Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і іншыя краіны АДКБ ня будуць ваяваць за Расею ва Ўкраіне, — меркаваньне экспэрта


Станіслаў Зась, Нікол Пашыньян, Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка, Садыр Жапараў, Эмамалі Рахмон
Станіслаў Зась, Нікол Пашыньян, Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка, Садыр Жапараў, Эмамалі Рахмон

Ці падтрымаюць дзяржавы АДКБ Маскву і ці будуць ваяваць разам з Расеяй за тэрыторыі Ўкраіны, якія Расея анэксавала? Ці ёсьць верагоднасьць таго, што Захад хутка задаволіць просьбу прэзыдэнта Ўкраіны аб фарсаваным прыняцьці краіны ў NATO? Якая імавернасьць ператварэньня цяперашняй вайны ў ядзерную?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс.

Сьцісла

  • Краіны АДКБ ня стануць на абарону Расеі ва Ўкраіне, нават калі РФ абвесьціць сябе ахвярай украінскай агрэсіі.
  • Абсалютызацыя стратэгічнай адзіноты прывяла да таго, што рэальных саюзьнікаў у Расеі няма.
  • Лукашэнка будзе спрабаваць да апошняга супраціўляцца ціску Крамля, каб не пасылаць свае войскі ва Ўкраіну.
  • Не выпадае разьлічваць на хуткае прыняцьцё Ўкраіны ў NATO, але прапанова Зяленскага аб паскораным уступленьні ў альянс пераводзіць дыскусію ў практычную плашчыню.
  • Магчымасьці неваеннага адказу Захаду на ядзерны ўдар па Ўкраіне настолькі вялікія, што мы іх нават не ўяўляем.
  • Я мяркую, што зараз амэрыканская дыпляматыя працуе з Кітаем і Індыяй, каб далучыць і іх да дыпляматычнага ціску на Расею дзеля прадухіленьня ўжываньня ядзернай зброі.

— Ці рэалістычная такая схема: Расея абвяшчае 4 вобласьці Ўкраіны сваёй тэрыторыяй, украінцы вядуць баявыя дзеяньні па іх дэакупацыі, Расея абвяшчае сябе ахвярай агрэсіі і патрабуе ад дзяржаў-чальцоў АДКБ падтрымаць яе вайсковай сілай?

Аркадзь Мошэс
Аркадзь Мошэс

— Я ня думаю, што гэта адбудзецца. Гэта было б вельмі нявыгадным для Расеі і прывяло б АДКБ на мяжу крызісу і развалу. З трох прычын.

Усе краіны АДКБ, акрамя Расеі, працягваюць прызнаваць Украіну ў межах 1991 году. Ніводная з гэтых краін не прызнала нават уваходжаньня Крыму ў склад РФ. Лукашэнка пэўны час таму заявіў, што ён нарэшце прызнае прыналежнасьць Крыму Расеі, але канстытуцыйная працэдура не была праведзеная. І менавіта таму Ўкраіна і Беларусь захоўваюць дыпляматычныя адносіны.

Краіны АДКБ, будучы постсавецкімі краінамі, проста ня могуць пагадзіцца на перагляд межаў 1991 году, тым больш — ваяваць за гэта. Гэта непрымальна і небясьпечна для ўсіх, але ў першую чаргу — для Казахстану, з улікам заяваў, якія пэрыядычна гучаць з Масквы адносна паўночных рэгіёнаў краіны.

Паколькі ўсе краіны АДКБ, акрамя Расеі, працягваюць прызнаваць Украіну і Расею ў межах 1991 году, то ня будзе ніякага аўтаматызму ў іх дзеяньнях па дапамозе Расеі ў яе абароне сваіх новых тэрыторыяў.

Другі аспэкт — палітыка-прававы. Артыкул 4 дамовы АДКБ сфармуляваны максымальна няпэўна. Там напісана, што дапамогу краіне, якая аб ёй папросіць, «прадаставяць». Відаць, мяркуецца, што краіна, якая робіць запыт аб дапамозе, вызначае, якая дапамога ёй патрэбная. На практыцы гэтага не адбываецца. Няма дакладных мэханізмаў наданьня гэтай дапамогі, у тым ліку і вайсковай.

Менавіта таму Армэнія не атрымала ніякай дапамогі і менавіта таму яна пагражае, што разгледзіць пытаньне аб выхадзе з АДКБ. Бо мэханізму наданьня дапамогі няма, а гэта значыць, што ўсе, хто ня хоча яе надаваць, знойдуць для сябе лазейкі.

І трэці момант — тое, што ніхто з чальцоў АДКБ не гарыць жаданьнем даць Расеі гэтую дапамогу. А прымусіць іх у Расеі зараз няма дастаткова сродкаў.

Расея апынулася ў сытуацыі, да якой яна сама сябе падштурхоўвала ўсе апошнія гады. Яна абсалютызавала сувэрэнітэт, яна казала, што саюзьнікі ёй непатрэбныя.

Сам Пуцін у свой час казаў: дзякуй Богу, што мы не ўваходзім ні ў якія саюзы. Гэта фактычна было ня так. Але гэтая абсалютызацыя сваёй стратэгічнай адзіноты і прывяла да таго, што рэальных саюзьнікаў у Расеі няма.

Мы хутка гэта ўбачым на галасаваньні ў ААН. Папярэдняе галасаваньне 2 сакавіка паказала, што Расею падтрымалі КНДР, Сырыя і Эрытрэя. І плюс Беларусь, якая ў рэзалюцыі была названая дзяржавай-агрэсарам.

Нешта мне падказвае, што саюзьнікі Расеі і цяпер падчас галасаваньня ў ААН альбо ўстрымаюцца, альбо ня будуць галасаваць.

— Але Беларусь — гэта асобны выпадак. Днямі адбыўся дзіўны візыт Лукашэнкі ў Абхазію, якую Беларусь не прызнавала з 2008 году. Дасьледная група «Беларускі гаюн» паведамляе, што беларуская чыгунка падрыхтаваная для перавозкі велізарных вайсковых грузаў з Расеі.

Залежнасьць Беларусі ад Расеі вядомая, зь беларускай тэрыторыі ва Ўкраіну працягваюць ляцець расейскія ракеты. Ці прымусяць Лукашэнку — юрыдычна ці не — уступіць у вайну сваёй арміяй?

— Я згодны, што Беларусь — гэта асобны выпадак. І не з прычыны існаваньня «саюзнай дзяржавы». Гэтыя адносіны і да 2020 году былі вельмі своеасаблівыя, а ўжо пасьля 2020 году сталі своеасаблівымі і пагатоў.

Беларусь ужо ўдзельнічае ў гэтай вайне. Паводле вызначэньня агрэсіі, дадзенага ААН, даць скарыстаць сваю тэрыторыю другой краіне для нападу на трэцюю — гэта ўжо агрэсія.

Беларусь можа зноў даць сваю тэрыторыю і вайсковую інфраструктуру для чарговага вітка эскаляцыі. Гэтага можна чакаць і варта асьцерагацца. Але гэта для рэжыму Лукашэнкі нічога не мяняе.

Сытуацыю памяняла б, калі б беларускія войскі пад сваімі сьцягамі перасеклі ўкраінскую мяжу. Але мяркую, што Лукашэнка дастаткова вопытны палітык і інтрыган. Ён разумее, што на краі бездані яму трэба трымацца сінімі пальцамі, каб не сарвацца ў гэтую бездань.

Менск робіць спробы так ці інакш аднаўляць адносіны з Захадам. Мы бачылі гэта па дзеяньнях Уладзімера Макея ў ААН. Гэта ня вельмі атрымліваецца. Але я мяркую, што Лукашэнка будзе спрабаваць да апошняга не паслаць свае войскі ў Украіну.

І мне здаецца, што шанцы ўхіліцца ад гэтага ў яго большыя, чым былі ўвесну.

— Што азначае візыт Лукашэнкі ў Абхазію?

— Калі б гэтае прызнаньне адбылося ў 2008 ці ў 2009 годзе, гэта мела б адзін рэзананс. Сёньня ёсьць паўпрызнаньне, канстытуцыйная працэдура прызнаньня не праведзеная.

Ці варта чакаць прызнаньня ўваходжаньня ў склад Расеі новых тэрыторыяў? Мяркую, што мы ізноў пачуем «казку пра белага бычка»: маўляў, з фактычным кантролем не лічыцца нельга, але юрыдычна мы разгледзім, прааналізуем і г.д.

Я не магу сказаць адназначнае «не», што гэтага не адбудзецца. Але мне гэта не падаецца вельмі імаверным. Найперш таму, што гэта ня надта трэба самой Расеі.

Калі б за Беларусьсю пачаўся парад прызнаньняў хаця б з боку постсавецкіх дзяржаваў, тады б мела сэнс даціскаць Лукашэнку. Калі Лукашэнка гэта зробіць, але за ім ніхто больш прызнаваць ня будзе — гэта стане чарговай падставай для жартаў.

— А ці ня можа Масква прымусіць прызнаць сваю анэксію Армэнію і Таджыкістан? Яны таксама вельмі залежныя ад Расеі, там разьмешчаныя расейскія вайсковыя базы.

— Вельмі складана. Бо даціскаць трэба ўсіх і адначасна. Дыпляматычныя, вайсковыя і эканамічныя рэсурсы Расеі не бясконцыя, і для яе нерацыянальна ўжываць іх для дасягненьня непершачарговай мэты.

Ёй важна ўтрымаць кантроль над гэтымі тэрыторыямі. Яна можа яго і не ўтрымаць. А прызнаньне іх далучэньня некім для яе не настолькі важнае.

Мне гэта ўяўляецца малаімаверным. Але калі б атрымалася даціснуць Армэнію і Таджыкістан, гэта нічога не мяняе. Памяняла б прызнаньне такіх краінаў, як Азэрбайджан і Казахстан.

Прызнаньне з боку Ерэвана і Душанбэ пагоршыць іх міжнароднае становішча, але мала што дасьць Расеі.

— Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі афіцыйна зьвярнуўся ў NATO з просьбай прыняць яго краіну ў альянс паводле паскоранай працэдуры. Лідэры 9 дзяржаваў альянсу выказаліся станоўча на прапанову Зяленскага, адмоўна ня выказаўся ніхто з астатніх 21-й. Як вы ацэньваеце пэрспэктывы рэалізацыі гэтай ініцыятывы?

— Я мяркую, што не выпадае разьлічваць на ўступленьне Ўкраіны ў альянс паводле паскоранай працэдуры, пра якую мне нічога не вядома. Шэраг буйных эўрапейскіх дзяржаваў у цяперашняй сытуацыі вайны на гэта ня пойдуць. Але ў залежнасьці ад сытуацыі на тэатры ваенных дзеяньняў ня сёньня, але праз год-два можна будзе гаварыць пра нейкія варыянты.

Калі пачнуцца перамовы пра нейкую адмысловую працэдуру прыняцьця, Украіне гэта ўжо будзе карысна.

Да пачатку вайны ўсім было зразумела, што ніводная з постсавецкіх краін ня мае ніякіх шанцаў на ўступленьне ані ў NATO, ані ў ЭЗ. Існавала мэнтальная мапа, на якой была пазначаная прастора эўраатлянтычнай інтэграцыі і постсавецкай інтэграцыі. І паміж імі існаваў высокі і тоўсты мур. Лічылася, што рух у кірунку Эўропы любой постсавецкай краіны прывядзе да канфлікту з Расеяй і выкліча канфлікт Расеі з Захадам, што лічылася недапушчальным.

Чэрвеньскае рашэньне ЭЗ даць статус кандыдатаў у Зьвяз Украіне і Малдове гэтую мэнтальную мапу мяняе цалкам. Украіна не абавязкова ў бліжэйшы час уступіць у ЭЗ, яна можа паўтарыць цяжкі шлях балканскіх краінаў, які нікуды не вядзе.

Але наданьне Ўкраіне афіцыйнага статусу кандыдата ў чальцы ЭЗ памяняла сытуацыю кардынальна.

Што тычыцца NATO, то пераход дыскусіі ад абсалютна абстрактных фармулёвак Бухарэсцкага саміту альянсу 2008 году да абмеркаваньня практычных пытаньняў, як і калі Ўкраіна можа быць прынятая ў NATO, — гэта ўжо істотны крок наперад.

Украінцы пайшлі на рызыкоўны крок, які Бэрлін, напрыклад, будзе хутчэй раздражняць, чым радаваць. Але яны ведаюць, што робяць, яны хочуць пераводу дыскусіі ў практычную плашчыню.

— Уладзімір Пуцін ва ўсіх сваіх апошніх прамовах пагражае ўжываньнем ядзернай зброі. Паводле вашага прагнозу, ці будзе рэалізаваная гэтая пагроза?

— Я не вайсковы экспэрт. Але што да ўжываньня ядзернай зброі, то выключаць нельга нічога. Мы занадта доўга зыходзілі з таго, што немагчымая вялікая вайна ў Эўропе, якая закранае Расею і мяняе сутнасьць эканамічных адносін паміж ёю і Захадам.

Мы зрабілі шмат памылковых прагнозаў, зыходзячы з таго, што нешта настолькі жахлівае і дурное, што яно ня можа адбыцца.

Калі Расея будзе працягваць цярпець паразы на фронце, то гэта істотна падвысіць імавернасьць выкарыстаньня тактычнай ядзернай зброі.

І тым ня менш я думаю, што мы пакуль яшчэ ня там.

Рашэньне аб ужываньні ядзернай зброі — рашэньне прынцыпова іншага парадку, чым, скажам, рашэньне аб мабілізацыі. Як мы бачым, рашэньне аб мабілізацыі адкладалася на многія месяцы.

Ці гатовы Пуцін на гэта пайсьці? Магчыма. Ці ведае ён, якія будуць наступствы? Мяркую, што сёе-тое ведае лепш за нас.

Магчымасьці неваеннага адказу Захаду на ядзерны ўдар па Ўкраіне настолькі вялікія, што мы іх нават сабе не ўяўляем.

— Неваеннага ці няядзернага адказу?

— Неваеннага. Я ня бачу магчымасьці ўступленьня краінаў NATO ў вайну шляхам пасылкі войскаў на фронт ці нанясеньня ўдараў па расейскіх аб’ектах. Але забесьпячэньне Ўкраіны новымі, іншымі тыпамі ўзбраеньняў, іншая санкцыйная палітыка — гэта ўсё магчыма.

Пуцін пэўны час таму бравіраваў, маўляў, мы яшчэ не пачыналі. Ён зараз спрабуе ўкласьці ў гэтыя словы сэнс. Дык вось, заходняя санкцыйная палітыка яшчэ не пачыналася.

Расея можа аказацца цалкам ізаляванай ад чаго б там ні было. Тады артыкулы пра тое, што трэба ўдарыць па Амэрыцы ядзернай зброяй, будуць зьяўляцца часьцей. Але з тупіку ўзаемнага гарантаванага зьнішчэньня мы высьлізнуць ня можам.

Да заходняга адказу на ўжываньне ядзернай зброі можа ў пэўных умовах далучыцца і Кітай. У нас няма ніякіх падставаў лічыць, што Кітай гатовы разам з Расеяй загінуць у ядзернай вайне. Калі Пэкін далучыцца да палітыкі стрымліваньня Расеі, гэта будзе зусім іншая сытуацыя.

Я мяркую, што зараз амэрыканская дыпляматыя працуе з Кітаем і Індыяй, каб далучыць і іх да дыпляматычнага ціску на Расею дзеля прадухіленьня ўжываньня ядзернай зброі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG