Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Казахстан дыстанцыюецца ад Расеі. У 10 прыкладах


Антываенны пратэст ў Алматыю 6 сакавіка 2022
Антываенны пратэст ў Алматыю 6 сакавіка 2022

З пачатку вайны многія постсавецкія краіны па-іншаму паглядзелі на Расею. Аднак некаторыя зь іх вырашылі ісьці сваім шляхам значна раней. Глядзім, як Казахстан паступова выходзіць з-пад расейскага ўплыву.

2017–2019 год. Пераход на лацінку

У ліпені 2019 году ўлады Казахстану вырашылі адысьці ад кірыліцы і перайсьці на лацінскі альфабэт.

У 2017 годзе тагачасны прэзыдэнт краіны Нурсултан Назарбаеў падпісаў указ аб пераводзе казаскага пісьменства з кірыліцы на лацінку. У выніковай вэрсіі казаскага алфавіту на аснове лацінскай графікі — 32 літары і спалучэньні літар, прычым 8 зь іх перадаюць гукі, якія сустракаюцца толькі ў казаскай мове.

Новы прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў назваў пераход на лацінку важным этапам «духоўнай мадэрнізацыі», адзначыўшы, што «90 працэнтаў інфармацыі ў сьвеце публікуецца на лацінскім альфабэце».

Цяпер гэты працэс зацягнуўся, плянуецца, што новы альфабэт увядуць у 2023–2031 гадах.

2020 год. «Няма плянаў далучацца да „саюзнай дзяржавы“»

Беларускія і расейскія чыноўнікі часта кажуць, што «саюзная дзяржава» будзе пашырацца. У чэрвені 2020 году прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што Казахстан не зьбіраецца далучацца да «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.

Прэзыдэнт Казахстану тады дадаў, што Казахстан і так супрацоўнічае з Расеяй і Беларусьсю ў межах СНД, ЭАЭС і АДКБ.

2021 год. Шыльды і мэню на казаскай мове

Увосень мінулага году ў Казахстане прынялі папраўкі ў законапраект аб візуальнай інфармацыі. Згодна зь ім шыльды, мэню, цэньнікі і паказальнікі павінны быць на казаскай мове. На расейскай мове шыльды таксама могуць быць, але пры неабходнасьці.

Сакавік 2022-га. Вайну не асудзілі, але і не падтрымалі

2 сакавіка ў ААН Казахстан устрымаўся ад галасаваньня па рэзалюцыі, якая асуджае агрэсію Расеі супраць Украіны.

Праз тыдзень пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў заклікаў бакі да «пошуку кампрамісаў».

6 сакавіка ў Алматы ўлады ўзгаднілі антываенны мітынг, які сабраў ад паўтары да некалькіх тысяч удзельнікаў.

Сакавік 2022-га. Два званкі з Кіевам

Пасьля пачатку вайны 3 сакавіка 2022 году Такаеў стэлефаноўваўся з Уладзімірам Зяленскім. Тады прэзыдэнты дамовіліся супрацоўнічаць у гуманітарных пытаньнях. Таксама тэлефанаваньне адбылося ўжо ў ліпені гэтага году. Тады Зяленскі падзякаваў Такаеву за пазыцыю ў непрызнаньні ДНР і ЛНР.

Красавік 2022. «Казахстан ня будзе дапамагаць абыходзіць санкцыі»

У красавіку намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Казахстану Цімур Сулейманаў заявіў, што Казахстан ня будзе дапамагаць Расеі абыходзіць эўрапейскія і амэрыканскія санкцыі.

Ён дадаў, што ў Казахстане вайну ва Ўкраіне называюць «вайной», бо ў краіне «няма праблем называць рэчы сваімі імёнамі».

Травень 2022-га. Адмова ад параду на 9 траўня

Вайсковыя парады на 9 траўня ў Казахстане не праводзіліся з 2019 году. У 2020–2021 гадах іх адмянялі ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Сёлета парад вырашылі не праводзіць «у сувязі з эканоміяй сродкаў».

Чэрвень 2022-га. Такаеў назваў ДНР і ЛНР квазідзяржавамі

У чэрвені падчас эканамічнага форуму ў Санкт-Пецярбургу прэзыдэнт Казахстану Такаеў заявіў, што ягоная краіна наўрад ці прызнае ДНР і ЛНР, і назваў іх «квазідзяржавамі».

Жнівень 2022-га. Для першаклясьнікаў — толькі казаская мова

У гэтым навучальным годзе казаскія першаклясьнікі будуць вучыць у першай клясе толькі дзяржаўную — казаскую мову. У клясах з расейскай мовай навучаньня будуць вучыць і казаскую, і расейскую мовы.

Расейскую школьнікі будуць вывучаць з другой клясы, ангельскую — з трэцяй.

Верасень 2022-га. Без крымінальнай справы ня будуць выдаваць мабілізаваных

Казахстан ня выдасьць Расеі яе суграмадзян, якіх у сувязі з мабілізацыяй шукаюць вайсковыя камісарыяты, пакуль на іх няма крымінальнай справы. Пра гэта на брыфінгу 27 верасьня заявіў міністар унутраных спраў Казахстану Марат Ахметжанаў.

Кіраўнік МУС заявіў, што ў Казахстану з Расеяй ёсьць дамоўныя адносіны па аказаньні прававой дапамогі, па абмене асуджанымі і экстрадыцыі злачынцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG