у раёне абодва бакі вайны не паведамлялі.

  • Выданьне «Агенцтва» расказвае, што ў тым жа раёне ў канцы кастрычніка адмовіліся ваяваць 27 чалавек з адной роты. З 27-га кастрычніка іх пагрозамі спрабуюць прымусіць вярнуцца на перадавую. 9 чалавек камандаваньню ўдалося вярнуць на фронт, яшчэ 18 падпісалі рапарты аб адмове ўдзельнічаць у баявых дзеяньняў без належнай падрыхтоўкі, распавялі тры іх сваячкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG