Пра выклік пасла ў казаскі МЗС паведаміў партал Zakon.kz са спасылкай на прадстаўніка ведамства Айбека Смадыярава. У міністэрстве палічылі, што танальнасьць заяў прадстаўніцы расейскага МЗС Марыі Захаравай «дысануе з характарам саюзьніцкіх узаемаадносін Казахстану і Расеі як раўнапраўных стратэгічных партнэраў».
Раней у МЗС Казахстану казалі, што ўлады нібыта дамовіліся з Украінай аб прызначэньні новага амбасадара замест Урублеўскага.
4 кастрычніка ў МЗС Расеі выклікалі пасла Казахстану ў РФ, дзе заявілі яму «аб катэгарычнай непрымальнасьці разьвіцьця сытуацыі вакол пасла Ўкраіны ў Казахстане Пятра Ўрублеўскага». Прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава назвала ўкраінскага дыплямата «ваяўнічым русафобам» і паведаміла, што Расея яшчэ ў жніўні патрабавала ягонай высылкі. Захарава пасьмела назваць пасла Ўкраіны ў Казахстане «бандэраўскім эмісарам».
У жніўні амбасадар Украіны ў Казахстане Пятро Ўрублеўскі ў інтэрвію казаскаму блогеру Дыясу Кузаіраву сказаў:
«Чым больш мы заб’ём расейцаў зараз, тым менш давядзецца забіваць нашым дзецям». Пасьля гэтага МЗС Казахстану выказаў пратэст Урублеўскаму. У пачатку верасьня пасол папрасіў прабачэньня за сваё выказваньне, якое, паводле яго, «было прамоўлена на фоне павышанага эмацыйнага стану».
Пасьля гэтага Ўрублеўскі пакінуў Казахстан. Расейскія СМІ паведамілі, што на патрабаваньне ўладаў краіны, але ў Астане заявілі, што дыплямат зьехаў у адпачынак і яму не выстаўлялі патрабаваньняў аб выправаджэньні.
Да прызначэньня амбасадарам Украіны ў Астане ў 2020 годзе Пятро Ўрублеўскі працаваў у амбасадзе Ўкраіны ў Менску.