Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў падымаў тэму мабілізацыі ў Беларусі і абяцаў, што яе ня будзе. 4 кастрычніка ён зноў вярнуўся да гэтай тэмы і заявіў, што пасьля ўборачнай кампаніі «акуратна трэба прызваць у раёне людзей, паглядзець іх наяўнасьць і ўдакладніць сьпісы і дакумэнты ў ваенкаматах».
«Маім калегам было напляваць на вайну ва Ўкраіне, але як камісарыят запатрабаваў іх сьпісы, то пачалі хвалявацца»
Надзея (імя зьмененае. — РС) працуе ў адной з буйных дзяржаўных мэдычных устаноў. Кажа, што нядаўна вайсковы камісарыят запатрабаваў ад установы здаць сьпісы малодшага і сярэдняга мэдыцынскага пэрсаналу — санітарак і мэдсясьцёр.
«Для чаго тыя сьпісы, як заўсёды, ніхто не тлумачыў. Але мае калегі пачалі хвалявацца. Учора ім было напляваць на вайну ва Ўкраіне і яны горача падтрымлівалі Расею. Сёньня захваляваліся, што імі зацікавіўся камісарыят», — расказала Надзея.
Студэнтка аднаго з мэдычных унівэрсытэтаў паведаміла Свабодзе, што адміністрацыя ВНУ запатрабавала, каб на вайсковую катэдру зьявіліся тыя, хто мае вайсковы білет (то бок людзі зь сярэдняй мэдычнай адукацыяй і тыя, хто адслужыў), а таксама тыя, хто мае вайсковае прадпісаньне (хлопцы прызыўнога ўзросту).
«Сказалі, што перапішуць асабістыя зьвесткі. Куды далей гэтыя сьпісы пойдуць, невядома. Студэнты трохі захваляваліся ў сувязі з вайной ва Ўкраіне», — падзялілася студэнтка.
«Брат адслужыў у спэцназе і вярнуўся ў траўні дахаты. Цяпер яго выклікалі ў ваенкамат і забралі зноў служыць, прычым на мяжу з Украінай. Сказалі, на дзевяць дзён. Чаму, як — нічога не вядома», — распавёў чытач Свабоды.
«У нашым калгасе, хоць ён і называецца афіцыйна „камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства“, таксама пачалі перапісваць мужчын. Складалі сьпісы прыдатных і непрыдатных. Для чаго гэта робіцца, не тлумачылі», — паведаміў жыхар аднаго з раёнаў Гомельскай вобласьці.
Кіраўніцтва Ельскага выканкаму выяжджала недзе ў лес, каб павіншаваць са сьвятам вайскоўцаў. Як вынікае з афіцыйнага паведамленьня Ельскага выканкаму, у лесе ў палявым лягеры знаходзіліся вайскоўцы з 11 мэханізаванай брыгады. Але афіцыйнае месца дысьлякацыі гэтай брыгады — Слонім.
У чэрвені Міністэрства абароны паведамляла, што пасьля праверкі сіл рэагаваньня 11-я брыгада вярнулася ў месца сваёй дысьлякацыі ў Слонім.
«Цяпер для нашых уладаў галоўнае, каб людзі сядзелі ціха і не выступалі»
Пра магчымую мабілізацыю Свабода пагутарыла зь неаднаразовым удзельнікам баявых дзеяньняў у розных краінах Раманам (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС).
Ён лічыць, што складаньне сьпісаў для камісарыятаў наўрад ці сьведчыць пра падрыхтоўку да мабілізацыі.
«Гэта нармальная зьява, і лічу, што правільная. Уладам трэба палічыць, хто ёсьць у наяўнасьці. Бо была хваля міграцыі, людзі выехалі з краіны і не зьняліся з вайсковага ўліку. Нехта памёр, нехта пераехаў», — кажа Раман.
Ён не выключае, «тэарэтычна», што мабілізацыя ў Беларусі можа быць.
«Але ня так рэзка і ня так хутка, як у Расеі. Шчыра кажучы, я ня думаю, што яна будзе. Сёньня ўладам выгадней гаварыць, што ў нас магутная вайсковая падрыхтоўка», — лічыць былы вайсковец.
На ягоную думку, беларускія ўлады «ведаюць настроі людзей».
«У нас жа ўсе маці замёрлі з 24 лютага, а яно ўсё нагнятаецца. Мамы — магутны антываенны рэсурс, я так лічу. Даволі магутны пасыл быў з нагоды таго, што ў нас такое выдатнае войска, мы нікога не баімся, каб раптам зь нейкага перапуду пачаць тут мабілізацыю. Шмат чаго адбылося за апошнія два гады ў Беларусі. Абвясьціць мабілізацыю? Перажыўшы пратэсты з 2017 году „дармаедаў“ і пратэсты 2020-га? Яны ж разумеюць, што лепш, калі людзі сядзяць сабе ціха і таксама ціха ненавідзяць. Але прынамсі не выступаюць — для іх цяпер гэта галоўнае», — кажа Раман.
Ён лічыць, што расейцы пабягуць «і ўжо пабеглі» хавацца ў Беларусь.
«Так было ў чачэнскую кампанію, калі расейскія маці расьпіхвалі сваіх сыноў па ўсім былым СССР. І сюды, натуральна, яны паедуць і ўжо едуць. Калі будуць разумець, што ў Менску іх могуць прыхапіць, то паедуць па рэгіёнах. Будуць тут наймаць хаты», — дадаў былы вайсковец.