«Цяпер Tribuna будзе пераходзіць на беларускую мову. Упершыню спартовае мэдыя загаворыць па-беларуску. Упершыню наагул у гісторыі краіны», — заявіў генэральны дырэктар і сузаснавальнік мэдыяхолдынгу Tribuna Digital Дзьмітры Навоша ў размове на YouTube-канале «Мне тоже не нравится».
Разам з тым ён падкрэсьліў, што выданьне ня будзе выключна беларускамоўным:
«Нават ва Ўкраіне Tribuna не перайшла толькі на ўкраінскую. Ёсьць і расейскамоўны кантэнт. Адказ просты: каб украінцы не чыталі расейскіх мэдыя».
На думку Навошы, «гетаізацыі» не адбудзецца, проста неабходна падтрымліваць і разьвіваць родную мову.
«Вельмі важна не заганяць сябе ў гета. Лукашэнка ўвесь час спрабуе загнаць нас у гета. Яны ўвесь час спрабуюць: змагары, паўпалякі і ўсякае такое. Важна адыходзіць ад гэтай пасткі. Але трэнд на адраджэньне беларускай мовы мне вельмі падабаецца», — дадаў заснавальнік «Трыбуны».
Сайт па нядзелях ужо некалькі месяцаў вядзе свае сацыяльныя сеткі на беларускай мове. Чытачы рэсурсу часта прасілі павялічыць колькасьць артыкулаў на беларускай мове.