22 кастрычніка, пасьля ранішніх расейскіх удараў, «Укренерго» абмежавала падачу электраэнэргіі яшчэ ў 6 абласьцях Украіны: Сумскай, Харкаўскай, Палтаўскай, Днепрапятроўскай, Запароскай і Кіраваградзкай.
Учора абмежаваньне па электраэнэргіі ўвялі ў Кіеўскай, Чарнігаўскай, Чаркаскай і Жытомірскай абласьцях.
Паводле энэргетычнай кампаніі, 22 кастрычніка расейскія войскі зьдзейсьнілі яшчэ адну ракетную атаку на энэргетычныя аб’екты магістральных сетак заходніх рэгіёнаў Украіны.
«Маштаб пашкоджаньняў супастаўны або можа перавышаць наступствы атакі 10-12 кастрычніка», — адзначаюць у ведамстве.
Як паведаміў намесьнік кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Кірыл Цімашэнка, пасьля ранішніх расейскіх абстрэлаў без электрычнасьці ва Ўкраіне засталіся амаль 1,5 мільёна абанэнтаў. Зьвесткі па абласьцях:
- Хмяльніцкая вобласьць — 672 000 абанэнтаў,
- Чаркаская вобласьць — 242 000 абанэнтаў,
- Мікалаеўская вобласьць — 188 400 абанентаў,
- Ровенская вобласьць — 174 790 абанэнтаў,
- Валынская вобласьць — 102000 абанэнтаў,
- Кіраваградзкая вобласьць — 6 1913 абанэнтаў,
- Адэская вобласць — 10 500 абанэнтаў.
Рамонтныя брыгады пачнуць працы па аднаўленьні электраэнэргіі пасьля таго, як ратавальнікі ДСНС ліквідуюць наступствы нападаў. Украінцаў просяць беражліва спажываць электраэнэргію на працягу ўсяго дня і асабліва ў пікавыя гадзіны спажываньня — з 06:00 да 11:00 і з 17:00 да 23:00.
Расея нанесла масіраваны ўдар па абʼектах энэргетыкі Ўкраіны 10 кастрычніка. Пачынаючы з гэтага дня, расейцы наносяць удары практычна штодня, хоць і зь меншай інтэнсіўнасьцю.
Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка паведаміў, што ў выніку расейскіх абстрэлаў было пашкоджана ад 30 да 40% энэргетычнай інфраструктуры краіны. Нанесены ўкраінскай энэргетыцы ўрон складае мільярды даляраў.