Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку ракетных удараў па Ўкраіне ў некалькіх рэгіёнах зьнікла электрычнасьць


Ілюстрацыйнае фота. Атака бесьпілотніка ў Кіеве, 17 кастрычніка 2022 году
Ілюстрацыйнае фота. Атака бесьпілотніка ў Кіеве, 17 кастрычніка 2022 году

Раніцай 22 кастрычніка шэраг рэгіёнаў Украіны трапілі пад расейскія ракетныя ўдары.

Кіраўнік Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак заявіў, што мэтай ракетных атак стала цывільная інфраструктура. Мяркуючы па паведамленьнях зь месцаў, гаворка зноў ідзе пра ўдары па аб’ектах энэргетыкі. У шэрагу гарадоў, перш за ўсё на захадзе Ўкраіны, пасьля іх зьнікла сьвятло, ёсьць перабоі таксама з вадой і сувязьзю. Паведамленьняў пра пацярпелых пакуль няма.

У прыватнасьці СМІ і мясцовыя ўлады паведамляюць, што без электрычнасьці засталіся абласныя цэнтры Хмяльніцкі і Роўна, сьвятла няма таксама ў шэрагу раёнаў Адэскай, Кіраваградзкай, Валынскай абласьцей, адсутнічае электрычнасьць у частцы Луцку.

Паведамляюць аб працы СПА ў Львоўскай, Адэскай і Кіеўскай абласьцях; у Чарнавіцкай вобласьці, паводле мясцовых уладаў, зьнішчальнік зьбіў ракету, якая ўпала ў возера.

Маштаб пашкоджаньняў у выніку сёньняшняй ранішняй атакі па аб'ектах украінскай энэргетыкі супастаўны або можа перавышаць наступствы атакі 10-12 кастрычніка, заявілі ў «Укренерго». З прычыны пашкоджаньняў фіксуюцца адключэньні сьвятла ў Кіеве, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Чаркаскай, Жытомірскай, Сумскай, Харкаўскай, Палтаўскай, Днепрапятроўскай, Запароскай і Кіраваградзкай абласьцях.

«Укрэнэрга» ўвяло абмежаваньне па электраэнэргіі ў Кіеве і Кіеўскай, Чарнігаўскай, Чаркаскай, Жытомірскай абласьцях. Падставай названы рэзкі рост узроўню спажываньня электраэнэргіі. «Гэта дапаможа зьнізіць нагрузку на электрасеткі і дасьць энэргетыкам час для рамонту пашкоджанага тэрарыстычнымі атакамі абсталяваньня», — растлумачылі ў дыспэтчарскім цэнтры.

Расея нанесла масіраваны ўдар па абʼектах энэргетыкі Ўкраіны 10 кастрычніка. Пачынаючы з гэтага дня, расейцы наносяць удары практычна штодня, але зь меншай інтэнсіўнасьцю. Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка паведаміў, што ў выніку расейскіх абстрэлаў было пашкоджана ад 30 да 40% энэргетычнай інфраструктуры краіны. Нанесены ўкраінскай энэргетыцы ўрон складае мільярды даляраў.

Паводле ацэнак Галушчанкі, праз расейскія атакі на абʼекты энэргетыкі Ўкраіна страціла прыкладна 4 тысяч мэгават энэргетычнага патэнцыялу. Аднак, падкрэсьліў міністар у камэнтары Reuters, сваёй прамой мэты — цалкам пакінуць Украіну безь цяпла і электрычнасьці — Расея на дадзены момант не дасягнула. Многія электрастанцыі, закранутыя бамбёжкамі, працягваюць працаваць, хоць і зь меншай эфэктыўнасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG