Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Херсоне з абласной адміністрацыі зьнік акупацыйны расейскі сьцяг. ФОТА


Kherson regional administration without Russian flag
Kherson regional administration without Russian flag

Намесьнік кіраўніка Херсонскай абласной рады Юры Сабалеўскі паведаміў, што расейцы зьнялі з будынку абласной дзяржаўнай адміністрацыі свой сьцяг, раней усталяваны акупантамі.

«Херсонская абласная дзяржаўная адміністрацыя. Фота зрабілі сёньня. Таямнічае зьнікненьне самі разумееце чаго. Херсон быў, ёсьць і будзе толькі ўкраінскім. І калі ня мы, дык самі зьніміце свае анучы», — напісаў Юры Сабалеўскі і апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook фатаздымак.

Інфармацыю аб тым, што расейцы зьнялі свой сьцяг з адміністратыўнага будынку пацьвердзіў і дэпутат Херсонскай абласной рады Сяргей Хлань на брыфінгу 3 лістапада.

«Мы спадзяемся, што неўзабаве там будзе ўкраінскі сьцяг. А далей ужо іншы этап — вызваленьне левабярэжнай часткі Херсоншчыны», — сказаў ён.

Сяргей Хлань паведаміў, што расейцы 3 лістапада абвясьцілі ўжо і аб прымусовай эвакуацыі мірнага насельніцтва зь левага берага Херсонскай вобласьці.

«Ужо некалькі дзён у Кахоўцы і Новай Кахоўцы езьдзяць машыны з гучнамоўцамі па вуліцах і папярэджваюць, што да 7 лістапада абсалютна ўсе павінны пакінуць Кахоўку. Яны гавораць, што будзе арганізаваны выезд, але незразумела куды і на чым. Але заклікаюць, каб людзі самі выяжджалі. Ужо назіраецца прымусовае высяленьне з прыватных будынкаў, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасьці да ракі Дняпро. Туды засяляюцца вайсковыя расейцы», — паведаміў дэпутат абласной рады.

Украінскі вайсковы журналіст Андрэй Цапліенка ў сваю чаргу паведаміў, што нібыта расейцы таксама пакінулі свае блёк-посты ў Чарнабаеўцы, Сцяпанаўцы і Белазёрцы Херсонскай вобласьці. «Завабіваюць ці сапраўды адступаюць?» — напісаў журналіст.

Сілы абароны поўдня: Ня выключаная правакацыя

Кіраўніца аб’ядананага каардынацыйнага прэсавага цэнтру Сіл абароны поўдня Натальля Гумянюк лічыць, што зьняцьце расейскага сьцягу ў Херсоне можа быць правакацыяй.

«Гэта можа быць праявай правакацыі, каб стварыць уражаньне, што яны пакінулі населеныя пункты і ўваходжаньне ў іх бясьпечнае. Улічваючы тое, што яны даўно рыхтаваліся да вулічных баёў, і тое, як яны разьмяшчаюць свае падразьдзяленьні, мы ўсьведамляем заплянаваную тактыку дзеяньняў і ня варта сьпяшацца радавацца. Трэба разумець, што гібрыдная вайна прадугледжвае і вось такія інфармацыйныя ўкіданьні, атакі, якія могуць быць разьлічаныя на паслабленьне войскаў», — патлумачыла Натальля Гумянюк у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Прадстаўніца апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» заявіла, што ўкраінскія войскі працягваюць баявыя дзеяньні, нягледзячы на тое, што расейцы намагаюцца пераканаць у тым, што яны выходзяць з населеных пунктаў.

«Мы бачым, што ў Херсоне застаюцца рэгулярныя падразьдзяленьні, якія пераапрануліся ў цывільных. Яны працягваюць засяляцца ня толькі ў абласным цэнтры, а і ў іншых населеных пунктах у будынкі людзей, якія выехалі», — патлумачыла Натальля Гумянюк.

Вызваленьне Херсоншчыны

19 кастрычніка ўлады Ўкраіны паведамілі, што ў Херсонскай вобласьці ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі 90 населеных пунктаў. Але ўкраінскі наступ крыху запаволіўся.

На гэтым тле акупацыйныя ўлады Херсонскай вобласьці 18 кастрычніка абвясьцілі аб пачатку перамяшчэньня жыхароў правабярэжжа Дняпра. Прычына, паводле іх, — наступ украінскай арміі і абстрэлы з боку Ўкраіны.
Пра магчымасьць здаць горад Херсон і ўсё правабярэжжа прадстаўнікі расейскіх уладаў адкрыта не казалі, аднак камандуючы расейскімі войскамі генэрал Сяргей Суравікін заявіў, што магчымыя «няпростыя рашэньні».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што расейскія войскі не зьбіраюцца адыходзіць з Херсону, а робяць інфармацыйную апэрацыю, каб Узброеныя сілы Ўкраіны перакінулі туды войскі зь іншых кірункаў.
З Херсону выехала расейская адміністрацыя, вывезьлі некалькі помнікаў расейскім і савецкім дзеячам і нават пахаваныя там парэшткі князя Пацёмкіна.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG