Павал Вінаградаў мае праблемы са здароўем
Палітвязень Павал Вінаградаў, у якога раней выявілі пляму ў лёгкіх, прайшоў у калёніі курс антыбіётыкаў. Гэта не дапамагло, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
13 ліпеня стала вядома, што ў ваўкавыскай калёніі № 11 Вінаградаву зрабілі рэнтген і знайшлі пляму ў лёгкіх. Яго лячылі антыбіётыкамі ў надзеі, што гэта пнэўманія.
Сёньня стала вядома, што 28 ліпеня Вінаградава перавялі ў аршанскую папраўчую калёнію № 12, дзе ўтрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў.
Таксама паведамляецца, што Вінаградава пазбавілі працяглага спатканьня за сон днём — цяпер палітвязень афіцыйна прызнаны «злосным парушальнікам рэжыму».
Адрас палітвязьня: ПК № 12, 211381, Віцебская вобласьць, Ворша, вул. Смаленская, 2, Павал Юр’евіч Вінаградаў.
Яўгену Юшкевічу не перадалі ніводнага ліста з віншаваньнямі да Дня народзінаў
Былы сьледчы і ініцыятар праекта ByChange Яўген Юшкевіч даслаў ліст, у якім напісаў, што мінулыя тыдні былі цяжкімі і стрэсавымі, але прычыну не паведаміў. Праз тое, што лісты да яго не даходзяць, ён кажа, што пасылкі сталі «глытком паветра»:
«Заказвайце малюнкі — буду маляваць вучыцца. Можа, хто потым і паштоўку зробіць. Піў два глыткі яблычнага соку. Гэта цэлая падзея. У жаху, што зьніклі расейскія часопісы (ці гэта толькі ў нас?) і няма дзе чытаць рэальныя навіны. На мой ДР 21 ліпеня прыйшло роўна 0 лістоў. Дзякуй любімай дзяржаве і цэнзару, што засьцерагаюць небясьпечнага магістра права і праграміста, які дапамагаў сілавікам, ад віншаваньняў. PS: хабарнікам даюць па два-тры гады, такім як я — па 17-19. С-справядлівасьць».
Паводле інфармацыі ПЦ «Вясна», Юшкевіч знаходзіццца у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Былога сьледчага абвінавачваюць па трох артыкулах КК — «Удзел у масавых беспарадках», «Арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» і «Акт тэрарызму». Пра пачатак судовага працэсу па справе Юшкевіча нічога не паведамлялася. Паводле абноўленага заканадаўства, за злачынства па артыкуле «Акт тэрарызму» абвінавачанаму можа пагражаць нават сьмяротнае пакараньне.
Алена Гнаўк ужо месяц знаходзіцца ў карцары
Як стала вядома Свабодзе, Алена Гнаўк ужо месяц знаходзіцца ў карцары.
«Сядзіць у карцары, паколькі не хоча прадстаўляцца, што схільная да суіцыду і шкодніцтву і г. д., а таксама за тое, што адмаўляецца прыбраць камэру. А апошнім часам нават адмаўляйся назваць сваё імя. Нядаўна яе наведаў адвакат. Суд па апэляцый пройдзе 9 жніўня», — паведамілі знаёмыя палітзьняволенай.
17 чэрвеня палітзьняволеную Алену Гнаўк асудзілі на тры з паловай гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 3200 рублёў.