Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усьлед за ўвядзеньнем візаў для расейцаў Украіна можа ўвесьці візавы рэжым і зь Беларусьсю


Расейскі і беларускі пашпарты
Расейскі і беларускі пашпарты

Урад Ўкраіны неўзабаве разгледзіць такія прапановы.


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даручыў Кабінэту міністраў Украіны разгледзець пытаньне аб увядзеньні візавага рэжыму зь Беларусьсю.
Такія даручэньні ўкраінскі прэзыдэнт зрабіў пасьля таго, як пэтыцыю з такімі прапановамі, зарэгістраваную 4 ліпеня, падпісалі больш за 25 тысяч грамадзян.


Зяленскі таксама даручыў ураду «працягнуць адпаведную працу з улікам разьвіцьця сытуацыі, рэалізацыі захадаў у абароне нацыянальных інтарэсаў дзяржавы і яе грамадзян».

У адказе на пэтыцыю Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што трымае на кантролі захады па ўмацаваньні кантролю па перасячэньні мяжы Ўкраіны грамадзянамі Беларусі.

Пры гэтым украінскі прэзыдэнт адзначыў, што на мяжы зь Беларусьсю працуе толькі адзін пункт пропуску ў Валынскай вобласьці, а ўсе іншыя закрытыя на падставе рашэньня ўраду. Паводле яго, адзін пункт пропуску працуе ў абмежаваным рэжыме для пропуску «грамадзян Украіны, якія вяртаюцца на ўкраінскую тэрыторыю».

Сёлета з 1 ліпеня Ўкраіна ўвяла візавы рэжым з Расеяй.

Як улады Беларусі садзейнічаюць Расеі ў нападзе на Ўкраіну

24 лютага з тэрыторыі Беларусі на Кіеў і паўночныя вобласьці Ўкраіны пайшлі калёны расейскага войска. Масавыя ракетныя і авіяцыйныя абстрэлы Ўкраіны таксама адбываліся ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Беларусь дала Расеі для атакі на Ўкраіну свае палігоны і аэрадромы.

Аляксандар Лукашэнка выступіў на нарадзе ў пытаньнях бясьпекі раніцай 10 кастрычніка. Там ён заявіў аб прынятым сумесна з Пуціным рашэньні аб разгортваньні рэгіянальнай групоўкі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь.

Увечары 8 кастрычніка амбасадара Ўкраіны ў Менску Ігара Кізіма запрасілі ў МЗС Беларусі, каб уручыць яму дыпляматычную ноту. У ноце беларускі бок сьцьвярджае, што Ўкраіна плянуе напад на тэрыторыю Беларусі.

Украінскае МЗС адрэагавала на такія заявы. Там падкрэсьлілі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці і назвалі дзеяньні Менску «чарговымі інсінуацыямі рэжыму».

«Мы не выключаем, што ўручэньне дыпляматычнай ноты можа быць часткай пляну РФ па правакацыі і далейшым абвінавачаньні Ўкраіны. Мы заклікаем беларускі народ не паддавацца на правакацыі. Украіна ніколі не замахвалася на чужыя тэрыторыі. Мы строга прытрымліваемся фундамэнтальных нормаў і прынцыпаў міжнароднага права і Статуту ААН».

З 11 кастрычніка дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь пасьля заявы Лукашэнкі пачаў тэрміновую праверку Ўзброеных Сіл.

Праверка мае комплексны характар і ахоплівае найбольш важныя пытаньні праверкі гатоўнасьці да выкананьня задач па прызначэньні, заявілі ў Міністэрстве абароны. У ходзе праверкі вайсковыя часткі і падразьдзяленьні адпрацуюць пытаньні прывядзеньня ў баявую гатоўнасьць, правядзеньне маршу, разгортваньне ў прызначаных раёнах з выкананьнем вучэбна-баявых задач.

Антываенны рух у Беларусі

  • У лютым 2022 году ў Беларусі прайшлі пратэсты супраць расейскай ваеннай атакі на Ўкраіну і саўдзелу ў ёй уладаў Беларусі, сотні людзей былі затрыманыя.
  • Беларусы псавалі чыгуначнае абсталяваньне падчас перавозу расейсіх сіл па тэрыторыі сваёй краіны, частку ўдзельнікаў такіх дывэрсій сілавікі затрымалі у тым ліку з прымяненьнем зброі.
  • У сакавіку 2022 году Ціханоўская стварыла беларускі Антываенны рух.
  • Сярод іншага яна выказалася за дапамогу народу Ўкраіны, супраць якога Расея пачала поўнамаштабную вайну ў лютым 2022 году, асудзіла расейскую агрэсію і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».

Беларуска-ўкраінскія адносіны падчас вайны

  • Беларусь і Ўкраіна захоўваюць дыпляматычныя адносіны, хоць усе беларускія дыпляматы выехалі з Украіны, а МЗС Беларусі прымусіў закрыць кансулят Украіны ў Берасьці і скараціць штат амбасады ў Менску. У Менску працягвае працаваць украінскі амбасадар Ігар Кізім.
  • З пачатку расейскага ўварваньня ўлады Ўкраіны заблякавалі банкаўскія рахункі грамадзянам Беларусі, частка якіх уцяклі ва Ўкраіну ад крымінальнага перасьледу ў Беларусі пасьля фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў.
  • Улады Ўкраіны не прызналі легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта пасьля выбараў у жніўні 2020 году. Большасьць украінскіх СМІ называюць яго самаабвешчаным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Украіна не далучылася да санкцый, уведзеных краінамі Эўразьвязу супраць Аляксандра Лукашэнкі пасьля жорсткага разгону пратэстаў у жніўні 2020 году, а таксама да тых, што ўведзеныя ўжо ў сувязі з наданьнем Лукашэнкам беларускай тэрыторыі для расейскай агрэсіі.
  • Улады Ўкраіны не праводзілі афіцыйных сустрэч са Сьвятланай Ціханоўскай як дэмакратычным лідэрам Беларусі.
  • У Вярхоўнай Радзе дзейнічае дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь».
  • Сьвятлана Ціханоўская 10 кастрычніка на фоне заявы Лукашэнкі аб разгортваньні ваеннай групоўкі Саюзнай дзяржавы ў Беларусі зьвярнулася да прэзыдэнта Украіны Ўладзіміра Зяленскага і прапанавала ўстанавіць прамое супрацоўніцтва з беларускай апазыцыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG