«Хто дасьць „палітычным“ зброю? Хоць за мужа магу не хвалявацца»
Тацяна (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) — маці студэнта аднаго са сталічных унівэрсытэтаў. Падчас пратэстаў бацька сям’і атрымліваў «суткі» за ўдзел у акцыях і быў звольнены зь дзяржаўнай працы.
«Сын таксама не прыхільнік улады, але ён патрыёт і вырашыў ня ехаць вучыцца за мяжу, заставацца на радзіме. Цяпер жа мне як маці страшна за сына, страшна за ягоную будучыню. Яшчэ больш напружаньня ў нас зьявілася, калі ўлады абвясьцілі, што закрыюць мяжу для хлопцаў прызыўнога ўзросту. Таму менавіта цяпер мы вырашылі мітусіцца, каб сын, пакуль можна яшчэ, паехаў вучыцца за мяжу», — расказала Тацяна.
Яна сутыкнулася з праблемай атрыманьня візы.
«Ноч прасядзела, каб запісацца на чаргу ў консульства. Але так і не змагла. Ведаю, што ёсьць пасярэднікі і яны бяруць немалыя грошы. Ну будзем шукаць варыянты. Бо тут заставацца сыну — не варыянт», — кажа беларуска.
На прадпрыемстве, куды пасьля звальненьня ўладкаваўся яе муж, улетку ўсе «годныя» мужчыны атрымалі позвы на вайсковыя зборы.
«Толькі муж не атрымаў. Усе надта дзівіліся, чаму так. Я думаю, таму, што ён меў пратакол і „суткі“ паводле 23.34. Хто такому дасьць у рукі зброю? Каб ён павярнуў яе ў другі бок? Таму хоць за мужа мне ня страшна, наўрад ці такіх „палітычных“ будуць прызываць ці на зборы, ці на мабілізацыю», — дадала Тацяна.
«Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, я адчула дзікі жах, бо ў мяне адзіны сын»
Алена (імя зьмененае. — РС) мае сына, якога ў траўні 2021 году адправілі на тэрміновую службу.
«Кожная маці мае страх і трывогу за сваіх дзяцей. А ў мяне сын адзіны, ён маё паветра, сэнс жыцьця. Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, я адчула ня проста страх за сына. Нават ня ведаю, як і апісаць. Дзікі жах. У мяне была гістэрыка, я рыдала ў прыбіральні на працы. Не магла ніяк супакоіцца, бо адчувала сваё бясьсільле. Добра, што сын быў на сувязі і сказаў, што ў іхнай частцы ўсё спакойна», — падзялілася Алена.
Яна кажа, што праз пэўны час ёй і іншым маці патэлефанаваў зампаліт — намесьнік па ідэалягічнай працы. Ён супакойваў маці і запэўніваў, што ніхто нікуды нікога не накіруе, што ўсе вайскоўцы ў частцы.
«Сын увесь час быў у частцы, хоць іншых камандзіравалі на мяжу з Украінай. Наконт мабілізацыі магу сказаць, што хваляваньні сярод усіх нас былі і будуць і нікуды ня дзенуцца. Усе пераймаюцца, і вельмі страшна ў сувязі з гэтай сытуацыяй», — дадала Алена.
«Сын трэці год ужо бегае ад ваенкамату»
Чуткі пра магчымую мабілізацыю ўнесьлі трывогу ў жыцьцё многіх жанчын.
«Я ў розных тэматычных групах удзельнічаю. І ў такіх, што да палітыкі ня маюць ніякага дачыненьня. Але пасьля абвяшчэньня ў Расеі мабілізацыі ўсе жанчыны пачалі хвалявацца — за сыноў, за мужоў. Адпраўляюць іх на мэдычныя дасьледаваньні, каб знайсьці якія хваробы і мець даведку на ўсялякі выпадак. Бяруць даведкі, што гадуюць дзяцей-інвалідаў ці зьяўляюцца шматдзетнымі. Такія людзі не падлягаюць удзелу ў вайсковых зборах. Людзі сталі цікавіцца заканадаўствам, вывучаць, каго могуць прызваць, каго — не. І такім чынам рыхтуюцца, зьбіраюць усе магчымыя даведкі», — расказала беларуска Марыя (імя зьмененае. — РС).
«Мой сын, скажу праўду, ужо тры гады бегае ад ваенкамату. Яго адлічылі з унівэрсытэту, і таму ваенкамат ім цікавіцца. Але сын ваенкамат ігнаруе проста, вось і ўсё. Жыве не па месцы рэгістрацыі, у іншым горадзе. Позвы яму прысылаюць, але ён па іх ня ходзіць. Пакуль ён удала пазьбягаў войска. Спадзяюся, так будзе і далей», — расказала Аксана (імя зьмененае. — РС).
«Не ісьці ж ім ваяваць за чужыя інтарэсы»
Маргарыта (імя зьмененае. — РС) нядаўна, у траўні, дачакалася сына з войска. Ён служыў у дэсанце. У пэрыяд вайны іх перакінулі на мяжу з Украінай, там яны жылі ў намётавым лягеры.
«Зразумела, было трывожна, але супакойвала тое, што сыну можна было тэлефанаваць мне. Кожны вечар ён званіў. Бязь нейкіх падрабязнасьцяў, але казаў, што ўсё добра. Мы далі яму інструкцыі, што калі „пагоняць“ на Ўкраіну, бяжы ў супрацьлеглы бок ці здавайся ў палон», — расказала Маргарыта.
Яна тэлефанавала камандзіру сына, пыталася, ці могуць дзяцей адправіць на вайну з Украінай.
«Ён мяне запэўніваў, і казаў пра гонар афіцэра, што такога няма і быць ня можа», — кажа беларуска.
Маці, якія трывожацца за сваіх сыноў цяпер, яна раіць «хаваць іх хоць куды».
«У нас што — мала закінутых вёсак, хат? Трэба проста не хадзіць у ваенкамат і „прыхаваць“ дзяцей, не ісьці ж ім ваяваць за чужыя інтарэсы», — дадала Маргарыта.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.