Як паведамляе пракуратура Менску, прадпрымальніка ўзялі пад варту, ідуць неадкладныя сьледчыя ды іншыя працэсуальныя дзеяньні.
У ведамстве адзначылі, што дырэктар кіроўнай арганізацыі трох суб’ектаў гаспадараньня не прыняў належных і своечасовых захадаў для недапушчэньня неабгрунтаванага росту цэнаў, што прывяло да пераацэнкі цаны тавараў у 100 крамах сеткі і росту раздробных цэнаў на ня менш як 65 пазыцыяў асартымэнту.
Павышэньне цэнаў прычыніла істотную шкоду правам і законным інтарэсам ня менш за 1000 пакупнікоў, дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, заявілі ў пракуратуры.
Пра затрыманьне кіраўніцтва гандлёвай сеткі «Суседзі» стала вядома 22 кастрычніка. Таксама затрымалі аднаго з асноўных бэнэфіцыяраў Вадзіма Аванесава.
Гандлёвая сетка «Суседзі», якая аб’ядноўвае 180 крамаў, належыць кампаніі «Лібрэцік», якая працуе ў Беларусі больш за 20 гадоў. Летась у кампаніі працавалі больш за 5 тысяч чалавек.