Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 12 кастрычніка: Жыхару Астраўца прысудзілі 2 гады «хіміі» за абразу афіцэра ўнутраных войскаў


Міліцыянты. Ілюстрацыйнае фота
Міліцыянты. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

У судзе Астравецкага раёну 11 кастрычніка вынесьлі вырак Максіму Палянскаму паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады).

Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Багдановіч, паведамляе «Вясна». Дзяржаабвінаваўца — А. Юркойць.

Максіма Палянскага затрымалі 14 чэрвеня, пасьля чаго ў яго дома правялі вобшук і канфіскавалі мабільны тэлефон. 17 чэрвеня яго адпусьцілі пад асабістае паручальніцтва.

Максіма абвінавацілі ў абразе намесьніка камандуючага ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Хазалбека Атабекава. 17 лютага мужчына пакінуў камэнтар у тэлеграм-канале «Каратели Беларуси», у якім сярод іншага былі словы «М*дак редкостный».

Паводле заключэньня экспэрта, у камэнтары маецца «нэгатыўная ацэнка Атабекава Х. Б., якая мае ненарматыўную форму моўнага выразу».

11 кастрычніка судзьдзя пакараў Максіма 2 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (хімія).

Максым Палянскі мае вышэйшую адукацыю, працуе ў «Белэлектрамантажналадка», мае на ўтрыманьні непаўналетніх дзяцей.

Сужэнцаў-журналістаў Аляксандра Лычаўку і Сьняжану Інанец, імаверна, зьмясьцілі на «Валадарку»

Праз тыдзень пасьля затрыманьня сужэнцаў-журналістаў Аляксандра Лычаўкі і Сьняжаны Інанец іх сябрам удалося даведацца, што, мяркуючы па ўсім, пара знаходзіцца ў сталічным СІЗА № 1. Ім інкрымінуюць удзел у «масавых беспарадках», паведамляе БАЖ.

Пра затрыманьне ў Менску сужэнцаў Аляксандра Лычаўкі і Сьняжаны Інанец стала вядома 6 кастрычніка. На наступны дзень у адным з тэлеграм-каналаў, блізкім да ГУБАЗіК, зьявілася «пакаяльнае відэа». У кадры муж і жонка кажуць, што, былі падпісаныя на «дэструктыўныя каналы», у жніўні 2020 года ўдзельнічалі ў масавых акцыях пратэсту.

Нядаўна сябры затрыманых сужэнцаў-журналістаў у размове са службай маніторынгу БАЖ паведамілі, што пару вінавацяць паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса — «арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

Аляксандр Лычаўка супрацоўнічаў з выданьнем The Village, захапляўся краязнаўчай журналістыкай. Сьняжана Інанец працавала ў рэдакцыі інтэрнэт-рэсурса Onliner.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, на сёньня ў зьняволеньні знаходзяцца 33 супрацоўнікі мэдыяў.

Гамельчука асудзілі да двух гадоў калёніі за перасланыя ў прыватны чат паведамленьні

Праваабаронцам стала вядома, што яшчэ 10 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомля да 2 гадоў калёніі агульнага рэжыму асудзілі палітвязьня Яўгена Галіча. Згодна з рашэньнем судзьдзі Віктара Казачка, мужчына таксама мусіць выплаціць 5,5 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпелым.

7 кастрычніка Гомельскі абласны суд не задаволіў апэляцыйную скаргу Галіча.

Згодна з абвінавачаньнем, Яўген распаўсюджваў у інтэрнэце «заведама непраўдзівыя дадзеныя і паклёп» на начальніка ДАІ, кіраўнікоў гомельскага АМАПу і супрацоўніцу Гомельскага тэхнічнага ўнівэрсытэта імя Сухога. Усяго ў справе было шасьцёра пацярпелых.

Распаўсюд палягаў у тым, што Галіч пераслаў у прыватным паведамленьні два чужыя артыкулы, дапісаўшы ад сябе «Можам паўтарыць».

У судзе гэта палічылі заклікам да масавых акцый.

Палітвязьня асудзілі да 3 гадоў калёніі за камэнтар па «справе Зельцэра»

Магілёўскі абласны суд абвінаваціў Мацьвея Міцуру у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369КК) і распальваньні сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК).

Судзьдзя Ігар Зямцоў асудзіў палітзьняволенага да 3 гадоў калёніі і прызначыў штраф у памеры 100 базавых велічынь (3200 рублёў).

Акрамя таго, у мужчыны канфіскавалі айфон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG