«Неапазнаныя целы хаваюць, але пад адпаведным нумарам. Згодна з працэдурай бярэцца ДНК, зьмяшчаецца ў базу зьвестак, а далей — калі які-небудзь чалавек зьвяртаецца з заявай аб пошуку сваяка, то адбываецца адпаведны забор ДНК, і яго параўноўваюць з базай», — паведаміў Андрэй Небытаў 1 лістапада на брыфінгу ў Кіеве.
Паводле яго, у выпадку супадзеньня ДНК на жаданьне сваякоў ухваляецца рашэньне аб перапахаваньні загінулых.
У Кіеўскай вобласьці зарэгістравалі больш за 3 тысячы крымінальных злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых расейскімі вайскоўцамі ў Бучанскім, Вышгарадзкім і Браварскім раёнах.
Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай вобласьці праваахоўныя органы правялі дасьледаваньні стыхійных пахаваньняў і эксгумавалі целы больш як 1 тысячы загінулых мірных жыхароў і вайскоўцаў. У большасьці выпадкаў жыхароў рэгіёну катавалі, гвалтавалі і расстрэльвалі расейскія вайскоўцы.
Толькі ў адным горадзе Бучы знайшлі больш як 400 ахвяр расейскай акупацыі.
28 кастрычніка агенцтва Associated Press і праграма Frontline абнародавалі вынікі свайго расьсьледаваньня падзей падчас расейскай акупацыі часткі Кіеўскай вобласьці. Журналісты прыйшлі да высновы, што жорсткія катаваньні і забойствы мірных жыхароў прыгарадаў Кіева ў першыя дні вайны былі не ініцыятывай шараговых расейскіх салдатаў, а стратэгіяй іхнага камандаваньня на здушэньне любага супраціву «нацыяналістаў».