Чым хутчэй Сэрбія прызнае, што яе ня хочуць бачыць у Эўразьвязе і што ёй там ня месца, тым лепш будзе. Аб гэтым заявіў міністар унутраных спраў Сэрбіі Аляксандар Вулін, дадаўшы, што адносіны да Эўразьвязу «не пытаньне эмоцый, а пытаньне рацыянальных рашэньняў».
Міністра цытуе сэрбскае выданьне «Новости».
«Пытаньне ня ў тым, ці хочам мы далучыцца да Эўразьвязу, а ў тым, ці хоча ЭЗ Сэрбію. Мяркуючы па вар’яцкім шантажы, якому яны нас падвяргаюць, каб прызналі Косава, скасавалі Рэспубліку Сэрбскую і ўвялі санкцыі супраць Расеі, яны нас ня хочуць», — заявіў Аляксандар Вулін.
ЭЗ як альянс сышоў у мінулае, таму што са стратай палітычнай незалежнасьці краіны ЭЗ «сталі тэрыторыямі, а не дзяржавамі», — лічыць шэф МУС Сэрбіі.
Таксама Вулін выказаўся пра тое, чаму Бялград ня ўводзіць санкцыі супраць Расеі.
«Хтосьці думае, што гэта адбудзецца?! А як паставіцца да гэтага Расея ці ўсе тыя краіны, якія зьяўляюцца нашымі сябрамі, якія не прызналі Косава і Мэтохіі або адклікалі сваё прызнаньне Косава і Мэтохіі? Наколькі паважалі б нас сябры, калі б убачылі, што мы грэбуем сваімі інтарэсамі перад варожай сілай? Хто будзе змагацца за нас, калі мы вырашылі не змагацца за сябе?
Кожнае пакаленне сэрбскіх палітыкаў чакала, што Расея скажа „не“, але кожнае пакаленьне сэрбскіх палітыкаў таксама чакала, што выжываньне Сэрбіі будзе залежаць ад расейскага „так“. Калі за сталом няма Расеі, няма і Сэрбіі. Экмечыч (сэрбскі гісторык Мілаад Экмечыч — заўвага РС.) вучыў нас, што ўся „сэрбафобія — гэта толькі галіна русафобіі“. Ніхто, хто любіў Расею, не ненавідзеў Сэрбію, але таму кожны, хто ненавідзеў Расею, ненавідзеў і Сэрбію.
Адносіны з Расеяй, Кітаем і іншымі свабоднымі краінамі, якія прымаюць нас без шантажу і ўмоў, — гэта будучыня Сэрбіі. Чаму мы павінны быць геаграфічна часткай любога альянсу? Дастаткова таго, што мы падзяляем перакананьні, эканоміку, бясьпеку і неабавязкова межы».