Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанская выведка: падрыхтоўку мабілізаваных расейцаў праводзяць у Беларусі празь недахоп інструктараў і абсталяваньня


Ілюстрацыйнае фота. Расейскія рэзэрвісты, прызваныя падчас частковай мабілізацыі войскаў, перад адпраўкай ва Ўкраіну. 31 кастрычніка 2022 году
Ілюстрацыйнае фота. Расейскія рэзэрвісты, прызваныя падчас частковай мабілізацыі войскаў, перад адпраўкай ва Ўкраіну. 31 кастрычніка 2022 году

Паводле зьвестак брытанскай выведкі, Расея мае цяжкасьці з падрыхтоўкай мабілізаваных рэзэрвістаў і прызыўнікоў на тэрміновую службу, для навучаньня выкарыстоўваецца тэрыторыя Беларусі, паведамляе Мінабароны Вялікай Брытаніі.

Як зазначаецца ў паведамленьні, цяпер Узброеныя сілы РФ «ужо працуюць на мяжы магчымасьцяў», спрабуючы забясьпечыць ваенную падрыхтоўку для прыкладна 300 тысяч мабілізаваных, сытуацыю дадаткова ўскладніць пачаты 1 лістапада штогадовы восеньскі прызыў на тэрміновую вайсковую службу, які, як чакаецца, прывядзе да дадатковага прыцягненьня 120 000 вайскоўцаў.

Як адзначае брытанская выведка, нядаўна мабілізаваныя прызыўнікі, імаверна, маюць мінімальную падрыхтоўку або ўвогуле ня маюць ніякай падрыхтоўкі.

«Дасьведчаныя афіцэры і інструктары былі разгорнутыя для ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне, і некаторыя зь іх, верагодна, загінулі падчас канфлікту. Расейскія войскі праводзяць вучэньні ў Беларусі празь недахоп інструктарскага складу, боепрыпасаў і абсталяваньня ў Расеі. Разгортваньне сіл зь нязначнай падрыхтоўкай або ўвогуле безь яе забясьпечвае нязначны дадатковы наступальны баявы патэнцыял», — лічыць брытанская выведка.

Украінскі Генштаб: у Беларусі праводзіцца даўкамплектаваньне падразьдзяленьняў расейскіх войскаў за кошт мабілізаваных

Беларусь працягвае падтрымліваць агрэсію РФ супраць Украіны, прымаючы і разьмяшчаючы расейскіх вайскоўцаў і прадастаўляючы палігоны для іх падрыхтоўкі, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Ўкраіны за 5 лістапада.

«Вядома, што на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адбываецца даўкамплектаваньне падразьдзяленьняў Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі за кошт мабілізаваных, якія прыбываюць з тэрыторыі Расеі. Мерапрыемствы па баявой падрыхтоўцы і зладжваньні гэтых падразьдзяленьняў будуць працягвацца каля двух-трох тыдняў», — заяўляюць у Генштабе УСУ.

У верасьні беларускія ўлады абвясьцілі, што ў краіне створаць сумесную з Расеяй групоўку войскаў. Прычына — «неабходнасьць супрацьстаяць агрэсіўным намерам NATO і забясьпечваць абароназдольнасьць». Неўзабаве пасьля гэтага ў Беларусь пачалі прыбываць эшалёны з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай, пераважна тэнтаванымі «КамАЗамі» для перавозкі салдат.

Дакладная колькасьць расейцаў, якія прыбылі ў Беларусь, невядомая. Паводле ўкраінскай выведкі, яна можа складаць да 20 тысяч чалавек. Іншыя крыніцы гавораць пра 3200 чалавек. На апублікаваных беларускім Мінабароны здымках з сустрэчы расейскіх эшалёнаў відаць, што расейцы прыяжджаюць бязь цяжкай тэхнікі (танкаў і браняваных машын пяхоты). Тым часам з самой Беларусі танкі і іншую бранятэхніку разам з боепрыпасамі актыўна вывозяць у Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG